Джайнізм (санскрыт: जैन, ад санскр. जिन — «пераможца») — старажытная дгармічная рэлігія, якая зьявілася ў Індыі прыблізна ў VI стагодзьдзі да н. э. Заснавальнікам вучэньня лічыцца кшатры Вардгамана ці Джына Магавіра. Джайны прасочваюць сваю гісторыю праз пасьлядоўнасьць з дваццаці чатырох пераможных выратавальнікаў і настаўнікаў, вядомых як тыртганкары, першым зь якіх быў Рышабганатга, які, як мяркуецца, жыў мільёны гадоў таму паводле джайнійскай традыцыі. Апошнім тыртганкарам быў Магавіра, які жыў каля 500 году да н. э. Джайны вераць, што джайнізм ёсьць адвечная дгармы, дзе тыртганкары накіроўваюць кожны цыкль касмалёгіі джайнаў.

Скульптура, якая люструе двух заснавальнікаў джайнізму: леваруч — Рышабганатга, першы з 24 тыртганкараў, герой легендаў, чыё існаваньне не было пацьверджанае гісторыкамі; праваруч — Магавіра, апошні з 24 тыртганкараў, які сыстэматызаваў і рэфармаваў рэлігію і філязофію джайнізму. Палажэньне фігураў характэрна для джайнійскага мастацтва. Іхныя целы ідэалізаваныя, амаль пазбаўленыя рэльефнасьці, што абумоўлена практыкаваньнямі ёгі, пакоем і вызваленьне ад плоці (яны знаходзяцца ў позе каётсарга)

Джайнізм прапаведуе ненанясеньне шкоды ўсім жывым істотам у гэтым сьвеце[1]. Філязофія і практыка джайнізму заснаваныя, у першую чаргу, на самаздасканаленьне душы для дасягненьня ўсябачаньня, усемагутнасьці і вечнай асалоды. Усялякая душа, якая пераадолела цялесную абалонку ад ранейшых жыцьцяў і дасягнула нірваны, называецца джынай. У старажытных тэкстах джайнізм часта прыраўноўваецца да джайн дгармы і шраман дгармы.

Да асноўных рэлігійных слупоў джайнізму ставяцца прынцыпы негвалтоўнасьці, шматграннасьці, непрывязанасьці і аскетызму. Джайнійскія манахі і вернікі прымаюць пяць асноўных абяцаньняў, вядомых як вратас, выкладзеных у найстарэйшым тэксце «Акаранга Сутра», як то абыходзіцца бяз гвалту, трымацца ісьціны, не красьці, трымаць цэлібат або цноту і не прывязвацца да анікога і анічога. Гэтыя прынцыпы шырока паўплывалі на джайнійскую культуру, як то прыхільнікі гэтае рэлігіі вядуць пераважна вэгетарыянскі лад жыцьця, які пазьбягае нанясеньня шкоды жывёлам і іхным жыцьцёвым цыклям.

У сучасным сьвеце джайнізм прадстаўлены невялікай, але ўплывовай рэлігіёзнай грамадой, якая налічвае 4,9 мільёну прыхільнікаў у Індыі, а таксама пасьпяхова растучымі таварыствамі з эмігрантаў у Паўночнай Амэрыцы, Заходняй Эўропе, на Далёкім Усходзе, у Аўстраліі і іншых частках сьвету.

  1. ^ «Jainism». Encyclopædia Britannica.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  • Jainism. Encyclopædia Britannica.  (анг.)
  • Jainism. Curlie.  (анг.)