Бітва пад Палянамі
Бі́тва пад Паля́намі адбылася 26 красавіка (7 траўня) 1794 году падчас паўстаньня Тадэвуша Касцюшкі.
Сілы бакоў
рэдагавацьПасьля бою пад Няменчынам расейскія аддзелы пад камандаваньнем палкоўніка Кірэева (150 данскіх казакоў) і падпалкоўніка Левіца (чатыры роты Нарвенскага і дзьве роты Пскоўскага палкоў колькасьцю 1170 чалавек), якія былі рэшткамі расейскага гарнізону Вільні, адступілі на Міхалішкі. У мястэчку яны злучыліся зь пяхотным палком М. І. Дзеева і батальёнам Эстляндзкага егерскага корпуса на чале з падпалкоўнікам Шылінга, які прыбыў з Паставаў. Палкоўнік Міхал Дзееў прыняў на сябе камандаваньне аб’яднаным войскам (каля 3300 чал.) і рушыў у бок Ашмянаў.
Віленскі камэндант палкоўнік Якуб Ясінскі, жадаючы ліквідаваць пагрозу Вільні з боку расейскага войска, 5 траўня рушыў зь Вільні двума шчыльнымі калонамі супраць палкоўніка М. Дзеева. Войска канфэдэратаў складалася з 1-га, 3-га, 4-га і 7-га пяхотных палкоў , 1-й і 3-й конных брыгад, 1-га палка стражы татарскай Кіркора пад камандаваньнем падпалкоўніка Бараноўскага. Да войска далучылася 5 тысяч мясцовых шляхціцаў і касінераў.
Ход бітвы
рэдагаваць26 красавіка (7 траўня) 1794 году ў 11 гадзін раніцы адбылася зацятая бітва пад Палянамі (7 км на поўнач ад Ашмян). Паўстанцы падзяліліся на шэсць калон і рушылі ў атаку. Пры набліжэнні на гарматны стрэл, паўстанцы перашыхтаваліся ў два шэрагі і пачалі артыллерыйскі абстрэл. Палкоўнік М.І. Дзееў здолеў адбіць атакі і рушыў у штыкавую контратаку (5 рот Тамбоўскага палка, Эстляндскі батальён, 3 роты Нарвенскага палка і 2 роты Пскоўскага палка). Расейскія войскі наступалі больш дзесяці вёрст, аднак не здолелі зламіць баявы строй канфедэратаў. Са змярканнем палкоўнік Якуб Ясінскі вырушыў у бок Вільні. Палкоўнік М. Дзееў быў не ў стане арганізаваць пераслед паўстанцаў.
Вынікі
рэдагавацьУ паўстанцаў палкоўнік М.Дзееў захапіў 3 вялікія і 3 малыя гарматы. Падчас бойкі паўстанцы страцілі каля 500 жаўнераў; 34 канфедэрата былі захоплены ў палон, у тым ліку адзін афіцэр. Расейскія страты склалі 173 жаўнеры і адзін праваслаўны святар.
2 (15) траўня 1794 году М. Дзееў адправіў рапарт Л.Бенігсену аб бітве пад Палянамі. Па сведчанню М. Дзеева: "...вайскоўцы былі так раз’юшаны, што не давалі пардону" (г. зн. ня бралі ў палон).
Памяць
рэдагавацьУ часы міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Палянах быў усталяваны гранітны помнік, які пазней быў знішчаны па загаду мясцовага старшыні калгасу.
Літаратура
рэдагаваць- Стогн: Паўстанне і вайна 1794 г. ў Літоўскай правінцыі: Дакументы. - Мн.: Пейто. - 2002. - 208 с.
- Восстание и война 1794 года в литовской провинции (по документам российских архивов). М.: «Книжный дом «ЧеРо»,2000. - 176 с., ил.
- Grabski А. Jan Wimmer i inni, Zarys dziejów wojskowości polskiej do roku 1864. Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej. - Warszawa. - 1966.
- Kukiel М. Zarys historii wojskowości w Polsce. - London: Puls, 1993. ISBN 0-907587-99-2.
- Zahorski А. Wypisy źródłowe do historii polskiej sztuki wojennej. Polska sztuka wojenna w okresie powstania kościuszkowskiego. Zeszyt dziesiąty. - Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej. - Warszawa. - 1960.