Дзеясло́віца — варыянт правапісу беларускай мовы, які ёсьць сярэдзінным варыянтам паміж наркамаўкай і тарашкевіцай. Рэалізоўвае перадаваньне асаблівасьцяў беларускага вымаўленьня на аснове нормаў наркамаўкі.

Назву атрымаў ад назвы часопіса «Дзеяслоў», які друкаваўся ім ад верасьня 2002 году да канца 2009 году, калі часопіс перайшоў на наркамаўку. Правапіс лічыўся кампрамісным варыянтам, але іншымі выданьнямі падтрыманы ня быў, застаўшыся фактычна незаўважаным ні з боку прыхільнікаў тарашкевіцы, ні з боку прыхільнікаў наркамаўкі[1].

Гэты варыянт беларускага правапісу (зь некаторымі асаблівасьцямі), які базуецца на прапановах Правапіснай камісіі ТБМ імя Ф. Скарыны, працяглы пэрыяд выкарыстоўваецца таксама ў праваабарончым бюлетэні «Права на волю»[2], які выдае Праваабарончы цэнтар «Вясна» Алеся Бяляцкага, а таксама ў грэка-каталіцкай газэце «Царква»[3].

Існасьць правапісу

рэдагаваць

Дзеясловіца рэалізуе на пісьме фанэтычны прынцып беларускай мовы на аснове нормаў наркамаўкі, ад якой адрозьніваецца пераважна на артаграфічным узроўні — адзін і той жа тэкст у абодвух варыянтах вымаўляецца ідэнтычна. Вынятак складаюць канчаткі назоўнікаў ІІ скланеньня ў родным склоне, а таксама поўнагалосьсе ў формах І скланеньня роднага склону множнага ліку, накшталт «задачаў», «паэмаў», «пазіцыяў», якія былі пазычаныя з прынцыпаў клясычнага правапісу[4].

Апроч гэтага, асыміляцыйную мяккасьць сьвісьцячых дзеясловіца перадае непасьлядоўна: мяккасьць захоўваецца ў межах слова, але не перадаецца ў прыназоўніках.

Параўнаньне правапісаў

рэдагаваць
Клясычны правапіс Дзеясловіца Наркамаўка
сьвет, бязьлітасна сьвет, бязьлітасна свет, бязлітасна
жыцьцё, мысьленьне жыцьцё, мысьленьне жыццё, мысленне
бязь іх, ня толькі бяз іх, ня толькі без іх, не толькі
сымбаль, пазыцыя, сыгнал сімвал, пазіцыя, сігнал сімвал, пазіцыя, сігнал
філязофія, міт філасофія, міф філасофія, міф
Эўропа, Шатляндыя Еўропа, Шатландыя Еўропа, Шатландыя

Прычыны зьяўленьня

рэдагаваць

Праз тое, што афіцыйны правапіс беларускай мовы не перадае правільнае вымаўленьне беларускіх словаў[4], а асаблівасьці беларускага клясычнага правапісу ў перадаваньні замежных словаў для многіх нязвыклыя[4], ёсьць «сярэдні варыянт» правапісу, які імкнецца перадаць правільнае вымаўленьне беларускіх словаў і звыклае вымаўленьне замежных пазычаньняў[4].

Паэт і літаратуразнаўца Анатоль Івашчанка, які ёсьць прыхільнікам сярэдняга правапісу, сьцьвярджае, што:

  ня мяккія знакі ды перадача першага складу перад націскам ствараюць «псіхалагічны (ці «псыхалягічны») бар’ер» для тых, чыё вывучэньне беларускай абмяжоўваецца школай, а перадусім словаўтварэньне запазычанай лексікі (лацінізмы зь мяккім [л], сьвісьцячыя у пазіцыях перад [і], дыферэнцыяцыя гукаў [ф] і [т], перадаваньне ўласных імёнаў і інш.). Тут і ў саміх адэптаў «тарашкевіцы» поўна супярэчлівых поглядаў… У часе гутарак многія людзі, што карыстаюцца «тарашкевіцай», пацьвярджалі, што запазычаньні для іх ёсьць фактарам раздражняльным. Некаторыя пераходзілі на аналаг «дзеясловіцы», ня ведаючы пра яе існаваньне»[4].  

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць