Капыльска-Клецкі строй
Капыльска-Клецкі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзеньня Цэнтральнай Беларусі. Бытаваў у XIX — пачатку XX стагодзьдзя пераважна ў Капыльскім, Клецкім, Узьдзенскім, Нясьвіскім раёнах. Вызначаўся багацьцем ампазыцыйных вырашэньняў, клясычнасьцю арнамэнту вышыванак і натыканьня. Аснову летняга жаночага гарнітура складалі кашуля, спадніца (андарак), фартух, гарсэт. Кашулю шылі з кружэльнага палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з падточкай грубага палатна (радзей з гесткай), адкладным шырокім каўняром і глыбокім разрэзам пазухі. Чырвоны або чырвона-чорны геамэтрычны (радзей расьлінны і з выявамі птушак, людзей) арнамэнт разьмяшчаўся на рукавах гарызантальнымі і вэртыкальнымі палосамі ў шахматным парадку і на каўняры. Андарак шылі з 4 кроеных на аснове або 2 кроеных па ўтку полак паўсуконьніка, вытканага ў 4 ніты ўзорам папярочных разнакаляровых паскаў або клетак на белым, чорным, зялёным, блакітным, бурачковым фоне. Па ніжнім краі праходзіў шырокі маляўнічы шляк зь пярэстымі паскамі або з геамэтрычным арнамэнтам. Крой і мастацкае афармленьне спадніцы і андарака падобныя. Іх прасавалі ў буйныя і частыя складкі, што стварала танальныя пералівы і падкрэсьлівала прыгажосьць калярыстычнай гамы. Фартух кроілі 1—2 полак белага палатна, цёмна-сіняй, малінавай шарсьцянкі ці паркалю, да пояса ззаду часта прышывалі дэкаратыўныя клінкі-лапаткі. Аздаблялі вышыўкай, узорыстым ткацтвам, вязаньнем, фляндраваньнем, складкамі. Гарсэт шылі з фабрычных тканін, кароткім з глыбокім выразам на грудзях. Сьпераду аздаблялі нашыўкамі рознакаляровых тасёмак, стужак, гузікаў. Галаўныя ўборы жанчын — шаўковыя ці атлясныя каптуры са стракатымі нашыўкамі сьпераду тасьмы, галуна і інш.; наміткі, хусткі. Нагрудныя і шыйныя ўпрыгожаньні — пацеркі, тасёмкі, абрэзкі. Мужчынскі гарнітур складалі кашуля, аздобленая вышыўкай чырвонага геамэтрычнага арнаманту на адкладным каўняры, плечавых устаўках, падоле, шырокі ўзорысты пояс з кутасом, камізэлька, нагавіцы. Галаўныя ўборы — саламяныя капелюшы, картузы, кучомкі, аблавухі.
Літаратура
рэдагаваць- Раманюк М. Ф. Капыльска-клецкі строй // БЭ. — Мн.: 2002 Т. 14. С. 34-35