Зьезд беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту (1917)

Зьезд белару́саў-вайско́ўцаў Захо́дняга фро́нту — зьезд вайскоўцаў беларускага паходжаньня на Заходнім фронце, які адбыўся 18—21 кастрычніка 1917 году з удзелам прадстаўнікоў 12-й арміі, Балтыйскага флёту і Румынскага фронту (Беларускі армейскі корпус) у Менску.

Зьезд праходзіў з дазволу Вярхоўнага галоўнага камандоўца расейскай арміі генэрала М. Духоніна, які ў дакладзе Часоваму ўраду прапанаваў распачаць з канца лістапада фармаваньне нацыянальна-тэрытарыяльнай арміі, што, на яго думку, магло б узмацніць спайку салдат-землякоў расейскай арміі, якая імкліва развальвалася.

Рашэньні

рэдагаваць

Зьезд выказаўся за пераўтварэньне Расеі ў дэмакратычную фэдэратыўную рэспубліку і прызнаў фармаваньне беларускага войска «крайне неабходнай і неадкладнай справай». Адпаведная рэзалюцыя зьезду падкрэслівала, што фармаваньне беларускіх частак не павіннае аслабіць баяздольнасьць войскаў на фронце.

Зьезд вайскоўцаў-беларусаў Заходняга фронту таксама заклікаў усіх беларусаў «грудзьмі ўстаць на абарону сваёй роднай зямлі і Расейскай Фэдэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі…, не дапусьціць прыніжэньня правоў свайго народу на самавызначэньне і парушэньня гэтых правоў і інтарэсаў кім бы то ні было».

Для кіраўніцтва арганізацыяй беларускага войска была ўтвораная Беларуская цэнтральная вайсковая рада (БЦВР), а таксама Часовы выканаўчы камітэт, старшынём якога быў абраны прапаршчык Сымон Рак-Міхайлоўскі (да вайны настаўнічаў), намесьнікамі старшыні — паручнік Кастусь Езавітаў (былы настаўнік) і малодшы унтэрафіцэр Язэп Мамонька. Бюро па арганізацыі беларускага войска ўзначаліў генэрал Кіпрыян Кандратовіч, вэтэран Балканскіх войнаў і аўтар тэарэтычных працаў па вайсковай справе. Яго памочнікамі сталі генэрал-маёр Восіп Пажарскі, палкоўнік Камароўскі і паручнік Кастусь Езавітаў. Быў распрацаваны адпаведны плян, дзе прадугледжвалася пасьлядоўнасьць перафармаваньня вайсковых частак расейскай арміі ў нацыянальныя. Беларускаму выканкаму Заходняга фронту дазвалялася ўвайсьці ў склад франтавога камітэту на правах нацыянальнай сэкцыі. Кандратовіч атрымаў ад генэрала М. Духоніна дазвол на стварэньне беларускага палка ў Менску, а пасьля — беларускага корпусу на Заходнім фронце.

Успаміны

рэдагаваць

Зоська Верас пазьней пісала пра зьезд:

Зьезд вайскоўцаў Заходняга фронту адбыўся 18–21 кастрычніка 1917 г. Я была дэлегатам і адной з арганізатарак, прытым – адзінай жанчынай на зьезьдзе. Загадзя прыгатаваныя значкі – бел-чырвона-белыя – параздавала ўсім сябрам зьезду і ўспакоілася. Аж тут падходзіць нехта да мяне і кажа: “А ў генэрала Кандратовіча значка німа”. А ў мяне ўжо – ніводнага. Тады я адшпіліла сваю гаспадарскую бел-чырвона-белую разэтку (круглую) і прышпіліла генэралу. На трэці дзень зьезду пасадзілі мяне запісываць тых, хто хоча ў беларускія батальёны. Першым запісаўся генэрал Кандратовіч…

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць