Кнігі Царстваў (Скарына)
Кнігі Царстваў («Книги царьствь») — праскае выданьне Скарыны, якое выйшла ў сьвет 10 жніўня 1518 году.
Кнігі Царстваў | |
Гравюра з чацьвёртай Кнігі Царстваў | |
Аўтар: | Францішак Скарына |
---|---|
Мова арыгіналу: | беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы[1] |
Публікацыя: | 10 жніўня 1518 |
Колькасьць старонак: | 242 аркушы |
Зьмест кнігі
рэдагавацьВыданьне адкрываецца тытульным лістом з гравюрай і назвай кнігі («Книги первыи царьствъ починаються. Зуполне выложены на руський языкъ докторомъ Франъцискомъ Скорининымъ сыномъ изъ с славнаго града Полоцька. Богу ко чти и людемъ посполитымъ к научению»). На першым аркушы даецца «Предисловие доктора Франъциска Скорины въ книги царъствъ», а на адвароце 4-га аркуша «Сказание въ первыи книги царъствъ», у якім пералічваюцца асноўныя падзеі кнігі («о цартвовании Саулове и о битвах его с филистымляне», «како Давид убил Голиафа»). На аркушах 6—64 надрукаваны тэкст 31 разьдзелаў Першай кнігі Царстваў, пасьля якога даецца пасьляслоўе. На аркушы 65 зьмешчаны тытульны ліст з гравюрай, тэкстам («Вторыи книги царьствъ починаються. Зуполне выложены на руський языкъ докторомъ Францискомъ Скорининымъ сыном с Полоцька») і прадмовай. На аркуш 66 — 117-м даецца тэкст 25 разьдзелаў Другой кнігі Царстваў, на аркушы 118-м — пасьляслоўе. На 119-м аркушы надрукаваны тытульны ліст з гравюрай і тэкстам («Третии книги царьствъ починаються. Зуполне выложены на руський языкъ докторомъ Францискомъ Скорининымъ сыномъ с Полоцька»), пасьля ідзе прадмова. На аркушах 120—182 зьмешчаны тэкст 22 разьдзелаў Трэцяй кнігі Царстваў, у канцы пасьляслоўе. На 183-м аркушы даецца тутыльны ліст з гравюрай і тэкстам («Книги четвертыи царьств починаються. Зуполне выложены на руський языкъ докторомъ Францискомъ Скорининымъ сыномъ с Полоцька»). У наступнай прадмове да кнігі анатуецца зьмест кнігі. На аркушах 184—241-м даецца тэкст 25 разьдзелаў Чацьвертай кнігі Царстваў, у канцы пасьляслоўі да 4-ай кнігі Царстваў і да ўсіх кніг Царстваў.
Друкарскія асаблівасьці выданьня
рэдагавацьКніга выдадзена на царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакцыі. Фармат выданьня — у чвэрць аркуша, аб’ём — 242 аркушы, якія сабраны ў 31 сшытак. Набор выкананы праскім шрыфтам Скарыны — у 10 радкоў вышынёй 75 мм, на паласе — 22 радкі. Сыгнатура адсутнічае. Фаліяцыя на верхнім баку аркуша ўверсе справа. Выданьне ўпрыгожана 12 гравюрамі (па адной гравюры ў пачатку кожнай кнігі, а таксама 7 гравюраў у 3-яй кнігі Царстваў), 5 застаўкамі і 115 ініцыяламі. У канцы кнігі зьмешчаны партрэт Скарыны з той жа формы, што і ў кнізе Ісуса Сірахава. Чатыры вялікія застаўкі папярэднічаюць тэксту кожнай кнігі, на іх выяўлены шчыт з зацьменьнем сонца і дзікія людзі, якія апіраюцца на незапоўненыя гербавыя шчыты. У некаторых асобніках у шчытах ад рукі дапісаны манаграмы «0СН». Малая застаўка зьмешчана перад тэкстам пасьляслоўя. Ініцыялы вылучаюць пачаткі разьдзелаў.
Захавалася 21 асобнік кнігі Царстваў, зь іх толькі 2 поўныя.
Літаратура
рэдагаваць- Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед. / Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с. — ISBN 5-85700-003-3
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Мова выданняў Францыска Скарыны / А. М. Булыка, А.І. Жураўскі, У. М. Свяжынскі. — Мн.: Наука і тэхніка, 1990. ISBN 5-343-00447-4 С. 210