«Вецер у вербах» (па-ангельску: The Wind in the Willows) — твор дзіцячай клясыкі, напісаны Кенэтам Грэмам і ўпершыню выдадзены ў 1908 року.

Вецер у вербах
The Wind in the Willows
Вокладка выданьня 1913 року
Жанр: дзіцячая літаратура
Аўтар: Кенэт Грэм
Мова арыгіналу: ангельская
Публікацыя: 1908
Выдавецтва: Methuen
Колькасьць старонак: 302
Носьбіт: папяровы
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору

Перамяжаючы павольны аповед з хуткім разгортваньнем падзеяў, твар факусуецца на чатырох чалавекападобных жывёлах у пастаральнай Ангельшчыне. Раман адметны сваёй мешанінай містыцызму, прыгодаў, маральнасьці і таварыства і шануецца за ўзнаўленьне прыроды даліны Тэмзы.

У 1908 Грэм сышоў на пэнсію з пасады сакратара Банка Ангельшчыны і вярнуўся ў родны Кукгэм у Бэркшыры, дзе на рацэ Тэмза ягонае жыцьцё праходзіла ў падобным да апісанага ў кнізе стыль, што адлюстравана ў адной з найбольш вядомых цытатаў з кнігі: «Проста шлэндаючыся ў чоўнах». Тут ён запісаў калыханкі і казкі, што расказваў на ноч свайму сыну Алістэру.

У 1929 року Алан Аляксандар Мілн адаптаваў раман «Вецер у вербах», які ў гэты час зазнаў ужо 31 выданьне, для тэатру п’есай «Рапуха з Рапухавага дому(en)». У 2003 раман Грэма быў названы 16-м у апытаньні BBC «Вялікая чытанка(en)»[1].

Вясна, стаіць цудоўнае надвор’е, і лагодны Крот зьнецярплівеў. Ён выбіраецца са свайго падземнага жытла, каб удыхнуць вольнага паветра. Нейкім чынам ён трапляе на раку, дзе ніколі яшчэ ня быў. Тут ён сустракае вадзянога шчура Рэцьці, які ў гэтую пару году цэлымі днямі бавіцца на, у і ля вады. Шчур бярэ Крата з сабою ў прагулянку ў сваёй шлюпцы. Яны праводзяць разам шмат дзён, падчас якіх шчур прызвычайвае крата да вады.

 
Фоўі Гол, які паслужыў правобразам Рапухавай хаты

Аднаго летняга дня Рэцьці і Крот апынаюцца ля вялікага Рапухавага дому і завітваюць да Рапухі. Рапуха багатая (атрымала спадчыну ад бацькі), таварыская, дружалюбная і сардэчная, аднак бязмэтная і пыхлівая, таму пастаянна захапляецца часовымі прыхамацямі, якія праходзяць, як толькі яна іх дасягнула. Толькі што наплаваўшыся на чоўне, Рапуха цяпер захапілася кіраваньнем фурманкай. Фактычна яна вось-вось выберацца ў падарожжа і пераконвае неахвочага Шчура і зацікаўленага Крата далучыцца. Наступным днём (калі Рапуха ўжо стамілася ад рэальнасьцяў паходнага жыцьця і сьпіць увесь дзень, каб пазьбегнуць руціны) ля іх праносіцца аўтамабіль, які зьлякаў каня. Той ад страху перакуліў фурманку ў канаву. Шчур выконвае баявы танец і пагражае законам кіроўцам аўтамабіляў, але гэты момант адзначае сканчэньне захапленьня Рапухі коннымі вандроўкамі і пачатак захапленьня аўтамабілямі. Калі тройка жывёлаў трапляе ў суседняе месца, яны прапануюць Рапусе накіравацца ў паліцыю і падаць скаргу на вандалаў зь іхнімі аўтамабілямі, а адтуль — да каваля, каб паладзіць фурманку. Аднак Рапуха, навучаная горкім досьведам, адмаўляецца. Шчур і Крот знаходзяць карчму, адпачываюць і, змучаныя, вяртаюцца дахаты цягніком. У гэты час Рапуха вырашае замовіць сабе машыну.

Крот вырашае пабачыцца з паважаным, але няўлоўным Барсуком, што жыве ў глыбокім Ліхалесьсі. Але Шчур, ведаючы, што Барсук ня любіць гасьцей, прапануе Крату пачакаць, пакуль Барсук сам да іх прыйдзе. Тым ня меней, узімку, калі Рэцьці ўпаў у сьпячку, імпульсыўны Крот рушыць у Ліхалесьсе, спадзеючыся адшукаць Барсука. У лесе ён заблукаў, пабачыў шмат «злоснатварых» насельнікаў, запанікаваў і, каб ня зьмерзнуць, вырашыў схавацца пад каранямі дрэва. Шчур, абудзіўшыся і зразумеўшы, куды пайшоў Крот, ідзе па ягоных сьлядох, узброіўшыся пісталетам і тоўстым кіем. Знаходзіць таго ў той момант, калі сьнег пайшоў не на жарт. На адваротным шляху Крот і Шчур літаральна зачапляюць Барсукову хатку: Крот абадраў сваю ступню аб шчотку для абутку на дзьвярах Барсука. Шчур знаходзіць яшчэ й дыванок для ног, аднак Крот лічыць яго дзіваком і разумее, што яны знайшлі хату Барсука, толькі калі яны пачынаюць раскопваць дзьверы. Барсук акурат у гэты час зьбіраўся ў ложак і ўжо пераапрануўся ў халат і тапкі, аднак сардэчна вітае Шчура з Кратом і сьпяшаецца падаць ім гарачую вячэру і сухую вопратку. Ад гасьцей ён даведваецца, што Рапуха разьбіла шэсьць аўтамабіляў, тройчы трапляла ў шпіталь і сплаціла штрафаў на цэлы скарб. Яны вырашаюць, што пакуль ня пройдзе зіма, пачакаюць, але ўвесну абавязкова пачнуць ратаваць Рапуху ад самое сябе: бо яны ж усё-ткі сябры і хвалююцца за яе здароўе.

Калі прыходзіць вясна, Барсук наведвае Крата і Шчура, каб распрацаваць плян уратаваньня Рапухі ад яе звычкі. Траёх яны ідуць у госьці да Рапухі і спрабуюць угаварыць яе, аднак беспасьпяхова. Тады яны сажаюць Рапуху пад хатні арышт, пакуль яе захапленьне ня згасьне само сабой. Сымуляўшы хваробу, Рапуха падманвае Шчура (які ў гэты момант на варце) і ўцякае на машыне, але трапляе ў паліцыю з-за хуткай язды. Там яе саджаюць у вязьніцу на дваццаць гадоў.

 
Крот у Ліхалесьсі

Барсук і Крот раззлаваныя на Шчура з-за яго даверлівасьці, але тым ня меней адчуваюць палёгку з тае прычыны, што ўсё лета ня згіне за вартаваньнем Рапухі. Тым ня меней, Барсук і Крот застаюцца жыць у Рапухавай хаце ў спадзеве, што яна вернецца. У гэты час Рапуха заваёўвае сымпатыю Дачкі турэмніка, якая дапамагае ёй уцячы, пераапрануўшыся ў прачку. Рапуха ўцякае ад паліцыі цалкам бяз сродкаў, з адзінага майна маючы на сабе толькі вопратку. Вандруючы на спадарожных цягніках, яна сустракае бурлакоў. Уласьнік баржы, якую цягнуць коньмі, прапануе падвезьці Рапуху ў абмен на паслугі прачкі. Аднак з-за кепскай працы жанчына скідае Рапуху з баржы ў канал. Выкраўшы каня, Рапуха ўцякае і пасьля прадае каня цыгану. Галасуючы на дарозе, яна спыняе аўтамабіль, які раней выкрадала. Кіроўца не пазнае Рапуху, усё яшчэ апранутую прачкай, і дазваляе той пакіраваць машынай. Адчуўшы ранейшае захапленьне, Рапуха шалёна гоніцца, выкрыўшы сваю сапраўдную натуру. Разьятраныя пасажыры спрабуюць спыніць яе, што прыводзіць да аварыі, пасьля якой Рапуха ізноў уцякае. Перасьледваная паліцыяй, яна звальваецца ў раку, якая па шчасьліваму зьбегу абставінаў выносіць Рапуху да хату Шчура.

Шчур распавядае, што Рапухава хата цяпер аддадзеная тхарам, ласкам і фрэткам зь Ліхалесься, якія выжылі адтуль Крата і Барсука. Хоць і ўзрушаная навіной пра страту свайго дому, Рапуха ўсьцешаная тым, што мае сапраўды шчырых сяброў і ўсьведамляе, наколькі блага сябе паводзіла. Прыбягае Барсук і распавядае, што ведае сакрэтны тунэль да Рапухавай хаткі, зь якога можна напасьці на захопнікаў. Узброеная да зубоў тройка сяброў праходзяць па тунэлі і накідваюцца на тхароў, якія, нічога не падазраючы, у гэтым момант сьвяткуюць. Выгнаўшы захопнікаў, Рапуха ладзіць банкет у гонар свайго вяртаньня, на якім паводзіць сябе ціха і рахмана. Пасьля гэтага яна кампэнсуе ўсё, за што нашкодзіць падчас свайго ранейшага ладу жыцьця, і чацьвёрка сяброў пражывае рэшту жыцьця шчасьліва.

У дадатак да асноўнага сюжэту кніга зьмяшчае некалькі незалежных кароткіх гісторыяў пра Шчура і Крата. Большаю часткаю яны зьяўляюцца ў перапынках між аповедамі пра прыгоды Рапухі, і часьцей за ўсё апускаюцца ў скарочаных перавыданьнях і тэатральных пастаноўках. Разьдзел «Dulce Domum» (бел. Лю́бая хата) апісвае вяртаньне Крата дахаты ў кампаніі Шчура. Хоць дом даўно закінуты, але разам яны абсталёўваюць яго ва ўтульнае жытло. «Дудар ля Варотаў досьвітку» распавядае пра тое, як Крот і Шчур ідуць на пошукі зьніклага сына Выдры — Портлі, якога яны знаходзяць пад апёкай бога Пана (Пан выдаляе зь іхняе памяці згадкі пра гэтую сустрэчу, «каб жудасныя згадкі не разрасталіся і не зацямнялі весялосьць і задавальненьне»). У «Wayfarers All» Рэцьці паказвае свой неўтаймоўны характар, калі з ахвотаю далучаецца да вандроўкі з вадаплаўным пацуком.

Асноўныя героі

рэдагаваць
 
Шчур, Крот, Рапуха і Барсук
  • Крот — рахманая, дамаседная жывёла, першай зьяўляецца ў кнізе. Сыты па горла надыходзячай вясной, што ўварвалася ў ягоную ўтульную хатку, выпраўляецца ў рызыкоўнае падарожжа вонкі. Сьпярша адчуваючы пабожны страх перад буркатаньнем і віраваньнем рачнога берагу, у рэшце рэшт прызвычайваецца.
  • Рэцьці — культурны, спакойны і дружалюбны вадзяны шчур зь літаратурнымі задаткамі і жыцьцём на волі. Рэцьці любіць раку і бярэ Крата пад сваё крыло. Часам любіць пасваволіць і нават можа быць упартым, калі вядзецца пра рэчы, якія не падобныя да ягонага стылю жыцьця ля ракі.
  • Містэр Рапуха — заможны нашчадак з Рапухавага дому. Таварыскі, дабрадушны і не пазбаўлены інтэлекту, багацьце атрымаў ад бацькі. Расьпешчаны, пыхлівы й імпульсыўны, схільны да хвілінных захапленьняў і маніяў (такіх як спуск на чоўне або вандроўка фурманкай), кожная зь якіх яму неўзабаве надакучвае. Ягонае захапленьне аўтамабілямі ўрэшце рэшт прыводзіць яго да турмы за крадзеж, неасьцярожнае кіраваньне і вялікае задзёрства з паліцыяй. Некалькі разьдзелаў кнігі прысьвечаныя ягоным адважным уцёкам зь вязьніцы.
  • Містэр Барсук — няветлівы і самотны, які «проста ненавідзіць грамадзтва», увасабляючы сабою «мудрага пустэльніка». Сябра Рапухавага бацькі, ён не згаджаецца на саступкі Рапусе, хоць і аптымістычна верыць, што ў рэшце рэшт ягоныя станоўчыя рысы пераважаць. Жыве ў агромністым падземным жытле, частка якога ўулючае рэшткі старадаўняга рымскага паселішча. Адважны і спрытны баец, Барсук са сваёй вялізнай дубінай дапамагае выгнаць прыхадняў зь Ліхалесься з Рапухавай хаты.
  • Выдра — сябар Рэцьці з тыповым характарам, «уласьцівым вулічным гандлярам-кокні», экстравэрт, стойкая і самастойная. Портлі — яе малады сын.
  • Дачка турэмніка — адзіны значны чалавечы пэрсанаж; «разумная, мудрая, добрая дзяўчынка», дапамагае Рапусе ўцячы з турмы.
  • Верхавод-ласка — антаганіст раману. Са сваёй бандай ласак, тхароў і фрэтак зь Ліхалесься вырашаюць захапіць Рапухаву хату.
  • Насельнікі Ліхалесься — ласкі, тхары, фрэткі, лісы й іншыя, якія Рэцьці апісвае такім чынам: «усё нібыта і ў парадку… але ж… карацей, ім нельга давяраць».
  • Пан — бог, які зьяўляецца толькі адноўчы, у 7-м разьзделе «Дудар ля Варотаў досьвітку».
  • Падарожнік — бадзяга, мараплаўны пацук, які таксама зьяўляецца толькі аднойчы. Рэцьці неадкладна зьбіраецца ўвасьлед за ім, перш чым Крот пасьпявае яго адгаварыць.
  • вавёркі і трусы, у асноўным добрыя.

Узнагароды

рэдагаваць

У 2002 року часопіс «Book» назваў містэра Рапуху 38-м са 100 найлепшых фантастычных пэрсанажаў з 1900 року[2].

У 2003 раман «Вецер у вербах» быў названы 16-м у апытаньні BBC «Вялікая чытанка»[1].

  1. ^ а б «BBC — The Big Read». BBC. April 2003, Retrieved 18 October 2012
  2. ^ NPR report

Літаратура

рэдагаваць
  • Grahame, K, The Annotated Wind in the Willows, edited with preface and notes by Annie Gauger and Brian Jacques, Norton, ISBN 978-0-393-05774-4.
  • Grahame, K, The Wind in the Willows: An Annotated Edition, edited by Seth Lerer. Belknap Press / Harvard University Press, ISBN 978-0-674-03447-1.
  • Grahame, K, «First Whisper of 'The Wind in the Willows'», edited by Elspeth Grahame, J. B. Lippincott, Philadelphia & New York, 1944. Telling how the stories evolved from bedtime stories (and letters, in his absence) for his son Alastair, then known as 'Mouse'.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць