Выбух на Менскім радыёзаводзе 1972 году

Выбух у цэху па вырабе тэлевізыйных футаралаў Менскага радыёзаводу адбыўся 10 сакавіка 1972 году. Гэтая тэхнагенная катастрофа стала найбольш масавай у Беларусі па колькасьці ахвяраў[1]: па розных зьвестках пры выбуху загінулі ад 103 да 143 чалавек[2]. Паводле Дзьмітрыя Глеха, які быў на момант аварыі камандзірам вучэбнай роты палка грамадзянскай абароны, які ўдзельнічаў у ратаўнічых работах, у выніку выбуху загінулі больш за 120 чалавек[3].

Выбух на Менскім радыёзаводзе
Здымак Менску з космасу. Месца выбуху на завулку Соф’і Кавалеўскай пазначанае чырвонай кропкай.
Здымак Менску з космасу. Месца выбуху на завулку Соф’і Кавалеўскай пазначанае чырвонай кропкай.
Краіна Беларусь
Месца Менск
Тып катастрофы выбух
Дата 10 сакавіка 1972
Час 19:30
Наступствы
Загінулі 103—143 чалавекі
Параненыя 141
Пацярпелі 300

Трагедыя

рэдагаваць

Выбух адбыўся 10 сакавіка ў 19:30 у цэху па вуліцы Соф’і Кавалеўскай, у час працы другой зьмены. Ад выбуху абрынуліся жалезабэтонныя перакрыцьці, пакінуўшы ад будынку толькі слупы, на якіх трымаўся дах. Першымі на дапамогу тым, хто апынуўся пад руінамі, кінуліся супрацоўнікі суседніх прадпрыемстваў і цэхаў, пасьля на месца здарэньня прыбылі экстраныя службы, якім даводзілася разьбіраць завалы голымі рукамі да прыезду пад’ёмных кранаў. Выратавальныя працы працягваліся некалькі дзён. На трэці дзень працягвалі знаходзіць ацалелых[3]. 141 чалавек трапіў у шпіталь.

Тагачасная прэса праз два дні паведаміла толькі мінімальныя зьвесткі пра здарэньне, назваўшы тое, што адбылося, «аварыяй, у выніку якой ёсьць загінулыя і параненыя».

Расьсьледваньне

рэдагаваць

Камісію па расьсьледваньні прычынаў і абставінаў трагедыі ўзначаліў сакратар ЦК КПСС Д. Ф. Усьцінаў[4][5]. Неўзабаве прычынай выбуху быў названы дробнадыспэрсны пыл ад шліфаваньня ДГП і фанэры. За шматлікія гады працы ён асядаў у вэнтыляцыі, якая не спраўлялася з адкідамі вытворчасьці такога памеру, бо першапачаткова цэх быў спраектаваны і пабудаваны для тэкстыльнай вытворчасьці. Калі цэх быў перапрафіляваны пад футаральны, пыл стаў накоплівацца і вымяраўся ў сантымэтрах. Аднае іскры было дастаткова, каб ён выбухнуў.

Пра наяўнасьць праблемы было вядома дырэктару радыёзаводу, які паведамляў пра гэта праектоўнікам зь Ленінграду. Зьвяртаўся да іх таксама і кіраўнік аддзелу Дзяржаўнага пажарнага нагляду Ўправы пажарнай аховы Менску і вобласьці Леанід Ліпніцкі. Аднак на ўсе гэтыя звароты з праектнага інстытуту прыходзілі абвяржэньні.

Наступствы

рэдагаваць

Пасьля аварыі дырэктара ленінградзкага праектнага інстытуту, ляўрэата Ленінскай прэміі, пазбавілі ўсіх узнагарод і званьняў і выключылі з партыі. Дырэктар радыёзаводу Захаранка, галоўны інжынэр Куцэра, начальнік філіі N1 заводу Хоміў, старшыня заводзкага камітэту прафзьвязу Ірадаў былі звольненыя і выключаныя з партыі. Сакратар парткаму заводу Уцікаў і старшыня Менскага абкаму прафзьвязу работнікаў радыё- і электрычнай прамысловасьці Андрэеў атрымалі строгія вымовы і былі звольненыя, першы сакратар Цэнтральнага райкаму КПБ Яршоў і другі сакратар Менскага гаркаму КПБ Ляпёшкін атрымалі вымовы.

Праектоўнікі і дырэктар Менскага радыёзаводу апынуліся за кратамі (дырэктар атрымаў 15 гадоў[5]). Галоўны інжынэр прадпрыемства да суду разьбіўся ў аўтакатастрофе.

Усе выдаткі па пахаваньні дзяржава ўзяла на сябе. Родным загінулых сплацілі па 300 рублёў, пацярпелых — па 200. Тым, хто меў патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў, выдзелілі кватэры або пакоі. Агульная сума матэрыяльнай дапамогі склала 170 тыс. рублёў.

  1. ^ Сямён Печанко. «Трагедыя 1972-га. Пажар у Мінску» // «Наша Ніва» №41 (687) 3 лістапада 2010
  2. ^ Мікалай Чарняўскі (1 лістапада 2010) Топ-5 катастроф на мирных объектах, от которых пострадали белорусы (рас.). «Салідарнасць». Праверана 7 лістапада 2010 г.
  3. ^ а б Аруфриев, Г. Авария — «мишень» для профессионала // 7 дней. — 2007. — № 28. — С. 18.
  4. ^ Балахонаў, Сяргей (2 чэрвеня 2009) Анталёгія супадзеньняў. Частка №1 Проза. Тэзэй беларускага постмадэрнізму: сайт творчасьці Сяргея Балахонава. Праверана 6 лістапада 2010 г.
  5. ^ а б Виктор Федорович (3 лістапада 2010) Лимиты на смерть и масштабы соболезнования (рас.) Общество. «Белорусские новости». Праверана 6 лістапада 2010 г.

Літаратура

рэдагаваць