Двайнік (аповесьць)

аповесьць Фёдара Дастаеўскага

«Двайні́к» — аповесьць Фёдара Дастаеўскага. Упершыню апублікаваная ў часопісе «Отечественные записки» (1846, №2) з падзагалоўкам «Прыгоды гаспадзіна Галядкіна».

Двайнік
Двойник
Вокладка выданьня 1866 году
Жанр: аповесьць
Аўтар: Фёдар Дастаеўскі
Мова арыгіналу: расейская
Год напісаньня: 1846
Публікацыя: 1846
Асобнае выданьне: 1866
Папярэдні твор: Бедныя людзі
Наступны твор: Нетачка Нязванава[d]
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору

Гісторыя стварэньня

рэдагаваць

Задума аповесьці і пачатак яе напісаньня адносяцца да 1845 году, калі аўтар скончыў работу над «Беднымі людзьмі». Яшчэ да заканчэньня «Двайніка» Дастаеўскі зачытваў асобныя главы на вечары кружка Бялінскага, якія мелі вялікі посьпех. Аповесьць спадабалася і Тургеневу, сам жа Бялінскі быў ад яе ў захапленьні. Аднак пасьля зьяўленьня поўнага тэксту ў атачэньні Бялінскага аповесьць выклікала расчараваньне, і гэта прымусіла аўтара пераацаніць яго. Адмоўныя водгукі прымусілі Дастаеўскага ўжо ў кастрычніку 1846 году думаць пра перапрацоўку аповесьці, што ён зрабіў толькі ў 1866 годзе: спачатку перашкодзіў арышт па справе Петрашэўскага і пазьнейшая ссылка; пасьля гэтага яго работа над новым варыянтам «Двайніка» шматкроць адкладалася.

У канчатковым варыянце Дастаеўскі вызваліў аповесьць ад шэрагу другарадных эпізодаў і матываў, якія запавольвалі дзеяньне і адцягвалі ўвагу чытача ад асноўнай яе сацыяльнае і маральна-псыхалягічнае праблематыкі (у прыватнасьці, былі аслаблены больш падрабязна разьвітыя ў першай рэдакцыі разважаньні герояў аб «самазванстве» двайніка, выяўленьні яго «вальнадумства», выпушчаны шэраг дыялёгаў паміж абодвумя Галядкінымі, скарочана ліставаньне Галядкіна з Вахрамеевым, перароблена канцоўка аповесьці і г. д.) Кіруючыся парадмі Бялінскага ды іншых крытыкаў, Дастаеўскі паспрабаваў вызваліць аповесьць ад шматлікіх паўтораў, якія абцяжарвалі ўспрыняцьце. Канчатковы варыянт аповесьці меў падзагаловак «Пецярбургская паэма», якая адсылае чытача да «Мёртвых душаў» Гогаля.

Тытулярны саветнік Якаў Пятровіч Галядкін — чалавек добры, прастадушны й мяккі характарам. Адчуваючы сябе чалавекам кволым і маленькім, ён усяляк імкнецца апраўдаць у сабе гэтыя якасьці і нават выдаць іх за дабрадзейнасьць. Аднак неўсьвядомленыя страхі й комплексы ўшчэмленых амбіцыяў праяўляюцца ў яго хваравітай схільнасьці бачыць крыўду ў словах, позірках, жэстах. Яму здаецца, што супраць яго ўсюды складаюцца інтрыгі, вядуцца падкопы.

У самым пачатку аповесьці Галядкін наведвае лекара, дыялёг зь якім зьмяшчае першы намёк на разумовае разладжаньне героя. Дастаеўскі падмацоўвае гэтае падазрэньне манерай маўленьня героя і яго бязладнай хадзе думак. Доктар дае Галядкіну колькі парадаў адносна яго здароўя і прапісвае адмысловы парашок, але той слухае толькі самога сябе, паколькі зьяўляецца замкнутым ва ўласным унутраным сьвеце.

Адправіўшыся на званую вячэру ў гонар дня нараджэньня дачкі стацкага саветніка Берандзеева, ён з жахам выяўляе, што па незразумелых прычынах згубіў прыхільнасьць гаспадароў, якія безь якіх-кольвек тлумачэньняў адмаўляюцца яго прыняць. Са ўсіх бакоў на яго пачынаюць сыпацца разнастайныя намёкі й недамоўкі адносна яго паводзінаў, якія ён ніяк ня можа растлумачыць, пакуль раптоўна не выяўляе прычыну — чалавека, як дзьве кроплі вады падобнага на яго, з тым жа імем і прозьвішчам, які паступіў на работу ў яго дэпартамэнт. «Двайнік» апынаецца гнюсьнейшым тыпам, баламутам, падлыжнікам і плюгаўцам — адным словам, поўнай супрацьлегласьцю самому герою. Зь незразумелай прычыны ў яго атрымліваецца на кожным кроку кампраметаваць «сапраўднага» Якава Пятровіча і разам з тым паступова заняць яго месца ў коле сяброў, знаёмых, на службе. Гэтага ён дасягае падлыжніцтвам, маной і іншымі ганебнымі сродкамі, якія гэтак агідныя галоўнаму герою.