Вольга Качан
Во́льга Кача́н (па-ўкраінску: Ольга Качан, па-ангельску: Olga Katchan, дзяв. Сьвідэрская; 23 ліпеня, 1928, Пачаеў, Валынь, Украіна — 23 студзеня, 2023, Пэрт, Аўстралія) — украінская і беларуская грамадзкая дзяячка дыяспары ў Аўстраліі[1], аўстралійская псыхалягіня, псыхалінгвістка, выкладніца Сыднэйскага ўнівэрсытэту.
Вольга Качан | |
укр. Ольга Качан | |
Імя пры нараджэньні | Вольга Сьвідэрская |
---|---|
Род дзейнасьці | грамадзкая дзяячка, псыхалягіня |
Дата нараджэньня | 23 ліпеня 1928 |
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 23 студзеня 2023 (94 гады) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | грамадзкая дзяячка, псыхоляг |
Навуковая сфэра | псыхалёгія, псыхалінгвістыка |
Месца працы | |
Муж | Аркадзь Качан |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьВольга нарадзілася на Валыні ва ўкраінскай сям’і. Навучалася ў Варшаве, потым у Чэхаславаччыне. Пасьля Другой сусьветнай вайны ў 1950-м перабралася ў Аўстралію, дзе пабралася шлюбам зь беларусам Аркадзем Качаном (1921—1982), вядомым грамадзкім і вайсковым дзеячом беларусаў Аўстраліі[1].
Мела выдатныя моўныя здольнасьці: яшчэ ў вайну працавала перакладніцай ва ўстановах ЮНРРА (Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па дапамозе і аднаўленьні) і ІРО (міжнародная арганізацыя справаў уцекачоў) у Нямеччыне[2].
У 1966 годзе скончыла Сыднэйскі ўнівэрсытэт (атрымала дыплём бакаляўркі псыхалёгіі з адзнакай першай ступені), а ў 1972 годзе атрымала ступень магістаркі. У 1966 годзе яна пачала працаваць выкладніцай псыхалёгіі, а ў 1988 годзе стала старэйшай выкладніцай катэдры псыхалёгіі ў Сыднэйскім унівэрсытэце ў Аўстраліі[2].
У траўні 2019 году Вольга Качан была ўзнагароджаная Падзячнай граматай імя Джэйн Арно за ейны ўнёсак у паляпшэньне становішча жанчынаў і служэньне грамадзтву.
Жыла на пэнсіі ў Сыднэі да 2021 году. У 2021 годзе перабралася да сына Джорджа ў Пэрт, дзе памерла ў 2023 годзе. Пахаваная ў Сыднэі[3].
Дзейнасьць
рэдагавацьВольга Качан зьяўлялася актыўнай дзяячкай украінскай і беларускай грамадаў Аўстраліі.
Выкладала ў Сыднэйскім унівэрсытэце. Займалася псыхалінгвістыкай, мела акадэмічныя публікацыі на тэму псыхалягічных асноваў, аспэктаў білінгвізму. Асаблівую ўвагу прыцягнуў у 80-ыя гады мінулага стагодзьдзя ейны тэкст «Early Bilingualism: Friend or Foe?» («Раньні білінгвізм: сябар ці вораг?»)[2].
Вольга Качан і Беларусь
рэдагавацьПраз першага беларускага мужа Аркадзя Качана Вольга далучылася і да беларускай справы.
Ліставалася на выдатнай беларускай мове з лёнданскай Скарынаўкай, галоўным чынам з айцом Аляксандрам Надсанам. У Скарынаўцы захоўваюцца як уласна лісты Вольгі Качан, так і супольныя з мужам лісты. Словам і грашыма падтрымлівала беларускую справу: ахвяравала на Скарынаўку і на беларускія газэты Аўстраліі.
Пасьля сьмерці мужа ў 1982 годзе падтрымлівала сувязі з Скарынаўкай, Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва. Пісала пра беларусаў Аўстраліі па-ангельску, напрыклад, у 1988 годзе ў энцыкляпэдыі «The Australian People: an Encyclopedia of the Nation, its People and their Origins» («Аўстралійскі народ: энцыкляпэдыя нацыі, ейных людзей і іх паходжаньня»)[1].
Працы
рэдагаваць- 1986: «Early Bilingualism: Friend or Foe?» («Раньні білінгвізм: сябар ці вораг?»)
- 1988: тэкст пра беларусаў Аўстраліі ў «The Australian People: an Encyclopedia of the Nation, its People and their Origins» («Аўстралійскі народ: энцыкляпэдыя нацыі, ейных людзей і іх паходжаньня»).
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Наталля Гардзіенка, Беларусы ў Вялікабрытаніі, Мінск, Мэдысонт, 2010, с. 478.
- ^ а б в Уладзіслаў Гарбацкі, Памерла Вольга Качан, беларуская дзяячка і аўтарка "Уцёкаў з «раю», Новы Час, 1-03-2023, https://novychas.online/asoba/pamerla-volha-kaczan-belaruskaja-dzjajaczka-i-au
- ^ BLOG AT WORDPRESS.COM, Condolences To The Family Of Olga Swiderski Katchan, JANUARY 27, 2023, https://dpcampohioresearchproject.wordpress.com/tag/olga-katchan/