Біблія караля Якуба

Бі́блія караля́ Яку́ба (па-ангельску: King James Version, KJV або King James Bible) — пераклад Бібліі на ангельскую мову, зьдзейсьнены пад патранажам караля Якуба I. Работа над перакладам пачалася ў 1604 року і цягнулася сем гадоў.

Біблія караля Якуба
Пачатак першай кнігі Майсея (кнігі Роду)
Поўная назва: King James Version
Іншыя назвы: King James Bible
Скарачэньне: KJV, AV
Мова: ангельская
Поўная Біблія апублікаваная: 1611
Аўтар(ы): Якуб I
Перакладзеная з: Біскупская Біблія
Вэб-старонка: Вікікрыніцы
Рд. 1:1–3

In the beginning God created the heaven and the earth. And the earth was without form, and void; and darkness was upon the face of the deep. And the Spirit of God moved upon the face of the waters. And God said, Let there be light: and there was light.

Ян. 3:16

For God so loved the world, that he gave his only begotten Son, that whosoever believeth in him should not perish, but have everlasting life.

Біблія караля Якуба — найпашыраная вэрсія Бібліі. Яна прызнаная клясычным рэлігійным і літаратурным творам. З моманту выхаду дзякуючы дзейнасьці шматлікіх місіянэраў кніга была перакладзеная больш як на 200 моваў.

Мінуўшчына

рэдагаваць

У 1604 року з прапановаю неабходнасьці стварэньня новага аўтарытэтнага перакладу Бібліі да караля Якуба I зьвярнулася група пурытанаў на чале зь вялебным Джонам Рэйналдзам (анг. John Rainolds). Кароль, які нядаўна ўзышоў на сталец, ухваліў ідэю і вырашыў замяніць Жэнэўскую Біблію, паколькі яна ставіла пад сумнеў сьвятое права манархаў на пасад. Якуб таксама хацеў пакласьці канец звадам між рознымі рэлігійнымі фракцыямі.

Дзеля абмеркаваньня пытаньня была скліканая г. зв. Гэмптан-Корцкая канфэрэнцыя, дзе быў разгледжаны шэраг памылак у папярэдніх перакладах, у першую чаргу ў афіцыйна прынятай англіканскай царквою Біскупскай Бібліі. Былі прызначаныя перакладнікі ў колькасьці 47 чалавек, якія былі разьбітыя на шэсьць групаў, што зьбіраліся ў Вэстмінстэры, Кембрыджы й Оксфардзе; кожная з групаў працавала над пэўнай часткай Бібліі. Пасьля камітэт, што складаўся з 12 кантрольных рэдактараў, праводзіў зьверку перакладу і спалучаў усе частку міжсобку. У якасьці асноўнага тэксту была абраная Біскупская Біблія, аднак для перакладу таксама ўжываліся тэксты Тындэйла, Кавэрдэйла, Біблія Мэцью, Вялікая Біблія, Жэнэўская Біблія і нават каталіцкі пераклад Новага Запавету (апублікаваны ў 1582).

Біблія выйшла ў сьвет у 1611. Першае выданьне было вялікім томам in folio, тэкст быў набраны гатычным шрыфтам. Біблія караля Якуба ніколі не заваявала б папулярнасьці, каб не была неўзабаве перавыдадзеная ў маленькім фармаце і з лацінскім наборам (што ў свой час забясьпечыла шырокі распаўсюд Жэнэўскай Бібліі). Біблія караля Якуба стала першаю, якую ў цэрквах чыталі па-ангельску.

Аднак каралеўская Біблія не дапамогла прымірэньню між манархістамі і пурытанамі, якія выступалі за абмежаваньне ўлады афіцыйнае царквы і манархіі. Праз 30 рокаў у Ангельшчыне пачалася грамадзянская вайна.

Распаўсюд і далейшыя рэвізіі

рэдагаваць

Уласьнікам права на выданьне Бібліі быў каралеўскі друкар, таму яе нельга было выдаваць у ангельскіх калёніях на амэрыканскім кантынэнце да тае пары, пакуль яны не дабіліся незалежнасьці ад Ангельшчыны. У выніку першаю Бібліяй, надрукаванаю ў Амэрыцы, стала ня Біблія караля Якуба, а пераклад, зроблены Джонам Эліятам для індыйцаў алганконаў (Up-Biblum God, 1661—1663).

Цягам амаль 400 рокаў Біблія караля Якуба мела статус афіцыйнага перакладу. У Ангельшчыне яе называюць Афіцыйна ўхваленым перакладам (Authorized Version), хоць ані каралеўскі дом, ані парлямэнт не выдавалі ніякіх афіцыйных актаў з гэтай нагоды. Больш за тое, не выклікае сумневу, што Аўтарызаваны пераклад стаў Бібліяй Англіканскай царквы, а таксама рэлігійных аб’яднаньняў, што адкалоліся ад яе ў XVII—XVIII стст.; той самы статус яна мае і ў пратэстанцкіх дэнамінацыях ЗША.

Аднак у цяперашні час мноства пратэстанцкіх групаў адмаўляюць Біблію караля Якуба, называючы яе няслушным выказваньнем слова Божага.

Мова якубавай Бібліі, што была архаічнаю нават для сучасьнікаў, пра што сьведчаць сьвецкія тэксты раньняга новаангельскага пэрыяду, да XIX стагодзьдзя адчувалася як перашкода для разуменьня біблейскага тэксту. Пасьля працяглых дэбатаў на загад каралевы Вікторыі і з дабраславеньня арцыбіскупа Кентэрбэрыйскага ў 1870 року быў створаны Камітэт па выпраўленьні KJV (King James Version), большасьць сябраў якога складалі навукоўцы Кэмбрыдзкага і Оксфардзкага ўнівэрсытэтаў, што прытрымліваліся ў той час розных поглядаў на тэорыю і практыку перакладу. У выніку запанавала кембрыдзкая традыцыя скрупулёзнай перадачы зьместу і характэрных пазнак пачатковага тэксту сродкамі літаратурнай мовы. У 1881 року быў апублікаваны Новы Запавет, а ў траўні 1885 Oxford University Press і Cambridge University Press выдалі ў сьвет два тыпы выпраўленай Бібліі — так званае «бібліятэчнае выданьне» зь вялікімі ўводнымі артыкуламі і ўсімі перакладніцкімі заўвагамі, а таксама «агульнае выданьне», з кароткімі ўводзінамі і найістотнейшымі заўвагамі. Біблія, што атрымала назву Revised Version (RV), або, як яе часьцей называюць у наш час, British Revised Version (BRV), і да гэтай пары ёсьць афіцыйным тэкстам Англіканскай царквы, а таксама помнікам ангельскай літаратурнай мовы XIX стагодзьдзя.

Крыху пазьней зьявілася American Standard Version (1901), часта званая American Standard Bible. Яна, па сутнасьці, ёсьць прывядзеньнем KJV да нормаў ангельскай літаратурнай мовы ў ейным амэрыканскім варыянце XIX ст., прычым зь яшчэ больш трапяткім стаўленьнем да арыгіналу, чымся BRV. Апошняя акалічнасьць стала прычынаю незадаволенасьці рэцыпіентаў новай вэрсіі, у сувязі з чым у 1928 року быў створаны перакладніцкі камітэт, чыю працу аплочваў выдавецкі дом «Томас Нэльсан і сыны», што атрымаў выключнае права на выданьне новай вэрсіі цягам першых 10 рокаў.

Прадстаўнікі розных пратэстанцкіх дэнамінацыяў Брытаніі, што не ўваходзілі ў Англіканскую Садружнасьць, таксама бралі ўдзел у працы Камітэту аж да пачатку Другой Сусьветнай вайны. Выпраўлены пераклад НЗ, што выйшаў па яе сканчэньні ў лютым 1946 року, быў успрыняты імі нэгатыўна праз надта, на іхнюю думку, рабскае стаўленьне да архаізмаў KJV, як лексычных, так і стылістычных. Пратэстанцкія біблеісты Брытаніі стварылі ўласны перакладніцкі камітэт, які адмовіўся ад выпраўленьня KJV, заняўшыся новым перакладам, што пабачыў сьвет у 1970 (НЗ. — яшчэ ў 1961) і атрымаў назву New English Bible (NEB). З 1989 выходзіць ягоная новая вэрсія Revised English Bible (REB).

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Біблія караля Якубасховішча мультымэдыйных матэрыялаў