Дыялекты комі-зыранскае мовы

Дыялекты комі-зыра́нскае мовы — дыялекты, на якія падзяляецца комі-зыранская мова, асноўная мова народу комі-зыранаў. Дыялекты комі-зыранскае мовы распаўсюджаныя ў Рэспубліцы Комі (Расея) і ў некаторых навакольных мясьцінах — Кольская паўвыспа, Ненецкая аўтаномная акруга, Архангельская вобласьць, Ханты-Мансійская аўтаномная акруга. Трэба адзначыць, што ўва Ўсьць-Цылемскім раёне Рэспублікі Комі пераважае расейскае насельніцтва (прыкладна 80%) і комі-зыранская мова ў ім не распаўсюджаная, лінґвістамі гэты раён пры нарысах дыялектаў комі-зыранскае мовы не бярэцца ўва ўлік.

Агульная характарыстыка

рэдагаваць

Адзначаюцца наступныя комі-зыранскія дыялекты, якія маюць найменьні паводле іх тэрытарыяльнае прыналежнасьці: верхнесысольскі, сярэднесысольскі, луска-лецкі, прысыктыўкарскі, верхневычагодзкі, ніжневычагодзкі, удорскі, вымскі, іжэмскі й пячорскі. З гэтых дыялектаў верхневычагодзкі й пячорскі зьяўляюцца пазьнейшымі, сфармаваліся на тэрыторыі Верхняе Вычагды і Пячоры за апошнія два-тры стагодзьдзі на ґрунце іншых комі-зыранскіх дыялектаў. Прысыктыўкарскі дыялект, пакладзены ў аснову комі-зыранскае літаратурнае мовы, уяўляе сабой пераходны дыялект ад сярэднесысольскага да ніжневычагодзкага. Усе астатнія дыялекты можна аб'яднаць у дзьве ґрупы: паўночную (вымскі, ижэмскі, удорскі, ніжневычагодзкі) і паўднёвую (верхнесысольскі, сярэднесысольскі). Сярод гэтых дыялектных супольнасьцяў вылучаецца луска-лецкі дыялект, які мае адначасова рысы і паўночных, і паўдзёных дыялектаў, хоць і знаходзіцца на крайнім поўдні сучаснага абшару пражываньня комі-зыранаў[1].