Вікіпэдыя:Майстар артыкулаў/Значнасьць асобаў
Калі асоба мае заўважнае асьвятленьне ў вартых даверу крыніцах, якія ў сваю чаргу не залежаць ад апісваемай асобы, то хутчэй за ўсё асоба вартая для апісаньня ў Вікіпэдыі.
У адсоткавых суадносінах вельмі малая частка людзей мае дастатковую для асьвятленьня ў Вікіпэдыі значнасьць. Як і любая іншая энцыкляпэдыя, Вікіпэдыя асьвятляе біяграфіі важных гістарычных асобаў і сучасьнікаў.
Асноўнай умовай уключэньня артыкула пра асобу ў Вікіпэдыю зьяўляецца наяўнасьць правяральнай інфармацыі пра іх з трэціх крыніц, якія адлюстроўваюць грамадзкі інтарэс да асобы. Людзі, якія адпавядаюць прынамсі аднаму з наступных пунктаў, ацэньваюцца як значныя для асьвятленьня ў Вікіпэдыі. Гэта ня поўны сьпіс, але ён прыблізна адлюстроўвае крытэры значнасьці асобаў для Вікіпэдыі:
- асоба, якая зрабіла шырока прызнаны ўнёсак у сваю галіну дзейнасьці;
- палітычныя дзеячы, якія займаюць кіруючыя пасады ў міжнародных арганізацыях, дзяржаўных і мясцовых установах;
- шырока вядомыя людзі і стваральнікі грамадзкай думкі (напрыклад, уладальнікі зорак на Галівудзкай «Алеі Славы»);
- спартоўцы, якія ўдзельнічаюць ці ўдзельнічалі ў прафэсійных лігах, а таксама ўдзельнікі Алімпійскіх гульняў і чэмпіянатаў сьвету розных відаў спорту;
- аўтары з публікацыямі, рэдактары і фатографы, праца якіх асьветленая ў незалежных рэцэнзіях, ці ацэненая ўзнагародамі;
- мастакі, скульптары, архітэктары, інжынэры й іншыя прафэсіяналы, чыі творы шырока прызнаныя (ў лепшым ці горшым сьвятле), і якія сталі часткай гістарычнага пэрыяду ў іх галіне.
Заўважце: калі асоба, пра якую вы зьбіраецеся пісаць, заўважаная толькі ў адной падзеі, ня варта рабіць біяграфічны артыкул пра асобу, а лепей пакінуць зьвесткі пра чалавека ў артыкуле пра падзею.
Не дадавайце ілжывыя зьвесткі ў артыкулы пра жывых асобаў у Вікіпэдыі — гэта можа быць расцэненае як паклёп.