Леанід Тышко
Леанід Барысавіч Тышко (9 лістапада 1945, Берасьце) — беларускі музыка, паэт, артыст вакальна-інструмэнтальнага ансамбля «Песьняры» (бас-гітара, бэк-вакал, вершы, 1968—1981), адзін з заснавальнікаў айчыннай школы ігры на бас-гітары. Заслужаны артыст БССР.
Леанід Тышко | |
Леанід Барысавіч Тышко | |
Дата нараджэньня | 9 лістапада 1945 (79 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Грамадзянства | СССР Беларусь Ізраіль |
Месца вучобы | |
Прафэсія | музыка |
Жанры | фольк-рок |
Інструмэнты | бас-гітара |
Гурты | Лявоны, Песьняры |
Узнагароды |
У 1964 скончыў музычную вучэльню ў Берасьці па клясе домры.
Службу ў шэрагах Савецкай арміі праходзіў ва Ўруччы разам з будучымі музыкамі «Песьняроў» Уладзімерам Мулявіным і Валерам Яшкіным. Затым разам зь імі працаваў у філярмоніі ў Менску, дзе былі інструмэнталістамі, потым сталі акампануючай групай у жаночым ансамблі «Лявонiха». У 1968 увайшоў у склад ВІА «Лявоны». У 1970 годзе менавіта бас-гітарыст Леанід Тышко прапанаваў зьмяніць назву ансамбля «Лявоны» на новую — «Песьняры».
У сакавіку 1981, пасьля вялікіх гастроляў па Лацінскай Амэрыцы і ўзьніклых там непаразуменьняў, добраахвотна пакінуў «Песьняры». Стаў другім музыкам з «залатога складу» ансамбля, які пакінуў групу на вяршыні яго посьпеху. 8 гадоў разам з родным братам Эдуардам Тышко граў у рэстаранах гасьцініцы «Юбілейная» і «Каменный цветок» у Менску, яшчэ некалькі гадоў займаўся выкладчыцкай дзейнасьцю, а затым пакінуў Беларусь.
З 1991 разам з другой жонкай і сынам жыве ў Ізраілі ў г. Хайфа, па-ранейшаму піша вершы, час ад часу прыязджае на Бацькаўшчыну. Разам з жонкай спрабуе атрымаць пэнсію ў Беларусі, аднак ня можа яе дамагчыся, бо ў 1991 у іх забралі беларускае грамадзянства. У 2009 на запрашэньне Ўладзіслава Місевіча Леанід Тышко выступіў з «Беларускімі Песьнярамі» ў Палацы Рэспублікі, прыняў удзел у юбілейным канцэрце на фэсьце «Залаты шлягер» у Магілёве.