Легенды Вялікага Княства — 2

Легенды Вялікага Княства — другі зборны альбом выйшаў у 2004 годзе пад назвай «Старажытная зямля». Гістарычная музыка Беларусі. Архаіка — СярэднявеччаРэнэсансБарока.

Аўтар праекту: Арына Вячорка. Дызайн і мастэрынг: Уладзімер Давыдоўскі. Над альбомам таксама працавалі: В. Бяляеў, В. Кісьцень, Зьміцер Сасноўскі, Алесь Жура, А. Глушко, В. Дадзіёмава, Л. Салавей.

Праект гістарычнай музыкі «Старажытная зямля» зьяўляецца працягам праекту «Легенды Вялікага Княства», створанага ў 2000 годзе. У ім удзельнічаюць больш за дзесяць гуртоў і выканаўцаў з розных куткоў Беларусі (Менск, Полацак, Віцебск, Мазыр, Пінск, Баранавічы). Ён прэзэнтуе гісторыю беларускай музыкі ў розных яе жанрах, раскрывае творчасьць беларускіх гуртоў і выканаўцаў, якія працуюць у гэтай галіне.

Архаізаваны беларускі фальклёр агучаны ў лірніцкай песьні «Гаўрыла», у карагодзе «Мядуніца», у міталягічнай балядзе «Конь з арлом», гістарычных песьнях «Дунаю-Дунаю», «Песьня а князю Вітаўце», вайсковай песьні «Дубровачка». Выкананьне мэлёдыяў на копіях сярэднявечных інструмэнтаў яскрава ажыўляе музычную культуру вуліцаў і гарадоў Беларусі эпохі ВКЛ. Варган (дрымба), гусьлі (псалтыр), гатычная арфа, лютня, арганы, званы — рэдкія музычныя інструмэнты, якія былі папулярныя менавіта ў Сярэднявеччы. У часы Рэнэсансу ў Беларусі працавалі шмат якія вядомыя замежныя кампазытары. Амаль усе яны прадстаўлены ў «Легендах» — К. Клябан, В. Длугарай, В. Бакфарк, П. Жаліхоўскі, Д. Като. Гісторыя кожнага кампазытара — гэта ўнікальная старонка вялікакняскага двара ў Вільні й Горадні.

  1. «Сьвяты Гаўрыла». Лірніцкая (старацкая) песьня. А. Лось (ліра й сьпеў) (1:59)
  2. «Конь з арлом». Баляда. Гурт «Княжыч» (1:05)
  3. «Журавель». Татэмічны танец. «Капэля А. Лася» (2:05)
  4. «Мядуніца». Карагод. Гурт Guda (1:06)
  5. «Найгрыш». А. Бурнасенка (варган) (1:12)
  6. «Дунаю-Дунаю». Баляда (XVI стагодзьдзе) Гурт «Кудзьмень» (1:30)
  7. «Найгрыш». В. Грынь (парныя дудкі) (0:35)
  8. «Дубровачка». Вайсковая песьня. Гурт «Кудзьмень» (3:33)
  9. «Таўкачыкі». Танец-спаборніцтва. «Капэля А. Лася» (3:01)
  10. «Пахвала Вітаўту». Гістарычная песьня. Гурт «Стары Ольса» (2:14)
  11. «Польскі танец». Табулатура Вайзэліюса (1592). Гурт Lituus (2:13)
  12. «Куранта». Якуб Полак (1545—1605). Гурт Lituus (2:15)
  13. «Прывітальны танец». «Полацкі сшытак» (XVI—XVII ст.) Гурт «Стары Ольса» (1:53)
  14. «Танец». В. Длугарай (155?—1619) (1:10)
  15. «Кант». Зборнік «Куранты» (XVII стагодзьдзе) А. Галіч (вакал) і В. Емяльянчык (вакал) (2:15)
  16. «Тарантэла». «Полацкі сшытак» (XVI—XVII ст.) Гурт Lituus (2:39)
  17. «Фантазія». В. Бакфарк (1506/1507—1576), Ю. Дубнавіцкі (лютня) (3:30)
  18. «Пачуйце ўсе краі». Каранацыйны гімн. К. Клябан (1550—1616). Хор «Фона Бона» (0:59)
  19. «Трыумфуйце». К. Клябан (1550—1616). Хор «Фона Бона» (0:33)
  20. «Фантазія». П. Жаліхоўскі, «Полацкі сшытак» (XVI—XVII ст.), В. Кісьцень (арганы) (2:08)
  21. «Надпіс над труной зацнай каралевы Барбары». Ананім (XVI стагодзьдзе), Т. Рэмез (вакал), В. Кісьцень (арганы) (2:36)
  22. «Нова радасьць стала». Калядны кант (XVI стагодзьдзе). Хор «Покліч» (Пінск) (1:35)
  23. «Гальярда». Віленскі сшытак (XVI стагодзьдзе). Гурт «Стары Ольса». Сола на лютні — Ільля Кубліцкі. (2:13)