Брацкія школы ў Вялікім Княстве Літоўскім

Брацкія школы ў Вялікім Княстве Літоўскім — навуковыя ўстановы, якія ствараліся царкоўнымі брацтвамі.

Сыстэма навучаньня рэдагаваць

На чале школы стаяў рэктар, настаўнікі абіраліся на сходах брацтва. Брацкія школы мелі 3—5 клясаў, былі агульнасаслоўнымі. Пасьля атрыманьня пачатковай падрыхтоўкі вучні прыступалі да вывучэньня «сямі вольных мастацтваў». Вывучаліся грэцкая, лацінская, польская, беларуская мовы, творы антычных мысьляроў, дыялектыка, рыторыка, музыка. Навучэнцы атрымлівалі і некаторыя веды па арытмэтыцы, геамэтрыі, астраноміі, геаграфіі. Пэдагагічная сыстэма школ фармавалася пад пэўным уплывам гуманістычных і рэфармацыйных ідэяў.

У брацкіх школах выкарыстоўвалася клясна-ўрочная сыстэма навучаньня, пры якой дамінаваў катэхізічны мэтад выкладаньня, пабудаваны на пытаньнях і адказах. У дыдактычных мэтах ладзіліся тэатральныя пастаноўкі, у брацкіх школах прадугледжвалася арганізацыя хору і музычная адукацыя.

Шматлікія навучэнцы сталі пасьля вядомымі навукоўцамі, грамадзкімі дзеячамі, пэдагогамі. Настаўнікамі ў брацкіх школах былі царкоўныя і грамадзкія дзеячы, пісьменьнікі-палемісты С. Зізані і Л. Зізані, М. Сматрыцкі, Л. Карпавіч, З. Насоў, С. Полацкі і іншыя.

Праваслаўныя брацкія школы рэдагаваць

У XVI—XVII стагодзьдзях праваслаўныя брацкія школы адыгралі важную ролю ў разьвіцьці асьветы на тэрыторыі сучасных Беларусі і Ўкраіны, мелі на мэце супрацьстаяньне каталіцкай царкве.

Брацкія праваслаўныя школы былі адкрыты ў Берасьці (1591), Магілёве (1590—1592), Менску (1612), Полацку (1633), Вільні і іншых гарадах[1].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Батвіннік, М. Б. Брацкія школы / М. Б. Батвіннік // Рэлігія і царква на Беларусі : Энцыклапедычны даведнік. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2001. — С. 52

Літаратура рэдагаваць

  • Исаевич И. Д. Роль братств в издании и распространении книг на Украине и Белоруссии (конец XVI—XVIII в.) / И. Д. Исаевич // Книга и графика. М., 1972.
  • Медынский Е. Н. Братские школы Украины и Белоруссии в XVI—XVII вв. и их роль в воссоединении Украины с Россией / Е. Н. Медынский. — М.: Изд-во АПН РСФСР, 1954. — 158 с.
  • Мещеряков В. П. Братские школы Белоруссии (XVI ― 1-я пол. XVII в.) / В. П. Мещеряков. ― Минск : БГУ, 1977. — 57 с.
  • Мірановіч А. Праваслаўнае школьніцтва на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага да канца XVIII ст. / А. Мірановіч // Белорусский сборник. — СПб., изд. Рос. нац. библиотеки Санкт-Петербурга, 2005. — Вып. 3. — С. 56―65.
  • Харлампович К. Западнорусския православныя школы XVI и начала XVII века, отношение их к инославным / К. Харлампович. — Казань: Тип. Императорскаго Университета, 1898. — XIII, 524, LXII с.
  • Чистович И. Очерк истории западно-русской церкви : в 2 ч. / И. Чистович. — СПб.: Тип. Департамента Уделов, 1882—1884.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць