Канцэпты
«Канцэ́пты» (ад па-лацінску: сoncept, старабеларускае «задума») — іранічная зборная назва кулінарных штукаў (выбрыкаў?), папулярных у асяродку магнатэрыі Рэчы Паспалітай у XVIII стагодзьдзі, у эпоху позьняга барока.
«Канцэпты» былі разьлічаныя ня так на задавальненьне гастранамічных ды дыетычных прыхільнасьцяў, як на вонкавы эфэкт, які мусіў сьведчыць пра заможнасьць, дасьціпнасьць і таварыскасьць гаспадароў-замоўцаў «канцэпту», а таксама дэманстраваць тэхнічнае майстэрства кухара. Каплуноў, напрыклад, спрабавалі запячы жывымі, напаіўшы гарэлкай і ахалоджваючы мозаг вільготнымі кампрэсамі, каб яны маглі квахтаць, калі ад іх адразалі запечаныя кавалкі. Дасьціпным штукарствам лічылася прыгатаваньне фаршыраванага каплуна ўнутры шклянай фляшы. У паштэты (пірагі) пад скарынку імкнуліся зьмясьціць жывых птушак, а часам і слуг-карузьлікаў. Вельмі папулярнай пацехай была апісаная Адамам Міцкевічам «рыбіна, старанна з канца падсмажана, а далей запякана, а пры хвасце, як заліўная, згатавана». У апошнія гады Рэчы Паспалітай, пры Станіславе-Аўгусьце Панятоўскім, грамадзкая думка зрабілася менш прыхільнай да многіх марнатраўных а часам жорсткіх забаў, але ў некаторых заможных дамах яны пратрывалі яшчэ першую трэць XIX стагодзьдзя.
Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа».