Лазянко́ўскі мост (па-польску: Most Łazienkowski) — пяціпралётны стальны аўтамабільны мост праз Віслу ў Варшаве. Пабудова мае 423 м у даўжыню і 28 м у шырыню. На мосьце існуюць па тры паласы для руху ў кожным кірунку і ходнікі для пешаходаў. Назва зьвязана з паркам Лазенкі і Лазянкоўскім палацам, якія знаходзіцца на паўднёвы захад ад моста.

Лазянкоўскі мост

Генэральны плян Варшавы, які прадугледжваў будаўніцтва Лазянкоўскага моста быў зацьверджаны ў 1960-х гадах. Праект моста быў распрацаваны брыгадай інжынэраў бюро «Транспраект» пад кіраўніцтвам Ежы Мазура. Будаўніцтва вялося з 1971 па 1974 год. Афіцыйнае адкрыцьцё адбылося 22 ліпеня 1974 году ў Дзень адраджэньня Польшчы, пра што сьведчыць бронзавая мэмарыяльная дошка, усталяваная на паўднёвай балюстрадзе[1]. Мост стаў працягам алеі Народнай Арміі і ўвайшоў у склад новай Лазянкоўскай трасы.

З 1981 да 1998 год ён называўся «Лазянкоўскі мост імя генэрала Зыгмунта Бэрлінга» ў гонар польскага военачальніка, удзельніка Другой сусьветнай вайны, але гэтая назва практычна не выкарыстоўвалася.

Пасьля адкрыцьця мост неаднаразова падвяргаўся рамонту. У 1975 годзе на мосьце адбыўся першы пажар. Найбуйнейшы пажар адбыўся 14 лютага 2015 году — гарэлі дошкі, дэмантаваныя з тэхнічнага памоста. З-за пашкоджаньняў канструкцый маста (якія патрабавалі замены) ён быў закрыты на некалькі месяцаў на рэканструкцыю. Паўторнае адкрыцьцё моста адбылося 28 кастрычніка 2015 году[2].

Аўтамабільны рух на мосьце досыць інтэнсіўны. У сярэднім па ім праяжджае 117 752 аўтамабіляў за дзень (паводле зьвестак 2015 году)[3].

  1. ^ Stanisław Ciepłowski: Napisy pamiątkowe w Warszawie XVII—XX w.. Warszawa: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1987, s. 34. ISBN 83-01-06109-X.
  2. ^ Most Łazienkowski otwarty. «Gazeta Wyborcza», s. 4, 29 października 2015.
  3. ^ Tysiące pojazdów na mostach. Gdzie najwięcej?

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Лазянкоўскі мостсховішча мультымэдыйных матэрыялаў