Канстытуцыя Дамініканскай рэспублікі

Ад часу здабыцьця незалежнасьці ў 1844 року Дамініканская рэспубліка зьмяніла 39 канстытуцыяў — больш чым якая-кольвек краіна. Такая лічба можа ўводзіць у зман што да палітычнае стабільнасьці, паколькі ў дзяржаве кожнае ўнясеньне канстытуцыйнай папраўкі лічыцца прыняцьцем новай канстытуцыі. Большасьць новых канстытуцыяў адрозьніваліся ад папярэдніх толькі адным дробным зьмяненьнем; вялізныя новаўвядзеньні адбываліся вельмі рэдка.

Гістарычна дамініканцы вызначыліся з прадстаўнічым дэмакратычным урадам, з наданьнем грамадзянскіх і палітычных правоў ды падзелам улады. Усе астатнія палітычныя традыцыі зьмяняліся ў залежнасьці ад прыходу да ўлады прыхільнікаў дэмакратыі ці аўтарытарызму; кансэнсусу між імі дасягнуць атрымлівалася вельмі рэдка. Часьцей за ўсё новы ўрад проста прымаў новую канстытуцыю пад уласныя патрэбы; наступны ўрад абвяргаў усе дасягненьні свайго папярэдніка. Толькі па сьмерці Рафаэля Трухільлё пераважным чыньнікам у палітыцы дзяржавы стала ўвага да законаў, а не да асобы, якая іх прапагандуе.

Апошняя канстытуцыя Дамініканскай рэспублікі была прыянтая 13 чэрвеня 2015 року. Ад папярэдніцы, якая дзейнічала з 26 студзеня 2010 року, яна адрозьніваецца толькі артыкулам 124, які паводле амэрыканскага ўзору дае магчымасьць прэзыдэнту балятавацца на другі тэрмін.

Канстытуцыі да Трухільлё

рэдагаваць

Першая дамініканская канстытуцыя была абвешчаная 6 лістапада 1844, неадкладна пасьля здабыцьця незалежнасьці ад Гаіці. Гэта быў лібэральны дакумэнт са звыклымі артыкуламі пра падзел улады, разьмеркаваньне адказнасьці і доўгім сьпісам базавых правоў. Аднак у першы ж год наўзамен дэмакратычнаму ўраду ўладу пераняў аўтарытарны, які пачаў ствараць уласную канстытуцыю. Яна значна ўзмацніла выканаўчую галіну за кошт заканадаўчай і юрыдычнай, надала прэзыдэнту надзвычайныя паўнамоцтвы, у тым ліку права прыпыняць дзеяньне асноўных правоў і прымаць дэкрэты. З тае пары гэтыя два кірункі зьмянялі адзін аднога, зьмяняючы й канстытуцыю.

Нават дыктатар Рафаэль Трухільлё імкнуўся дзейнічаць пад выглядам канстытуцыйнасьці. Аднак пры ім заканадаўчая ўлада была толькі шырмаю; суды былі незалежнымі; амаль усе грамадзянскія правы былі скасаваныя. Ён кіраваў безаглядна на канстытуцыю.

Канстытуцыі пасьля Трухільлё

рэдагаваць

Пасьля скону дыктатара ў 1961 року ў канстытуцыю былі ўнесеныя зьмены, каб зладзіць новыя выбары і надаць часовую ўладу Дзяржаўнай радзе. Гэтая канстытуцыя 1962 року мела невялікія адрозьненьні ад Трухільлявай і не карысталася папулярнасьцю.

У красавіку 1963 вольнаабраны сацыял-дэмакратычны ўрад Хуана Боша падрыхтаваў новую, больш лібэральную канстытуцыю. Яна аддзяліла царкву ад дзяржаву, наклала значныя абмежаваньні на ўдзел у палітыцы войска, заклала вялікі сьпіс грамадзянскіх свабодаў. Гэтыя новаўвядзеньні напалохалі кансэрватыўную частку дамініканскага грамадзтва, якая скінула Боша ў верасьні таго ж году і аднавіла дзеяньне канстытуцыі 1962 року. Праз два гады ў дзяржаве выбухнула грамадзянская вайна, у выніку якой хунта была адхіленая, і да ўлады прыйшлі прыхільнікі прымірэньня лібэральнага і кансэрватыўнага бакоў на чале з Хаакінам Балагерам. Канстытуцыя 1966 року абвясьціла вялікі сьпіс асноўных правоў і ўмацавала заканадаўчую галіну ўлады; аднак яна таксама надала пашыраныя паўнамоцтвы выканаўчай галіне, у тым ліку надзвычайныя.

Прыняцьце пазьнейшых канстытуцыяў адбывалася ў 1994 і 2002 роках.

Найноўшыя канстытуцыі

рэдагаваць

У 2010 на запыт левацэнтрысцкага прэзыдэнта Леанэля Фэрнандэса была прынятая новая канстытуцыя, якая забараніла ўсе формы аднаплоцевых стасункаў і аборты. У выніку Дамініканская рэспубліка стала шостай дзяржавай у сьвеце з поўнай забаронай абортаў (пасьля Чылі, Мальты, Сальвадору, Нікарагуа і Ватыкану).

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць