Дакалюмбава гісторыя Какле

Археалягічны рэгіён Гранд-Какле — рэгіён, які ахоплівае шэраг культур дакалюмбавай эпохі на тэрыторыі сучаснай Панамы з найбольшай канцэнтрацыяй у правінцыі Какле. Археолягі ідэнтыфікавалі дадзеныя культуры па стылях мясцовай керамікі. Найбольш раньні і кепска вывучаны пэрыяд Ля-Мула (La Mula) доўжыўся з 150 да н. э. па 300 н. э. За ім ідуць пэрыяды Тонасі (Tonosi), 300—550 гг. н. э., і Кубіта (Cubita), 550—700 гг. н. э. У цэлым, група мясцовых культур, аб’яднаная агульнымі прыкметамі, існавала ў Какле з 1200 г. да н. э. да XVI стагодзьдзя, да заваёвы гішпанцамі.

Падвеска ў выглядзе чарапахі, Пляя-дэ-Вэнада (Playa de Venado), даціроўка невядомая: ад 500 да 1300 гг. н. э., ракавіна, Музэй Дамбартан-Оўкс, г. Вашынгтон

Археолягі, якія працавалі на тэрыторыі Панамы з 1920-х гадоў, выявілі руіны і пахаваньні, у якіх былі знойдзеныя шматлікія, цікавыя з культурніцкага пункту гледжаньня артэфакты: вырабы з золата і іншых мэталаў, разныя малюнкі на костках, ракавінах і зубах кітоў, тканіне, упрыгожваньні з паўкаштоўных камянёў і кераміцы. Залатыя вырабы з Какле былі прадметам гандлю ва ўсёй Мэсаамэрыцы, іх выявілі нават у Чычэн-Іца на паўвостраве Юкатан. Вялікая калекцыя дагістарычнай керамікі з Какле характарызуецца добра структураваным дызайнам, малюнкамі рыб, птушак, зьвяроў і людзей.

У 1920-я гады прынамсі адзін важны археалягічны помнік, Кантэ (Панама), быў настолькі моцна пашкоджаны археолягамі-аматарамі, што вялікая частка яго гістарычных каштоўнасьцяў (у тым ліку даціроўка знаходак) страчаная назаўсёды. У 1930—1940-х гг. Кантэ доўгі час раскопвалі археоляг Сэм'юэл К. Лотрап (Samuel K. Lothrop) з Гарварду і Дж. Олдэн Мэйсан (J. Alden Mason) з Пэнсыльванскага ўнівэрсытэту, прычым яны абодва апублікавалі вынікі сваіх дасьледаваньняў. Невялікі музэй на месцы раскопак дэманструе артэфакты і гісторыю месца. Другі помнік, Эль-Каньё, быў дасьледаваны больш прафэсійна і зьяўляецца крыніцай важнай інфармацыі аб культуры Уокле. Частка археалягічных помнікаў Какле выдзеленая ў культурную тэрыторыю Гран-Какле. Музэй археалёгіі і этналёгіі Пібадзі пры Гарвардзкім унівэрсытэце ў г. Кембрыдж (штат Масачусэтс) апублікаваў у 1937 і 1942 гг. дзьве буйныя працы пра раскопкі ў Какле.

Літаратура рэдагаваць

  • Lothrop, Samuel Kirland. Pre-Columbian Designs from Panama -Illustrations of Coclé Pottery. Dover Publications, Toronto, Canada, 1976. ISBN 0-486-23232-8.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць