Калёна Сьвятога Сымпліцыяна (Фашчаўка)

Мэмарыяльная калёна
Калёна Сьвятога Сымпліцыяна
Краіна Беларусь
Вёска Фашчаўка
Каардынаты 54°09′06″ пн. ш. 30°29′18″ у. д. / 54.15167° пн. ш. 30.48833° у. д. / 54.15167; 30.48833Каардынаты: 54°09′06″ пн. ш. 30°29′18″ у. д. / 54.15167° пн. ш. 30.48833° у. д. / 54.15167; 30.48833
Канфэсія каталіцтва
Ордэнская прыналежнасьць ордэн езуітаў
Першае згадваньне XVIII ст.
Дата заснаваньня 1812 г.(?)
Калёна Сьвятога Сымпліцыяна на мапе Беларусі
Калёна Сьвятога Сымпліцыяна
Калёна Сьвятога Сымпліцыяна
Калёна Сьвятога Сымпліцыяна

Калёна Сьвято́га Сымпліцыя́на — помнік у вёсцы Фашчаўцы Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці. У мясцовым фальклёры мае назвы «фашчаўскі ёлуп»[1], «фашчаўскі ёлупень».

Гісторыя

рэдагаваць

Дакладнае прызначэньне мэмарыялу невядомае. Існуюць як мінімум дзьве вэрсіі. Паводле адной зь іх лічыцца, што помнік узьвялі каталіцкія манахі на месцы пахаваньня частак Сьвятога Крыжа Гасподня і мошчаў Сьвятога пакутніка Сымпліцыяна. Сьвятыні спачатку захоўваліся ў касьцёле, але пасьля паўстаньня 1830—1831 гадоў, калі расейскія ўлады пачалі перасьлед каталікоў, то вернікі перанесьлі часткі крыжа і мошчаў на могілкі і зрабілі калёну, а наверсе ўсталявалі скульптуру Сьв. Сымпліцыяна. Цэглу нібыта прывозілі з Варшавы[2].

Паводле іншай вэрсіі, у гады праўленьня польскага памешчыка прыйшоў у мястэчка аддзел езуіцкага ордэну на чале з рыцарам Сымпліцыянам, каб зьвярнуць жыхароў у каталіцкую веру. Народ паўстаў, а кіраўнік аддзелу загінуў. На мясцовых могілках у знак ушанаваньня і была ўзьведзена высокая калёна, зьверху якой — драўляны воін[1].

Беларускі пісьменьнік Уладзімер Караткевіч у рамане «Чорны замак Альшанскі» ўзгадаў пра фашчаўскую калёну: «У вёсцы Фашчаўка пад Шкловам была калісьці ў сярэднія вякі езуіцкая місія і поруч яе стаяла на высокай калёне статуя. Удзячны народ забыўся, хто гэта: сьвяты ці нейкі дзяржаўны дзяяч, але трывала замацаваў у слоўніку слова «ёлуп хвашчоўскі» для вызначэньня чагосьці дурнога і бескарыснага». Варта адзначыць, што дадзены эпізод сустракаецца толькі ў расейскамоўнай вэрсіі твору[1].

Згодна з успамінамі мясцовых жыхароў, драўляная скульптура Сьвятога Сымпліцыяна, што пастаўлена наверсе калёны, знаходзілася на штыры, які паварочваўся ў той бок, адкуль ішла вайна. Аднак у цяперашні час скульптура згніла, і постаць сьвятога больш у ёй не распазнаецца. Для аднаўленьня помніку ў мясцовай каталіцкай супольнасьці няма сродкаў[3].

Апісаньне

рэдагаваць

Чатырохгранная калёна вышынёй 10-15 м складзена з чырвонай цэглы. У аснове — квадрат, далей цыліндрычнай формы, калёна завужаная да гары, наверсе — драўляная скульптура.

Літаратура

рэдагаваць
  • Дучыц Л. У., Клімковіч І. Я. Старажытныя памятныя калоны Беларусі. Зборнік дакладаў і тэзісаў VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў» (Мінск, Беларусь, 19-20 лістапада 2015 года) / гал. рэд. А. І. Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. — Мінск, 2016. С. 578—583.

Вонкавыя спысылкі

рэдагаваць