Данііл (прарок)
Данііл (па-габрэйску: דָּנִיּאֵל Даніэль, «Бог мой судья») — адзін з чатырох вялікіх прарокаў, які яшчэ ў маладосьці быў вывезены ў Бабілён пад час першага захопу Іерусаліма Навухаданосарам II. Пры двары гэтага цара ён выхоўваўся ў халдзейскім духу і, паводле бабілёнскага звычаю, быў перайменаваны ў Валтасара. Пад час навучаньня Данііл праяўляе выключныя посьпехі й здольнасьці, прызначаецца старшынёю бабілёнскіх мудрацоў. Пасьля падзеньня Бабілёна ён карыстаецца выключнай павагай у намесьніка пэрсідзкага цара Кіра II мідыйца Дарыя, які зрабіў яго адным са сваіх бліжэйшых памочнікаў. Такое выключнае становішча прыдворнага служкі Данііла выклікала зайздрасьць у туземных князёў, якія дамагаліся яго зьнішчэньня, дзеля чаго прыдумвалі розныя прычыны. Але, як сьцьвярджаецца ў Бібліі, ва ўсіх яго неверагодных здарэньнях яго выратоўвае сам Бог. Валодаючы вялікай сілай узьдзеяньня на цара Дарыя, Данііл праводзіць апошнія гады свайго жыцьця ў прароцкіх сузіраньнях будучых лёсаў свайго іўдзейскага народу й, паводле біблейскага паданьня, нават вылічае час вызваленьня іўдзеяў з бабілёнскага палону, які адбыўся ў часы панаваньня Кіра ў 536 да н. э. У той жа год састарэлы прарок Данііл памірае ў Бабілёне.[1]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. С. 156.
Літаратура
рэдагаваць- Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — 207 с. — 4250 ас. — ISBN 5-343-00151-3 С. 156