Гном (Міжзем’е)

Міжзем’е
(Перанакіравана з «Гномы (Міжзем’е)»)

Гно́мы — чалавекападобная раса ў легендарыюме Толкіна, якая насяляе землі Арды. Упершыню зьяўляюцца ў рамане «Хобіт», пасьля ва «Ўладары Пярсьцёнкаў», «Сыльмарыльёне», «Няскончаных казаньнях» і «Гісторыі Міжзем’я».

Торын Дубатарч у кавальні

Апісаньне

рэдагаваць

У «Сыльмарыльёне» гномы паказаныя меншымі і каржакавацейшымі за эльфаў і людзей, звыклыя як да сьпёкі, так і да марозу. Яны не бесьсмяротныя, аднак жывуць даўжэй за людзей — у сярэднім 250 гадоў[1]. Іхнія жанчыны настолькі падобныя да мужчынаў, што іншыя расы зь цяжкасьцю могуць адрозьніваць стаць гномаў.

Гномы — выдатныя мэталаапрацоўнікі, кавалі і каменеломы. Жывуць пад зямлёй, у капальнях пад горамі, якія самі ж і выдзёўбваюць. Паколькі ў такіх умовах яны ня могуць займацца гаспадаркай, ежу гномы купляюць у людзей у абмен на выкапні і зброю альбо будуюць наўзамен дарогі і пабудовы. У войнах гномы часьцей за ўсё карыстаюцца сякерамі, аднак могуць таксама ужываць лукі, мечы, шчыты ды кіркі, а вось молаты, як гэта прынята ў іншых фэнтэзійных творах, у Толкіна не сустракаюцца.

У Першую і Другую эпоху Міжзем’я гномы падтрымліваюць прыязныя адносіны зь людзьмі і эльфамі. У Трэцяй эпосе, у прыватнасьці пасьля зачыненьня Морыі, іхні давер да эльфаў зьнікае, аднак пазьней усталёўваюцца сяброўскія сувязі з эльфамі Ліхалесься і людзьмі Дэйлу.

Мінуўшчына

рэдагаваць

У адрозьненьне ад эльфаў і людзей, створаных Эру Ілуватарам, гномы былі абуджаныя да стварэньня Сонца і Месяца, аднак пасьля эльфаў. Стварыў іх вала Аўлэ ў таямніцы ад іншых валар з мэтаю навучыць усім сваім рамёствам. Тым ня меней, Ілуватар ведаў пра іхняе стварэньне, і прыйшоўшы перад ягонае аблічча, Аўлэ раскаяўся і занёс свой молат, каб зьнішчыць створаных ім істотаў. Ілуватар спыніў Аўлэву руку і дазволіў гномам існаваць, аднак абуджанымі яны мелі быць не раней за эльфаў («Першародных»). Сем прабацькоў гномаў былі зьмешчаныя ў каменныя пячоры аддаленых рэгіёнаў Міжзем’я, чакаючы на сваё абуджэньне.

Першая эпоха

рэдагаваць

Праз пэўны час пасьля абуджэньня ў Куйвенэне эльфаў сем прабацькоў былі вызваленыя са сваіх каменных пячораў. Найстарэйшы зь іх на імя Дурын заснаваў у пячорах паміж трыма горнымі вяршынямі — Карадрасам, Келебдылем і Фануйдалам — места Казад-дум, якое расло і квітнела цягам ягонага жыцьця, такога працяглага, што яго празвалі Дурынам Неўміручым. Казад-дум быў адзіным стварэньнем гномаў, што перажыло Першую эпоху.

Далёка на захадзе ад Казад-Думу, у Эрэд Луіне, яшчэ да прыходу эльфаў у Бэлерыянд, паўсталі гномскія месты Бэлегост і Ноград. Гномы Бэлегосту першымі навучыліся каваць кальчугі са сплеценых колцаў, яны гандлявалі з сындар і выразалі для эльфійскага караля Тынгаля Тысячы пячораў Мэнэгроту. У Ноградзе каваль Тэльчар выкаваў Нарсіль і Ангрыст — два самыя ракавыя мечы ў гісторыі Арды — а таксама славуты Шалом Дор-Ломіну.

Гномы Бэлерыянду змагаліся супраць войскаў Мэлькора, і былі адзінымі з народаў Першай эпохі, хто мог вытрымаць цмокавы агонь у Бітве незьлічоных сьлёзаў. Іхні кароль Азагал пратыкнуў першага цмока Гляўрунга ды сам загінуў у бітве.

Гномы Нограду таксама ваявалі з Мэлькорам, аднак паддаўшыся хцівасьці, здрадзілі Тынгалю і скралі сыльмарылы, якія на ягоную просьбу самі ж укавалі ў каралі пад назваю Наўгламір. Пасьля гэтага іхняе войска было разьбітае аб’яднанымі сіламі Зялёных эльфаў(en) і энтаў. У рэшце рэшт пасьля Вайны гневу абодва каралеўствы гномаў і амаль увесь Бэлерыянд былі зьнішчаныя, рэшта гномаў перасялілася ў Казад-дум.

Другая эпоха

рэдагаваць

Уцекачы з Бэлегосту і Нограду далучыліся да жыхароў Казад-думу, дзе іхняе супольнае багацьце яшчэ пабольшала пасьля адкрыцьця мітрылю, чароўнага і надзвычай каштоўнага мэталу, які выкопваўся толькі ў іхніх шахтах. Гномы працягвалі гандаль зь людзьмі і эльфамі Эрэгіёну. Сем Пярсьцёнкаў, вырабленых эльфамі-кавалямі і пазьней перададзеных Саўрону, былі ім падораныя правадырам сямі кланаў гномаў (хаця Даўгабароды настойвалі, што Дурынаў пярсьцёнак быў падораны яму Келебрымбарам). Гномы Морыі сьпярша ўдзельнічалі ў вайне Саўрона з эльфамі, аднак у 1697 року дзьверы Казад-думу былі зачыненыя, і ягоныя насельнікі адгэтуль ня ўдзельнічалі ў падзеях на паверхні. З-за гэтага іхняе месца пражываньне стала больш вядомае па эльфійскім назове Морыя, што азначае «цёмная прорва».

Трэцяя эпоха

рэдагаваць

Росквіт гномавага каралеўства працягваўся да 1980 року Трэцяй эпохі, калі ў пошуках мітрылю яны спусьціліся настолькі глыбока, што знайшлі пячору з апошнім вядомым у гісторыі Міжзем’я балрагам, празваным Дурынаў праклён. Яны змагаліся з дэманам цягам году, і пасьля сьмерці двух каралёў ацалелыя гномы пакінулі Туманныя горы. Амаль два дзесяцігодзьдзі ня мелі яны сталага жытла, а ў 1999 Траін I заснаваў у Самотнай гары новае каралеўства, дзе быў адкрыты Аркенстон.

У 2210 року Торын I заснаваў каралеўства ў Шэрых гарах на захад ад Ліхалесься. Абодва каралеўствы ў час свайго росквіту былі зьнішчаныя цмокамі: Шэрыя горы ў 2590, Самотная гара — у 2770 цмокам на імя Смог. Частка ўцекачоў з Шэрых гор вярнулася да Самотнае гары, астатнія насялілі Жалезныя халмы, якія ніколі не зазналі болей навалаў і спусташэньняў. Пасьля нападу Смога на Самотную гару гномы сталі бадзячым народам, а тагачасны кароль Трор быў забіты і абязьвечаны оркамі ў 2790 року. Гномы распачалі вайну ў адплату, у якой загінулі амаль усе оркі Туманных гораў, аднак і палова гномаў. Пасьля гэтага ўдару гномы мусілі адраджацца некалькі стагодзьдзяў.

Уцекачы заснавалі часовае каралеўства на поўначы Блакітных гор, аднак Траін II пад уплывам свайго Пярсьцёнку — адзінага, які дагэтуль ня трапіў да Саўрона або цмокаў — вырашыў накіравацца ў невядомыя землі. Неўзабаве Саўрон, які тады хаваўся ў Дол Гулдуры пад імем Нэкраманта, захапіў Траіна, катаваў, адабраў пярсьцёнак і ўрэшце забіў. У 2941 року ягоны сын Торын II, унук Трора, адваяваў у Смога Самотную гару. У наступнай бітве ля гары, дзе аб’яднаныя войскі арлоў, эльфаў Ліхалесься, людзей Дэйлу і гномаў Жалезных халмоў перамаглі навалу гоблінаў, Торын загінуў. Ягоны стрыечны брат Даін II Жалезнаногі, кароль Жалезных халмоў, стаў каралём-пад-гарой, і адгэтуль гномы засталіся пад Самотнай гарой.

Гномы ня бралі значнага ўдзелу ў Вайне пярсьцёнка, хоць пэўны час Самотная гара трапіла ў аблогу, а ў бітве пад Дэйлам быў забіты Даін. Аднак вядомы ўдзел аднаго з гномаў — Гімлі — у паходзе Зьвязу Пярсьцёнка, а таксама ў бітвах пад Горнбургам, на Пэленорскіх палёх і пад Маранонам.

Чацьвертая эпоха

рэдагаваць

На пачатку Чацьвертай эпохі Гімлі ўзначаліў групу каляністаў з-пад Самотнай гары да Бліскучых пячораў, што пад Горнбургам у Рохане, і заснаваў тут новае каралеўства гномаў, стаўшыся ягоным каралём. Па сьмерці Арагорна ў 120 року ён сплыў разам зь Ляголасам у Бессьмяротныя землі.

Далейшы лёс гномаў напэўна невядомы; меркавана яны пачалі выміраць з-за дыспрапорцыяў асобаў жаночае стаці ды з-за таго, што мноства мужчынаў не жадалі заводзіць сем’і.

 
Надмагільны камень Баліна

Ад стварэньня гномы размаўлялі на кхуздуле, які стварыў для іх Аўлэ. Гэта была штучная мова, не падобная ні да якой эльфійскай, як большасьць чалавечых моваў, і тым ня меней жывая. На працягу ўсяе гісторыі Арды кхуздул быў вельмі ахоўванай мовай (адзін зь нямногіх ня-гномаў, хто ёю валодаў, быў Эол), і гномы ніколі не раскрывалі сваіх кхуздулскіх імёнаў іншаземцам, нават да таго, што выганялі іх з магілаў сваёй расы. Пісьменнасьцю карысталіся кірцкай — рунічным альфабэтам, створаным эльфамі. Корпусу кхуздульскае мовы не захавалася, за выняткам баявога поклічу: «Барук Казад! Казад ай-мэну!» («Гномскія сякеры! Гномы з вамі!») — і надпісу на Балінавым надмагільлі, які паведамляў: БАЛІН ФУНДЫНУЛ УЗБАД КАЗАД-ДУМУ (Балін, сын Фундына, уладар Морыі).

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ A Guide to Tolkien, David Day, Chancellor Press, 2002

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Гном (Міжзем’е)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў