Квінт Эніюс
Квінт Эніюс (па-лацінску: Quintus Ennius; каля 239 да н. э. — каля 169 да н. э.) — рымскі эпічны паэт. Эніюс паходзіў з Калябрыі, нарадзіўся ў горадзе Рудыі, дзе ва ўжытку былі адначасова лацінская, грэцкая й оскаўская мовы; з гэтай прычыны, паводле пазьнейшага сьведчаньня Аўла Геліюса, Эніюс казаў, што мае тры сэрцы.
Эніюс ствараў творы розных жанраў, у тым ліку трагедыі, камэдыі й шматтамовы эпічны «Летапіс» (лац. Annales) Рыму, які стаў найбольш значным ягоным унёскам у разьвіцьцё рымскай паэзіі. Замест звычайнага ў такіх выпадках сатурнава верша, Эніюс ужыў для свайго эпаса, а таксама й для меншых дыдактычных твораў, запазычаны ад грэкаў гекзамэтар, які стаў адгэтуль стандартнай формай лацінскай паэзіі для гэтых жанраў.
Творы Эніюса мелі значны ўплыў на пазьнейшую рымскую літаратуру. Да нашага часу дайшлі толькі ўрыўкі.