Зьнішчальнік танкаў
Зьнішча́льнік та́нкаў або супрацьта́нкавая САУ — тып баявой бранямашыны, узброенай праманаводнай артылерыйскай гарматай ці ракетнай устаноўкай, прызначаная для барацьбы зь іншымі браняванымі машынамі. Ад танкаў адрозьніваюцца меншай апэратыўнасьцю.
Пасьля Другой сусьветнай вайны іхнія функцыі цалкам выконваюць асноўныя баявыя танкі, таму зьнішчальнікі сталі непатрэбнымі. У асобных выпадках прымяняюцца лёгкаўзброеныя перавозчыкі супрацьтанкавых кіраваных ракетаў і (з аднаўленьнем экспэдыцыйных войнаў) гэтак званыя «абароненыя гарматныя сыстэмы», якія маюць зьнешняе падабенства да зьнішчальнікаў танкаў, аднак выкарыстоўваюцца для непасрэднай агнявой падтрымкі ў малаінтэнсіўных апэрацыях кшталту войнаў у Іраку або Аўганістане.
Мінуўшчына
рэдагавацьУпершыню танказьнішчальнікі сталі адыгрываць важкую ролю ў часе Другой сусьветнай вайны. Прымяненьне іх было розным: ад часовага выкарыстаньня да ўсталяваньня супрацьтанкавых гарматаў на гусенічную плятформу і больш складаных распрацовак. Акрамя амэрыканскіх мадэляў, усе зьнішчальнікі танкаў у гэтую пару ня мелі вежаў і паваротных канструкцыяў. Бязьвежавы корпус дазваляў заставацца незаўважным у засадах, дзе адсутнасьць паваротнай вежы была не такой істотнай. Акрамя таго, гэта дазваляла ўсталёўваць замест звычайнай танкавай магутнейшую супрацьтанкавую гармату з даўжэйшым ствалом і павялічыць таўшчыню брані корпусу, а з мэтай зьмяншэньня вагі зьверху мог адсутнічаць дах. Вытворчасьць бязьвежавых установак абыходзілася таньней, хутчэй і прасьцей, чым танкаў на гэтых жа плятформах. Пасьля першых выпрабаваньняў у баёх былі дадаткова ўсталяваныя супрацьпехотныя кулямёты, аднак іхняе прымяненьне таксама было менш эфэктыўным з-за непаваротлівасьці машыны.
У 1960-я рокі з разьвіцьцём супрацьтанкавых ракетаў, здольных быць усталяванымі ці не на любы транспарт, канцэпцыя танказьнішчальнікаў пераўтварылася ў лёгкія ракетныя ўстаноўкі. Паколькі вага асноўных баявых танкаў вырасла да 40-70 тонаў, спатрэбіліся лягчэйшыя баявыя адзінкі, якія маглі б быць дастаўленыя паветраным шляхам. Як вынік, зьявіліся некалькі ўзораў лёгкіх зьнішчальнікаў, напрыклад савецкая авіядэсантная самаходная ўстаноўка АСУ-85, брытанская бранямашына Hornet Malkara для запуску ракетаў, амэрыканскія безадкатная шматствольная ўстаноўка Ontos і лёгкая штурмавая бранямашына Sheridan. Апошняй да гэтай катэгорыі можна аднесьці расейскую супрацьтанкавую гармату 2С25 «Спрут-СД», здольную таксама запускаць ракеты тыпу 9К119 «Сьвір».
У цяперашні час кожны пяхотны ўзвод мае баявыя машыны пяхоты (БМП) з супрацьтанкавымі ракетамі, ды і ўдарныя вэрталёты здольныя наносіць удары па танках з паветра. Тым ня меней, застаюцца супрацьтанкавыя ўстаноўкі з ракетамі дальняга радыюсу дзеяньня, а таксама прызначаныя для паветранага выкарыстаньня.
Існуюць супрацьтанкавыя ўстаноўкі, збудаваныя на шасі бронетранспартэраў ці бронеаўтамабіляў. Сярод прыкладаў можна прывесьці амэрыканскі M901 ITV і нарвэскі NM142 БТР-ы для запуску кіраваных ракетаў з аптычным сачэньнем, некалькі савецкіх пускавых установак на шасі разьведвальных машынаў БРДМ, брытанскія FV438 Swingfire і FV102 Striker, нямецкую сэрыю Raketenjagdpanzer.
Для ракетавозцаў, аднак, існуе асобнае азначэньне супрацьтанкавы ракетны транспарт(en).
У некаторых краінах засталіся на ўзбраеньні і гарматныя зьнішчальнікі танкаў: кітайскія гусенічны PTZ89 і колавы PTL02; колавыя італьянскі Centauro ды амэрыканскі M1128 Stryker з дыстанцыйным кіраваньнем і аўтазарадкай.
Глядзіце таксама
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагавацьЗьнішчальнік танкаў — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў