Кніга Ісуса Сірахава (Скарына)
Кні́га Ісу́са Сіра́хава («Книга Исуса Сирахова рекомая Панаретосъ Еклесиастыкусъ или Церъковникъ») — праскае выданьне Скарыны, якое выйшла ў сьвет 5 сьнежня 1517 году.
Кніга Ісуса Сірахава | |
Гравюра «Дыспут» з «Кніга Ісуса Сірахава». Выданьне Францішка Скарыны. 1517 | |
Аўтар: | Францішак Скарына |
---|---|
Мова арыгіналу: | беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы[1] |
Публікацыя: | 5 сьнежня 1517 |
Колькасьць старонак: | 82 аркушы |
Зьмест кнігі
рэдагавацьВыданьне пачынаецца тытульным аркушам з гравюрай і назвай кнігі («Зуполъне выложены на руский языкъ докторомъ Францискомъ Скориною изъ славнаго града Полоцька…»). На першым і другім аркушы даецца «Предъсловие Исуса сына Сирахова в книгу, рекомую Церъковникъ», на 2-м — 4-м аркушах: «…Другая предъмолъва доктора Францъциска Скорины въ книгу Исуса Сирахова». Пасьля ідзе тэкст 51 разьдзелаў кнігі, а на апошнім аркушы — пасьляслоўе.
Друкарскія асаблівасьці выданьня
рэдагавацьКніга выдадзеная на царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакцыі. Фармат выданьня — у чвэрць аркуша, аб’ём — 82 аркушы, якія сабраны ў 10 сшыткаў. Набор выкананы праскім шрыфтам Скарыны — у 10 радкоў вышынёй 75 мм, на паласе — 22 радкі. Сыгнатура адсутнічае. Фаліяцыя на верхнім баку аркуша ўверсе зьлева. У некаторых экзэмплярах захавалася рукапісная нумарацыя сшыткаў (сыгнатура) на верхнім баку першых і адваротным баку апошніх аркушаў сшыткаў. Выданьне ўпрыгожанае 2 ілюстрацыямі, застаўкай і 32 ініцыяламі. На тытульным аркушы зьмешчаная ілюстрацыя «Дыспут» з выявай сярэднявечнага вучонага сходу, а на апошнім аркушы даецца партрэт самога Скарыны. Перад першай прамовай надрукаваная малая застаўка, а вялікая застаўка зь дзікімі людзьмі і шчытом з зацьменьнем сонца папярэднічае асноўнаму тэксту. Ініцыялы вылучаюць пачаткі разьдзелаў.
Захавілася 13 асобнікаў кнігі, зь іх 3 поўныя.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Мова выданняў Францыска Скарыны / А. М. Булыка, А.І. Жураўскі, У. М. Свяжынскі. — Мн.: Наука і тэхніка, 1990. ISBN 5-343-00447-4 С. 210
Літаратура
рэдагаваць- Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед. / Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с. — ISBN 5-85700-003-3