За́ля стаго́дзьдзя, Наро́дная заля (па-польску: Hala Stulecia, Hala Ludowa) — забаўляльна-спартовая заля, разьмешчаная ў Шчытніцкім парку Ўроцлава. У 2006 року занесеная ў Сьпіс аб’ектаў Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

Заля стагодзьдзя ва Ўроцлаве
Centennial Hall in Wrocław*
Сусьветная спадчына ЮНЭСКО

Народная заля (2008)
Краіна Польшча
Тып культурны
Крытэры i, ii, iv
Спасылка 1165
Рэгіён** Эўропа і Паўночная Амэрыка
Каардынаты 51°6′25″ пн. ш. 17°4′37″ у. д. / 51.10694° пн. ш. 17.07694° у. д. / 51.10694; 17.07694
Гісторыя ўключэньня
Уключэньне 2006  (30-я сэсія)
* Назва ў афіцыйным сьпісе па-ангельску
** Рэгіён паводле клясыфікацыі ЮНЭСКО

Мінуўшчына

рэдагаваць

Пабудаваная ў 1911—1913 гадах паводле праекту архітэктара Макса Бэрга ў раньнемадэрністычным стылі. На той час места Брэслаў уваходзіла ў склад Нямеччыны, улады якой хацелі такім чынам адсьвяткаваць угодкі закліку караля Фрыдрыха Вільгельма III на паўстаньне супраць напалеонаўскай акупацыі. У выніку Напалеон быў разьбіты пад Ляйпцыгам у кастрычніку 1813, а заля была адчыненая праз 100 рокаў пасьля падзеяў.

Да Другой сусьветнай вайны заля выкарыстоўвалася для выставаў і іншых мерапрыемстваў. Некалькі разоў у ёй ладзіліся выступы функцыянэраў НСДАП, у тым ліку Гітлера.

У 1945, пасьля ўсталяваньня савецкага рэжыму, заля перайменаваная ў Народную. У 1948 каля яе была ўсталяваная скульптура вышынёй 106 м, названая Ігліцай. У будынку ладзіліся спартовыя мерапрыемствы (у т. л. XIII чэмпіянат Эўропы па баскетболе сярод мужчын 1963 року), канцэрты, дзейнічаў кінатэатар.

У 1962 року занесеная ў дзяржаўны сьпіс помнікаў архітэктуры разам з архітэктурным комплексам, які ўлучае Павільён чатырох купалоў, Пэргалу ды Ігліцу. У 1997 праведзены капітальны рамонт.

Цяпер у Залі адбываюцца кірмашы, опэрныя прадстаўленьні, спартовыя мерапрыемствы.

Архітэктура

рэдагаваць

Па структуры Заля стагодзьдзя ўяўляе сабой сымэтрычны чатырохкутнік з шырокай круглай цэнтральнай прасторай. Дыямэтар — 65 м, вышыня 42 м, зьмяшчальнасьць 6000 чалавек. Фасады пазбаўленыя будзь-якіх упрыгожваньняў, але паказваюць тэкстуру бэтону са сьлядамі драўлянае апалубкі.

Купал вышынёй 23 м аздоблены ліхтаром са сталі і шкла. Аконныя рамы выкананыя зь цьвёрдай драўніны каштоўных парод.

Дзеля паляпшэньня акустычных характарыстык сьцены будынку пакрытыя ізалявальным плястам бэтону, зьмяшанага з драўнінай або пробкавай карой.

Панарама Залі стагодзьдзя

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Заля стагодзьдзясховішча мультымэдыйных матэрыялаў