Кармянскае паўстаньне

Кармянскае паўстаньне — антыбальшавіцкае сялянскае паўстаньне, выкліканае празьмернай жорсткасьцю савецкіх уладаў.

Кармянскае паўстаньне
Дата: 25 — 26 лютага 1919 году
Месца: Карма
Вынік: Рэпрэсіі з боку савецкіх уладаў
Супернікі
ПаўстанцыБальшавікі

Перадумовы рэдагаваць

Бальшавікі праводзілі пастаянныя рэквізіцыі ў мясцовага насельніцтва, нават зьявіўся ў пачатку 1919 году асобы «партыйны» падатак. Валасны выканаўчы камітэт, у якім таксама адыгравалі вялікую ролю камуністы, быў больш лаяльны да сялян, што не спадабалася ячэйцы бальшавікоў. У лютым 1919 году выканаўчы камітэт, які ўзначальваў Навуменка, быў распушчаны, а ўлада перадана рэвалюцыйнаму камітэту. Пасьля роспуску выканаўчага камітэту былі разасланы запрашэньні з просьбай прыслаць як можна больш людзей[1].

Хада паўстаньня рэдагаваць

25 лютага 1919 году каля будынку Кармянскага валаснога праўленьня сабралася не менш тысячы чалавек. Яны лічылі, што пасьля роспуску выканкаму будуць новыя рэквізіцыі. Член рэвалюцыйнага камітэту Абатураў паспрабаваў супакоіць сялян, але яны адказалі: «Ваша ўлада скончылася!». Быў захоплены будынак валаснога праўленьня. Абатураў паспрабаваў схавацца, але з-за выбуху бомбы быў цяжка паранены, пасьля чаго сяляне прыняліся яго збіваць. Начальнік міліцыі Ільюшэнка і міліцыянэры паспрабавалі спыніць паўстанцаў, адзін селянін быў забіты. У адказ Ільюшэнка і Давыдзенка былі забітыя, а міліцыянэры Караткевіч і Гайкоў — цяжка параненыя. Затым сяляне прыняліся шукаць членаў рэвалюцыйнага камітэту, быў разгромлены клюб. Антоненка, які ўзначальваў рэвалюцыйны камітэт, сумеў схавацца ад паўстанцаў і ўцёк у Доўск. Раніцай 26 лютага 1919 году ў Кармянскую воласьць прыбыў узвод асобага прызначэньня, які ў вёсцы Ліцьвінавічы захапіў штаб, дзе знаходзіліся паўстанцы. Рота 10-га пагранічнага палка, якая была ў Карме, у час паўстаньня займала нэўтральную пазыцыю. Арганізаванага супраціву паўстанцы аказаць ня здолелі[1].

Страты рэдагаваць

Вядома, што з боку бальшавікоў загінулі член Кармянскага рэвалюцыйнага камітэту Абатураў, начальнік міліцыі Ільюшэнка, старшы міліцыянэр Давыдзенка, актывіст Гашко[2]. Міліцыянэрам быў забіты адзін селянін[1].

Наступствы рэдагаваць

Было арыштавана 66 чалавек, якіх западозрылі ва ўдзеле ў паўстаньні. 27 удзельнікаў паўстаньня былі расстраляны. 7 паўстанцаў былі прыгавораны да сьмерці сьледчай камісіяй, а 20 — Магілёўскай губэрнскай ЧК[1]. Пра расстрэл арыштаваных удзельнікаў паўстаньня паведаміў у Магілёўскі губэрнскі камітэт РКП (б) Панцеляймон Мікалаевіч Лепяшынскі[3].

Некаторыя паўстанцы пераключыліся на партызанскую барацьбу з бальшавізмам. Зь імі падтрымлівала сувязь частка настаўнікаў[1].

Ацэнкі рэдагаваць

У савецкі час паўстанне разглядалася як «кулацкі мяцеж», падтрыманы «белагвардзейцамі, духавенствам і эсэрамі»[2][4]. Насамрэч, паўстаньне было стыхійнай рэакцыяй на жорсткую палітыку бальшавікоў. З-за слабой арганізаванасьці выступленьне было хутка задушана[1].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в г д е В. Нестеров. Восстания в Корме и Рогачеве в феврале-марте 1919 г. // Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны, 13 сьнежня 2008 г. Праверана 18 верасьня 2022 г.
  2. ^ а б 1069. БРАЦКАЯ МАГІЛА ЗМАГАРОЎ ЗА САВЕЦКУЮ ЎЛАДУ // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць. — Менск, 1985. — С. 217.
  3. ^ Вішнеўскі А. Ф. Палітыка-прававы рэжым савецкай дзяржавы (1917-1953 гг.). — Мн.: Тэсей, 2003. — С. 154. — «П.М. Лепяшынскі паведамляў тады ў Магілёўскі губкам партыі, што 20 чалавек з ліку арыштаваных за ўдзел у Кармянскім паўстанні былі расстраляны.»
  4. ^ В боях за Белоруссию. — 2-е изд. — Мн.: Беларусь, 1974. — С. 37.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць