Вангель Мэксі

Альбанскі лекар, мовазнаўца, перакладнік

Ва́нгель Мэ́ксі (па-альбанску: Vangjel Meksi; 1770, Лябава, Яніна, Асманская імпэрыя, цяпер у Гіракастэрскім раёне Альбаніі) — 1821, Трыпаліца, Асманская імпэрыя, цяпер у Грэцыі) — альбанскі лекар, пісьменьнік, перакладнік. Зьдзейсьніў першы пераклад Новага Запавету на альбанскую мову.

Вангель Мэксі
Vangjel Meksi
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1770
Лябава, Яніна, Асманская імпэрыя
Памёр 1821 (51 год)
Трыпаліца, Асманская імпэрыя
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці лекар, мовазнаўца, перакладнік
Мова альбанская мова
Значныя творы Пераклад Новага Запавету на альбанскую мову; граматыка альбанскае мовы

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Мэксі нарадзіўся ў вёсцы Лябава ў шляхецкай сям’і. Навучаўся ў Яніне (цяпер у Грэцыі)[1]. Да 1803 року працаваў лекарам пры двары Алі-пашы, валадара Яніны. З рэкамэндацыйным лістом ад пашы Вангель Мэксі паступіў у Нэапалітанскі ўнівэрсытэт (Італія), дзе вывучаў мэдыцыну і практыкаваў у шпіталі парафіі Сан-Джаваньні і Карбанара. У 1808, скончыўшы адукацыю, вярнуўся ў Яніну на двор Алі-пашы адным зь ягоных чатырох пэрсанальных лекараў.

У 1810, трапіўшы ў няласку, накіраваўся ў Эўропу[1]. У Вэнэцыі зацікавіўся альбанскім альфабэтам і мовай[1]. У 1814 апублікаваў два пераклады рэлігійных тэкстаў на альбанскую мову, аднак абодва страчаныя.

Мэксі склаў граматыку альбанскае мовы[2], якая таксама страчаная, аднак згадваецца ў шматлікіх лістах Робэрта Пінкертана, які характарызаваў Вангеля Мэксі як альбанскага філёляга. Праца, імаверна напісаная да 1819 року, можа быць як першай, так і другой (пасьля Яна Эўстрата Віткукары) альбанскай граматыкай[3].

У гэты час Мэксі таксама стварыў новы альбанскі альфабэт, аб’яднаўшы мноства разнастайных, што існавалі дагэтуль[4]. Гэтымі літарамі ён напісаў кнігу «Артаграфія альбанскае мовы» (альб. Drejtshkrimi i gjuhës shqipe)[4].

У 1819 прадстаўнік Брытанскага і замежнага Біблійнага таварыства ў Маскве Робэрт Пінкертан сустрэўся з Вангелем Мэксі ў Стамбуле[5] і дамовіўся пра пераклад апошнім на альбанскую мову Новага Запавету. Пераклад быў выкананы за два гады[6], а ў 1823 на Мальце надрукаваны сыгнальны асобнік[7], аднак да гэтага часу Мэксі ўжо памёр.

  1. ^ а б в Lloshi, p. 112
  2. ^ Lloshi, p. 117
  3. ^ Kastrati, p. 516
  4. ^ а б Meksi (2000), p. 46
  5. ^ Clayers, p. 182
  6. ^ Albanian Literature in Greek Script: The Eighteenth and early Nineteenth Century Orthodox Tradition In Albanian Writing // Byzantine and Modern Greek Studies. — 1991. — Т. 15. — С. 20–34. — DOI:10.1179/byz.1991.15.1.20
  7. ^ Lloshi p. 118

Літаратура

рэдагаваць