Калёнія Варбурга

комплекс збудаваньняў у Берасьці (Беларусь)

Калёнія Ва́рбурга — колішні квартал двухпавярховых драўляных дамоў у Берасьці, архітэктурны ўзор закапанскай архітэктуры першай траціны XX стагодзьдзя.

Дом у калёніі Варбурга (1923)

Мінуўшчына

рэдагаваць

Дванаццать драўляных двухпавярховых дамоў былі пабудаваныя ў 1925—1927 роках на сродкі жыдоўскай дабрачыннай арганізацыі «Джойнт» (ЗША) для бедных юдэйскіх сем’яў Берасьця-Літоўскага. З гэтай мэтай была набытая тэрыторыя ў Кіеўскай слабадзе між каталіцкімі ды жыдоўскімі могілкамі[1].

Дамы збудаваныя ў рэдкім для Берасьцейшчыны закапанскім стылі драўлянай архітэктуры па двух нязначна адрозных адзін ад аднаго праектах (з адной ці дзьвюмя мансардамі), распрацаваных адмыслова для калёніі. Агульная плошча васьмікватэрнага дому — 250 квадратных мэтраў, кожнай кватэры належала таксама дрывотня і прыбіральня. Калёнія была створаная самадастатковай — акрамя жылых дамоў улучала майстэрні, школу, сталоўку, дзьве пральні з духоўкамі і душам. Пад двума з дамоў былі абсталяваныя проціпажарныя рэзэрвуары з гідрантамі; чатыры студні забясьпечвалі калёнію вадой. Уезд у калёнію ўпрыгожвала драўляная брама з надпісам польскай мовай. Калёнія атрымала назву ў гонар Фэлікса Морыца Варбурга — банкіра, які ўзначальваў у тыя гады «Джойнт» і асабіста быў адным з спонсараў праекту: на ягоныя сродкі быў забрукаваны цэнтральны праезд, які стаў вуліцай імя Фэлікса Варбурга[1] (цяпер Першы Менскі завулак).

З прыходам нямецкіх войскаў у 1941 року жыхары калёніі былі пераселеныя ў гета, а 15 кастрычніка 1942 року — расстраляныя ў ліку трыццаці тысячаў берасьцейскіх жыдоў. Будынкі калёніі былі прыстасаваныя пад лягер для савецкіх палоньнікаў. Пасьля вяртаньня ў Берасьце войскаў Чырвонай арміі ў 1944 року ў лягеры №284 трымалі нямецкіх, італьянскіх і вугорскіх палоньнікаў. У 1950 року дамы былі адрамантаваныя і зноў сталі выкарыстоўвацца як жылыя.

Да канца XX стагодзьдзя дамы значна здрахлелі. Першыя пяць зь іх у пачатку двухтысячных рокаў адсялілі і разбурылі, на іхнім месцы збудавалі інтэрнат Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту[2]. У 2009 року быў заплянаваны знос рэшты сямі дамоў, але жыхароў тады адсяліць не пасьпелі. У 2010 року пасьля розгаласу ў грамадзтве і прэсе зьявіўся прапановы стварыць у калёніі этнаграфічны музэй і цэнтар жыдоўскай культуры, аднак мескія ўлады іх не ўхвалілі[3]. Толькі адзін будынак №12 па 1-м Менскім завулку атрымаў статус гісторыка-культурнага помніку[4].

У 2013 року дзеля будоўлі былі зьнесеныя яшчэ 3 дамы. Апошнія збудаваньні канчаткова былі зруйнаваныя ўвосені 2016 року.

  1. ^ а б Субботник в колонии Варбурга провели неравнодушные брестчане Грамадзтва. Брестский курьер (кастрычніка 2014). Праверана 19 кастрычніка 2021 г.
  2. ^ У ансамбля колонии Варбурга есть шанс? (рас.). hata.by (27 сакавіка 2012). Праверана 19 кастрычніка 2021 г.
  3. ^ Умирает „Колония Варбурга“, пока проектируют её реконструкцию Грамадзтва. Брестский курьер (кастрычнік 2012). Праверана 19 кастрычніка 2021 г.
  4. ^ Останутся ли „в живых“ еврейские домики после реконструкции квартала?. Брестский курьер (жнівень 2012). Праверана 19 кастрычніка 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

Каардынаты: 52°06′11″ пн. ш. 23°42′11″ у. д. / 52.10294° пн. ш. 23.70319° у. д. / 52.10294; 23.70319