Валадар мух

раман Ўіяльма Голдынга 1954 року

Валада́р мух (па-ангельску: Lord of the Flies) — раман брытанскага нобэлеўскага ляўрэата Ўільяма Голдынга 1954 року. У творы група брытанскіх хлапцоў выжывае на ненаселеным востраве, спрабуючы самаарганізавацца. Раман закранае пытаньні групавога мысьленьня і асабістасьці, рацыянальнасьці і эмацыйнасьці, маралі і амаральнасьці.

Валадар мух
па-ангельску: Lord of the Flies
Жанр: юнацкая мастацкая выдумка[d], алегорыя[d], рабінзанада[d], навуковая фантастыка і антыўтопія[d]
Аўтар: Ўільям Голдынг
Мова арыгіналу: ангельская мова
Публікацыя: 18 верасьня 1954
Выдавецтва: Faber & Faber[d]

«Валадар мух» стаў дэбютным творам Голдынга і атрымаў усеагульнае прызнаньне. Ён заняў 41-е і 25-е месцы ў сьпісе 100 найлепшых раманаў Сучаснай бібліятэкі(d) паводле меркаваньняў выдаўцоў і чытачоў адпаведна. У 2003 року ён заняў 70-е месца ў апытаньні Бі-Бі-Сі «Вялікая чытанка(d)»; у 2005 часопіс Time уключыў яго ў сьпіс 100 найлепшых ангельскамоўных раманаў, выдадзеных між 1923 і 2005 рокамі, і ў сьпіс 100 найлепшых юнацкіх кніг усіх часоў.

Публікацыя

рэдагаваць

«Валадар мух» — першы раман Ўільяма Голдынга, апублікаваны ў 1954 року. Ідэя напісаньня зьявілася ў аўтара пасьля прачытаньня моладзевага раману «Каралавы востраў» Робэрта Майкла Балантайна 1857 року. Палічыўшы непраўдападобнымі паводзіны дзяцей, якія трапляюць на закінуты востраў, ён вырашае стварыць раман пра тое, «як бы дзеці насамрэч паводзіліся б на ненаселеным востраве». Таму ў голдынгавым рамане трапляюцца адсылкі да «Каралавага вострава», а тры галоўныя пэрсанажы раману (Ральф, Парсюк і Джэк) могуць быць карыкатурамі на трох пратаганістаў «Каралавага вострава».

Мноства выдавецтваў адмовілі ў выданьні, пакуль яго ўрэшце не прыняло лёнданскае прадпрыемства Faber & Faber. Першыя тры тысячы асобнікаў выданьня распрадаліся паволі, аднак пасьля кніга стала бэстсэлерам: паводле стану на 2015 прададзеныя больш за 10 мільёнаў экзэмпляраў[1].

  Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Падчас эвакуацыі пасьля выбуху атамнай бомбы брытанскі самалёт падае ў ваду каля неназванага вострава недзе ў Ціхім акіяне[2]. У жывых застаюцца толькі хлопчыкі. Русы хлопец на ймя Ральф і таўстун на мянушку «Парсюк» знаходзяць ракавіну, якую ўжываюць для скліканьня ўсіх выжылых на веча. Ральф адразу становіцца лідарам, якога называюць «правадыром». Ён усталёўвае тры асноўныя правілы: радавацца, выжываць і заўсёды зьберагаць полымя, каб падаваць знакі пры праходжаньні караблёў. Да двойкі далучаюцца рудавалосы Джэк і ціхмяны Сайман, які здабывае вагонь з дапамогай Парсюковых акуляраў.

З часам большасьць хлопцаў дэградуюць, не жадаючы працаваць і паляпшаць побыт на востраве. У іх зьяўляецца параноіднае ўяўленьне пра існаваньне на востраве нейкага «монстра». Ральф ня здолеў пераканаць іх, што гэта выдумка; для такіх хлопцаў новым правадыром становіцца Джэк, які абяцае асабіста знайсьці і забіць таго монстра. Аднойчы ён склікае ахвотнікаў упаляваць дзіка, зь ім выпраўляюцца таксама і адказныя за падтрыманьне вагню. Акурат у гэты час міма вострава праплывае карабель, але ён не заўважае згубленых. У Ральфа з Джэкам праз гэта адбываецца сварка, але апошняга нечакана падтрымліваюць большасьць хлапцоў. Разумеючы, што больш ня ёсьць лідэрам, Ральф хоча саступіць месца правадыра, аднак Парсюк адгаворвае яго ад гэтага ўчынку.

Аднае ночы ля вострава адбылася паветраная бітва; адзін зь пілётаў катапультаваўся, аднак загінуў пры спуску, а ягонае цела застрэгла разам з парашутам між галінаў дрэваў. Блізьняты Сэм і Эрык, знайшоўшы рэшткі пілёта, зблыталі яго з монстрам. Праверыць іхнюю знаходку выпраўляюцца Ральф, Джэк і пануры хлопчык на ймя Роджэр і таксама жахаюцца, палічыўшы істоту жывою. Джэк склікае веча і спрабуе падбухторыць астатніх супраць Ральфа, але сьпярша не знаходзіць падтрымкі; што праўда, з часам большасьць хлапцоў пераходзяць у ягонае племя.

Сайман часта любіць самотна шпацыраваць у лесе. Аднаго дня ён знаходзіць сьвіную галаву, натыкнутую на ўстрыкнуты ў зямлю кол. Гэта балван племені Джэка, якога яны паставілі ў ахвяру монстру; ад гніеньня вакол галавы ўжо мітусяцца мухі. У Саймана з галавой адбываецца ўяўная размова, у якой «Валадар мух» паведамляе, што ніякага монстра тут няма, і прадказвае, што на Саймана накінуцца іншыя хлапцы. Уначы Ральф і Парсюк прабіраюцца ў стан Джэкавага племені і бачаць, што тыя размалёўваюць твары ды скачуць у першабытных рытуалах. Сайман высьвятляе, што таямнічы «монстар» — гэта загіблы пілёт, і сьпяшаецца паведаміць пра гэта племені. Ашалелыя скокамі хлопцы разам з Ральфам і Парсюком, палічыўшы, што да іх бяжыць монстар, забіваюць яго.

Банда на чале з Джэкам робіць набег на Ральфаў лягер, каб адабраць Парсюковы акуляры — адзіны спосаб здабыць вагонь. Разрабаваўшы лягер, яны вяртаюцца ў свой стан на выступе, які назвалі Замкавай скалой. У гэты час большасьць хлопцаў ужо перайшлі да Джэка. Ральф разам з Парсюком, Сэмам і Эрыкам ідзе да Замкавай скалы, каб вярнуць акуляры. Племя яму адмаўляе, а Роджэр задзейнічаў пастку, якая забівае Парсюка і трушчыць ракавіну перамоваў. Ральф уцякае, а Сэма і Эрыка Роджэр катуе да тае пары, пакуль яны не пагаджаюцца далучыцца да Джэкавага племені.

Уночы Ральф таемна прабіраецца да Сэма з Эрыкам, якія папярэджваюць, што Джэк плянуе забіць і яго. Зранку Джэкава племя падпальвае лес, каб вытурыць Ральфа, але той здолеў унікнуць выкрыцьця. Пачынаецца доўгі перасьлед, у рэшце рэшт Ральф чапляецца за штосьці і падае проста пад ногі вайскоўцу — брытанскаму марскому афіцэру, які з экіпажам высадзіўся на выспу, заўважыўшы вагонь. Ральф, Джэк і ўсе астатнія пры ягоным відзе пускаюць сьлязу. Афіцэр выказвае заклапочанасьць іхнімі дзікунскімі ваяўнічымі паводзінамі, адварочваючыся і пазіраючы на свой крэйсэр, што чакае ў моры.

  Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Успрыняцьце

рэдагаваць

Паваротным пунктам у прызнаньні «Валадара мух» стаў выбар Эдўардам Морганам Форстэрам яго на «выбітны раман году»[1]. Ён заняў 41-е і 25-е месцы ў сьпісе 100 найлепшых раманаў Сучаснай бібліятэкі(d) паводле меркаваньняў выдаўцоў і чытачоў адпаведна[3]. У 2003 року раман заняў 70-е месца ў апытаньні Бі-Бі-Сі «Вялікая чытанка(d)»[4]. У 2005 часопіс Time уключыў яго ў сьпіс 100 найлепшых ангельскамоўных раманаў, выдадзеных між 1923 і 2005 рокамі[5], і ў сьпіс 100 найлепшых юнацкіх кніг усіх часоў[6].

Адаптацыі

рэдагаваць

Паводле раману зьнятыя фільмы Валадар мух (1963, Вялікабрытанія), Асфальтавая кроў (1975, Філіпіны) і Валадар мух (1990, ЗША).

Цікавосткі

рэдагаваць

У 1965 року група шкаляроў сапраўды трапіла на ненаселены востраў(d) каля Тонга, дзе пражыла больш за 15 месяцаў. Іх ужо лічылі загінулымі, аднак знайшлі іх у добрым здароўі і гуморы; яны за гэты час здолелі насадзіць агарод, ваду зьбіралі ў вырубаныя камлі дрэваў, стварылі спартовую залю, бадмінтонную пляцоўку і ўвесь час падтрымлівалі вагонь, здабыты ўручную. Нідэрляндзкі гісторык Рутгер Брэгман, пішучы пра гэты выпадак, назваў Голдынгаву гісторыю нерэальнай[7].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б The 100 best novels: No 74 – Lord of the Flies by William Golding (1954) (анг.) Архіўная копія ад 12 June 2020 г. Праверана 25 June 2020 г.
  2. ^ William Golding's Lord of the Flies. — Infobase, 2010. — (Bloom's Guides). — ISBN 978-1-4381-3539-7
  3. ^ Kyrie O'Connor (Feb 1, 2011) Top 100 Novels: Let the Fighting Begin. Houston Chronicle. Архіўная копія ад 30 July 2012 г.
  4. ^ The Big Read – Top 100 Books BBC Архіўная копія ад 28 October 2012 г.
  5. ^ Lev Grossman, Richard Lacayo ALL-TIME 100 Novels. Lord of the Flies (1955), by William Golding  (анг.) // Time. — ISSN 0040-781X.
  6. ^ 100 Best Young-Adult Books  (анг.) // Time.
  7. ^ The real Lord of the Flies: what happened when six boys were shipwrecked for 15 months (анг.) 2020-05-09 г. Архіўная копія ад 9 May 2020 г. Праверана 2020-05-09 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  • Кніга  (анг.) на афіцыйнай бачыне Ўільяма Голдынга