Якуць Зянон (1894—1924) — каталіцкі сьвятар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-грамадзкі дзеяч, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху 20 ст., душапастыр.

Зянон Якуць
Род дзейнасьці каталіцкі сьвятар
Дата нараджэньня 22 студзеня 1894
Месца нараджэньня Скурцішкі, Новааляксандраўскі павет, Ковенская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 3 студзеня 1924 (29 гадоў)
Месца сьмерці Шаркоўшчына, Польская Рэспубліка
Месца пахаваньня
Месца вучобы

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся 22 студзеня 1894 у засьценку Скурцішкі Новааляксандраўскага павету Ковенскай губэрні. Паходзіў зь сялянскай сям’і: бацькі — Ян і Юзэфа (з дому Гасянцоў) Якуці. У 1909—1912 гг. вучыўся ў Відзаўскай гарадзкой 4-кляснай навучальні, дзе скончыў поўны курс навучаньня. Пасьпяхова здаў экзамэн на званьне аптэкарскага вучня ў сьнежні 1912 г. і атрымаў пасьведчаньне зь Пецярбурскай навучальнай акругі. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі. Прымаў удзел у дзейнасьці беларускага культурна-асьветнага гуртка студэнтаў-сэмінарыстаў. Пасьвячоны ў сьвятары ў 1919 г. Зь беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам зьвязаны з часоў вучобы ў Вільні. У 1920—1924 гг. выконваў сьвятарскія абавязкі ў парафіі Шаркоўшчына Дзісенскага дэканата. Ад пачатку душапастырскай дзейнасьці сьвядома і пасьлядоўна праводзіў беларусізацыю рымска-каталіцкай царквы ў парафіях зь беларускім насельніцтвам. Зьвяртаўся да вернікаў з казаньнямі і праводзіў катэхізацыю дзяцей на беларускай мове. Памёр 03.01.1924 у Шаркоўшчыне. Пахаваны на мясцовых парафіяльных могілках.

Напрыканцы 1920-х гадоў, акрэсьліваючы месца і ролю З.Якуця ў беларускім хрысьціянскім руху 20 ст., адзін зь яго лідэраў, Адам Станкевіч, напісаў: «Калі ўспамінаць далей аб кс. З.Якуцю як аб беларусу, дык трэба сказаць, што быў ён ідэальным прыкладам сваім калегам ксяндзам, як незвычайна прыгожа зыходзяцца з сабой між беларускага народу духоўная пастырскасьць і беларускасьць. Кс. З.Якуць быў тыповы ксёндз-беларус. Ён глыбока разумеў важнасьць беларускага адраджэньня, цаніў яго і прыкладаў да роднай справы ўсе свае сілы».

На сьмерць калегі Казімер Сваяк напісаў верш[1]:

О, Браце мой у долі і нядолі!
Паверыў я, што лёг ты ў магілу,
Бо-ж сумна так стагнаў твой дух ад болі,
Што твой народ згубіў айчыну мілу…
Так верыў ты, што час свабодны прыйдзе,
Дух божы ўвыш народ з працьмы падойме,
Нячыстага аддасьць навек агідзе,
Нас зорам дабраты адвечнае абойме —
Любіў народ ты, Браце, сэрцам цэлым
І зразумеў яго бяду духову;
Вучыў яго, ад горачы збалелы,
Каб уміраць і жыць заўсёды быў гатовы.
Ты адышоў, згарэўшы як афяра,
За наш народ, — за вечную ідэю
Яго душы: пражыці не як мара
На сьвеце бед, а мець надзею
Здабыць той зьніч з грудзей самога Бога,
Што шчасьце дасьць жывому чалавеку…
Ах, цяжкая туды, Браток, дарога, —
Хоць значана нам Божанькай спрадвеку.
Агонь ты нёс і сьветачам быў зорным,
Гарэў пламенна цэлаю істотай, —
Прад Богам быў і кволы і пакорны,
Людзям служыў з анельскаю ахвотай.
О, будзь шчасьліў!.. бо ты жывеш — я веру,
Хоць пад дзярном галоўка супачыла…
І я сабе магілу ўжо адмеру,
Ах, бо мяне зьнямога асіліла.
  1. ^ Казімір Сваяк Выбраныя творы. — Мн.: 2010. — С. 115-116. — 472 с. — (Беларускі кнігазбор).