Гэрман Чарлз Босман
Гэрман Чарлз Босман (па-афрыкаанс: Herman Charles Bosman; 3 лютага 1905 — 14 кастрычніка 1951) — паўднёваафрыканскі пісьменьнік, які лічыцца найлепшым аўтарам кароткіх апавяданьняў ПАР. Ён вывучаў творчасьць Эдгара По і Марка Твэна і выпрацаваў свой стыль, у якім асаблівая ўвага надавалася іроніі. У творах Босмана, напісаных у асноўным па-ангельску, выведзена шмат афрыканэраў; шмат увагі пісьменьнік надае супярэчнасьцям у грамадзтве афрыканэраў у першай палове ХХ ст.
Гэрман Чарлз Босман | |
Herman Charles Bosman | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 3 лютага 1905 Кайлсрывір |
Памёр | 14 кастрычніка 1951 (46 гадоў) Эдэнваль, ПАР |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік |
Жанр | кароткія апавяданьні |
Мова | ангельская мова[1] |
Паэт Рой Кэмпбэл назваў яго «адзіным літаратурным геніем, якога спарадзіла Паўднёвая Афрыка»[2].
Біяграфія
рэдагавацьБосман нарадзіўся ў Кайлсрывіры (афр. Kuilsrivier), гарадку непадалёк ад Кейптаўну, у афрыканерскай сям’і, і зь дзяцінства ведаў афрыкаанс і ангельскую. Калі Босманы пераехалі ў Яганэсбург, будучы пісьменьнік пайшоў у кенсынгтанскую сярэднюю школу для хлопчыкаў. Удзельнічаў у стварэньні школьнага часопісу. Калі Гэрману было шаснаццаць, ён пачаў пісаць першыя свае апавяданьні для нядзельнай газэты Sunday Times. Ва ўнівэрсытэт ён паступіў дзякуючы ўдзелу ў шэрагу конкурсаў студэнцкіх літаратурных твораў.
Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту Босман атрымаў месца настаўніка ў школе, дзе навучаньне вялося на афрыкаанс, у раёне Грот Марыка (афр. Groot Marico). Гэты край і яго людзі натхнілі пісьменьніка і сталі асноўным матэрыялам для самых вядомых апавяданьняў Босмана: сэрыі апавяданьняў пра Дзядзьку Схалка Лоўрэнса (афр. Oom Schalk Lourens) і нарысаў зь «Вітальні» (афр. Voorkamer) — дзеяньне іх усіх адбываецца ў гэтым рэгіёне.
Падчас школьных канікулаў у 1926 годзе Босман прыехаў у госьці да сваёй сям’і ў Яганэсбург. Паспрачаўшыся з сваім зводным братам, ён стрэліў зь вінтоўкі і забіў яго.
Пісьменьніка асудзілі на сьмерць і перавялі ў камэру для сьмяротнікаў у Цэнтральнай вязьні Прэторыі, але потым памілавалі і замянілі страту на дзесяцігадовае зьняволеньне і катаргу. У 1930 годзе яго вызвалілі пасьля адбываньня паловы тэрміну. Турэмны досьвед лёг у аснову яго напаўбіяграфічнай кнігі, «Турма Колд Стоўн» (Cold Stone Jug).
Босман адкрыў сваю друкарню і хутка зрабіўся часткай літаратурнай супольнасьці Яганэсбургу. Але яму быў патрэбны адпачынак, і ён выправіўся ў падарожжа, што зацягнулася на дзевяць гадоў, большую частку якіх ён правёў у Лёндане. Апавяданьні, напісаныя ў гэты пэрыяд, увайшлі потым у адну з самых вядомых яго кніг — «Мафэкінская дарога» (Mafeking Road).
У пачатку Другой сусьветнай вайны ён вярнуўся ў Паўднёвую Афрыку і пачаў працаваць журналістам, апроч гэтага, перакладаў на афрыкаанс «Рубаят» Амара Хаяма (выйшаў у 1948).
Босмана вельмі хвалявала тое, што ў Яганэсбургу не шанавалася культурная спадчына. Так, ён пісаў:
Яны зьнясуць Клясычны тэатар, як ужо зьнесьлі ўсе іншыя старыя будынкі, тэатры, джын-палаца, начлежкі, храмы, крамы, аркады, кафэ й турмы, якія асацыююцца з шахтарскімі часамі Яганэсбургу… Я рады, што ў сьвеце няма больш іншых гарадоў, якія б так прагнулі пазбавіцца ад сьведчаньняў уласнага паходжаньня.
Пісьменьнік ажаніўся з Элай Мэнсан. Пара зрабілася вядомай праз багемны стыль жыцьця і вечарынкі, якія часта зацягваліся да ранку, і на якіх госьці бавіліся дасьціпнымі размовамі. Пасьля вечарынкі, што адбылася ў гонар пераезду ў новы дом, пісьменьнік моцна захварэў — у яго зьявіліся болі ў грудзях, — і яго адправілі ў лякарню ў Эдэнвалі. Падчас прыёму на пытаньне: «Месца нараджэньня?» — ён адказаў: «Нарадзіўся ў Кайлсрывіры, памёр у эдэнвалскай лякарні». Празь некалькі хвілінаў пасьля таго, як ён увайшоў да доктара, з кабінэта пачуўся гучны рогат, і пісьменьніка выпісалі. Аднак літаральна празь некалькі гадзінаў ён зьлёг і памёр па дарозе ў лякарню. Дата сьмерці пісьменьніка — 14 кастрычніка 1951 году. Пахавалі Босмана на могілках у Вэстдэне. На яго трохкутным надмагільлі на афрыкаанс і па-ангельску напісана слова «пісьменьнік» (Die Skrywer, The Writer, Herman Charles Bosman).
Пасьля сьмерці Босмана аўтарскія правы на ўсе яго творы былі выстаўленыя на аўкцыён, і іх набыла яго жонка. Пасьля яе сьмерці правы перайшлі да яе сына.
Пры жыцьці Босмана пабачылі сьвет толькі тры яго кнігі: «Мафэкінская дарога» (1947), «Джакаранда» (Jacaranda) і «Турма Колд Стоўн» (1949). Аднак многія яго апавяданьні выходзілі ў шэрагу даўно забытых часопісаў; многія з гэтых апавяданьняў былі ўлучаныя пасьля ў розныя зборнікі і анталёгіі, якія шматразова выдаваліся пад рознымі назвамі і ў розным складзе.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Bosman, Herman Charles, 1905-1951 // CONOR.SI
- ^ Richard West. The Diamonds and the Necklace: A South African Journey. London, 1989. p. 195. ISBN 0-340-43035-4