Белы кій — дапаможны сродак мабільнасьці, якім карыстаюцца людзі, што маюць значныя парушэньні зроку, у тым ліку цалкам невідушчыя. Найбольш вядомы зь міжнародных сымбаляў сьлепаты. Асноўнае прызначэньне белага кію — ня толькі дапамагаць невідушчаму падчас перасоўваньня ў адкрытай прасторы, ён таксама папераджае іншых пра ваду зроку чалавека, які ім карыстаецца.

Белы кій

У наш час існуе некалькі відаў белага кію, кожны зь якіх мае адрозьненьні ад іншых у кшталце й прызначэньні.

Карыстаньне белым кіем не заўсёды сымбалізуе поўную адсутнасьць зроку: ім карыстаецца пераважная большасьць невідушчых, незалежна ад пачуцьця сьвятла, колеру ці рэшты сылюэтнага альбо формава-прадметнага зроку, а таксама слабавідушчыя, што маюць абмежаванае поле зроку. У некаторых краінах белым кіем маюць права карыстацца толькі невідушчыя (ў тым ліку зь нязначнаю рэштаю зроку), а слабавідушчыя выкарыстоўваюць кій з падобнымі ўласьцівасьцямі, але іншага колеру.

Гісторыя

рэдагаваць

Белы кій як дапаможны й ідэнтыфікацыйны сродак мабільнасьці для невідушчых сыстэматычна ўжываецца з 1921 году[1]. Хоць невідушчыя й карысталіся кіямі як дапаможнымі сродкамі ў арыентацыі значна раней, пачаткоўцам белага кію можна лічыць брытанскага фатографа Джэймза Біґза (па-ангельску: James Biggs), што страціў зрок. Аднак, няма якіх-кольвек вартых даверу пацьверджаньняў таго факту, што ў тым часе ня толькі ён карыстаўся кіем, пафарбаваным у белы колер, каб зьвярнуць увагу на свой стан на рухлівых вуліцах.

Гісторыю рэгулярнага карыстаньня невідушчымі белым кіем лічаць ад 7 лютага 1931 году, калі Ґіі д’Эрбэрмон (па-француску: Guilly d'Herbermont) у прысутнасьці некалькіх францускіх міністраў урачыста падараваў невідушчым два першыя белыя кіі ў Францыі. Пасьля гэтага больш за 5 тысячаў кіёў былі дасланыя невідушчым французам, у тым ліку вайскоўцам, што страцілі зрок падчас I сусьветнай вайны[2].

У Злучаных Штатах пачатак масавага ўжываньня белага кію (па-ангельску: white cane, white stick) зьвязваюць зь дзейнасьцю Джорджа Бонэма (па-ангельску: George A. Bonham), чальца арганізацыі Lions Clubs International[3]. Назіраючы спробы невідушчага, які меў чорны кій, незаўважны на фоне асфальту для кіроўцаў, перайсьці дарогу, ён падумаў, што рашэньнем гэтае праблемы магло б быць фарбаваньне кіёў для невідушчых у белы колер. Lions Clubs International зладзілі ў 1931 годзе адмысловую кампанію з мэтай распаўсюдзіць выкарыстаньне белых кіёў амэрыканскімі невідушчымі. Пазьней белы кій быў палепшаны амэрыканцам Рычардам Гувэрам, які апрацаваў адмысловую тэхніку карыстаньня ім у шпіталі на вайсковае базе Вэлі-Фордж (Valley Forge) у Пэнсыльваніі[4][5].

Віды белых кіёў

рэдагаваць
 
Арыентацыйны (доўгі) кій
  • Арыентацыйны кій, таксама вядомы сярод эўрапейскіх ды амэрыканскіх невідушчых як доўгі ці Гувэраў кій (па-ангельску: orientation cane, long cane, Hoover cane). Назва «Гувэраў кій» паходзіць ад імя Рычарда Гувэра, які апрацаваў тэхніку карыстаньня белым кіем ды ўвёў яго ў масавы ўжытак. Як сьведчыць сама назва гэтага кію, невідушчыя карыстаюцца ім падчас перамяшчэньня ў адкрытай прасторы. Даўжыня кію гэтага тыпу залежыць ад росту чалавека, які ім карыстаецца. Спэцыялісты зазвычай рэкамэндуюць ужываць кій даўжынёю па грудзі альбо даўжэйшы. Існуе таксама карацейшая варыяцыя арыентацыйнага кію, якая па-ангельску завецца guide cane і выкарыстоўваецца пераважна для хутчэйшага перасоўваньня па сходах[6].
  • Сыгнальны альбо ідэнтыфікацыйны кій (па-ангельску: identification cane, symbol cane) значна танчэйшы й карацейшы за арыентацыйны, і выкарыстоўваецца толькі для інфармаваньня людзей навакол пра тое, што карыстальнік мае значнае парушэньне зроку. Ім карыстаюцца невідушчыя й слабавідушчыя, якія ня маюць патрэбы ў сталай арыентацыі з дапамогай кію.
 
Сыгнальны (ідэнтыфікацыйны) кій
  • Апорны кій (па-ангельску: support cane) выкарыстоўваецца зь дзьвюма галоўнымі мэтамі: ідэнтыфікацыі невідушчага ды падтрыманьня ягонае раўнавагі. Ім карыстаюцца, напрыклад, старэйшыя асобы з вадамі зроку. Патэнцыял апорнага кію як інструмэнту мабільнасьці таксама вельмі абмежаваны.
  • Тэлескапічны альбо дзіцячы кій (па-ангельску: kiddie cane) нагадвае арыентацыйны, якім карыстаюцца дарослыя асобы з парушэньнем зроку, але выкарыстоўваецца пераважна падчас навучаньня дзяцей.

Белыя кіі зазвычай робяцца з алюміну, шкловалакна, графіту альбо плястыку. Існуе шмат варыяцыяў канцовак белага кію. Няма якіх-кольвек паўсюдных правілаў выкарыстаньня тых ці іншых канцовак, выбар канкрэтнага варыянту абмежаваны толькі жаданьнем карыстальніка.

 
Складаны апорны кій

Апроч звычайных, «маналітных» белых кіёў існуюць таксама складаныя. Значная частка невідушчых карыстаецца менавіта складаным арыентацыйным кіем. Перавагаю такога кію ў параўнаньні з тым, што не складаецца, зьяўляецца, перадусім, зручнасьць (такі кій магчыма скласьці тады, калі ў ім няма патрэбы, напрыклад, падчас падарожжа ў цягніку).

Заканадаўчы статус

рэдагаваць

Белы кій зьяўляецца найбольш вядомым сымбалем сьлепаты, але ў розных краінах правілы ды нормы карыстаньня гэтым інструмэнтам могуць нязначна адрозьнівацца.

У Вялікабрытаніі белы кій сымбалізуе значнае парушэньне зроку карыстальніка, пры чым сьлепаглухія карыстаюцца белым кіем з дадатковаю пазнакаю ў выглядзе дзьвюх чырвоных стужак уверсе кію.

У ЗША і большасьці іншых краінаў сьвету людзі, што карыстаюцца белым кіем, маюць г.зв. right-of-way, то бок права пераходу праз аўтамабільныя дарогі незалежна ад месца ці сыгналу сьветлафору[7][8]. Няма аніякіх абмежаваньняў што да месца, дзе невідушчы можа (мае права) карыстацца белым кіем, таму мэтазгоднасьць карыстаньня ім вызначаецца толькі станам зроку, практычным досьведам ці рэальнымі патрэбамі карыстальнікаў. У некаторых выпадках амэрыканскі закон карае тых, хто, ня маючы істотнага парушэньня зроку, карыстаецца белым кіем выключна з мэтаю атрымаць прыярытэтнае права на пераход аўтамабільных дарогаў. Адмысловая санкцыя за беспадстаўнае ўжываньне белага кію перадугледжаная ў заканадаўстве Францыі ды шэрагу іншых краінаў.

Адзінаю краінай, якая на заканадаўчым узроўні разьмежавала белы кій для невідушчых і зялёны кій для слабавідушчых у кастрычніку 2002 году, зьяўляецца Аргентына[9]. Падобнае адрозьненьне паміж белым ды жоўтым кіем з 1991 па 2006 год было перадугледжанае заканадаўствам Бэльгіі[10], аднак, пазьней было скасаванае цераз малавядомасьць жоўтага кію ў супольнасьці.

За згодаю Кангрэсу ЗША, прэзыдэнт гэтае краіны ў 1964 годзе абвясьціў 15 кастрычніка Днём белага кію (па-ангельску: White Cane Safety Day). Пачынаючы з 1970 году, адпаведныя мерапрыемствы ў гэты дзень ладзяцца й на міжнародным узроўні, ў тым ліку ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

Белы кій у параўнаньні зь іншымі сродкамі мабільнасьці невідушчых

рэдагаваць
 
Варыянты канцовак кіёў: A = Pencil Tip, B = Bundu Basher Tip, C = Ball Race Overfit Tip, D = Rubber Support Cane Tip, E = Pear Tip, F = Rural Tip, G = Jumbo Roller Tip

Апрача белага кію, шматлікія асобы са значнымі парушэньнямі зроку карыстаюцца дапамогай сабакаў-павадыроў (па-ангельску: guide dog, assistance dog). Нягледзячы на тое, што такі сабака можа лепей кантактаваць з асяродзьдзем і ў шматлікіх выпадках лепш дапамагаць невідушчаму ў перасоўваньні, значная частка невідушчых выкарыстоўвае выключна белы кій, альбо карыстаецца абодвума сродкамі ў залежнасьці ад сытуацыі. Асноўнымі прычынамі, дзеля якіх невідушчая асоба адмаўляецца ад карыстаньня дапамогай сабакі-павадыра зьяўляюцца кошты, неабходнасьць сталое апекі над жывёлам, а таксама розныя алергічныя рэакцыі. Аналягічная сытуацыя (ускладненая таксама памерамі жывога «дапаможніка») узьнікае ў шэрагу ісламскіх краінаў, дзе ў якасьці жывёлаў-дапаможнікаў выкарыстоўваецца асаблівая парода канёў. Іншымі прычынамі, дзеля якіх ужываньне белага кію можа быць пераважным альбо сытуацыйным, можа быць прызвычаеньне выключна да кію ці адсутнасьць адпаведнага вібрацыйнага "водгуку" падчас карыстаньня дапамогай сабакі-павадыра, што асабліва важна для людзей з камбінаванымі парушэньнямі зроку ды слыху.

Карыстаньне белым кіем таксама не выключае магчымасьці ўжываньня іншых сродкаў мабільнасьці, такіх як санары (яны выкарыстоўваюцца для ацэнкі адлегласьці ад перашкоды на ўзроўні грудзей ці твару карыстальніка, ў адрозьненьне ад кію, які пераважна дапамагае адчуць перашкоду пад нагамі) альбо GPS-навігатары (якія не забясьпечваюць невідушчаму магчымасьці даведацца пра ўсе значныя перашкоды ў дарозе).

Вельмі распаўсюджаным сродкам арыентацыі ў вулічнай прасторы, што прызначаны перадусім для невідушчых, якія карыстаюцца кіем, зьяўляецца г. зв. tactile paving, то бок адмысловыя элемэнты дарожнай разьметкі ў выглядзе рэльефных пліткаў. Рэльефныя элемэнты такое разьметкі паказваюць месца наземнага альбо падземнага пераходу (у тым ліку гэта можа быць месца ўваходу ў мэтро), альбо кірунак да гэтага месца.

Ужываньне кію дзецьмі

рэдагаваць

Падчас навучаньня арыентацыі ў прасторы ў рамках спэцыялізаванай праграмы, невідушчыя дзеці карыстаюцца пераважна тэлескапічнымі кіямі. Згодна з сучаснымі рэкамэндацыямі, дзеці пачынаюць вучыцца карыстацца кіем ва ўзросьце ад 7 да 10 гадоў, але дасьледваньні паказваюць станоўчыя вынікі (ранейшае набыцьцё навыкаў арыентацыі ў прасторы) у дзяцей, што пачалі карыстацца кіем значна раней[11]. Дасьледнікі Джозэф Катэр і Лілі Нілсэн рэкамэндуюць навучаць дзіця карыстацца кіем, пачынаючы з часу калі тое вучыцца хадзіць. У такім выпадку, паводле меркаваньня Дж. Катэра (гл. ягоную кнігу Independent Movement and Travel in Blind Children[12]), дзіця хутчэй навучыцца хадзіць самастойна й лягчэй набудзе неабходныя навыкі.

Кій, якім карыстацьмецца малое дзіця, што вучыцца хадзіць, павінен быць даўжэйшы за звычайны, даўжынёю да падгардзёлку ці нават носу карыстальніка: гэта прывучыць дзіця да слушнага спосабу трыманьня кію (перад сабою, а ня збоку). Ня варта спадзявацца, што дзіця адразу (ці вельмі хутка) авалодае правільнаю тэхнікай арыентацыі з дапамогай кію: тэхніка палепшыцца, калі дзіця набудзе дастатковы адпаведны досьвед.

  1. ^ https://web.archive.org/web/20200627144855/http://www.acb.org/tennessee/white_cane_history.html White Cane History
  2. ^ Bailly C. (1990) Beginnings of the white cane (анг.) l'Auxilaire des aveugles Праверана 22 чэрвеня 2016 г.
  3. ^ Beginnings of the white cane (анг.) Wayback Machine Праверана 22 чэрвеня 2016 г.
  4. ^ Weiner W. R., Welsh R. L., Blasch, B. B. Foundations of orientation and mobility. 3rd ed., Vol. I. 2010. ISBN 978-0-89128-448-2
  5. ^ Koestler F. A. (2004) The Unseen Minority: A Social History of Blindness in the United States (анг.) American Printing House for the Blind Праверана 22 чэрвеня 2016 г.
  6. ^ Nichols A. (1995) Why Use The Long White Cane? (анг.) National Federation of the Blind Праверана 22 чэрвеня 2016 г.
  7. ^ United States Guide Dog Access Laws (анг.) Wayback Machine Праверана 22 чэрвеня 2016 г.
  8. ^ White Cane Laws for States (анг.) American Council of the Blind Праверана 22 чэрвеня 2016 г.
  9. ^ Rollano E. D., Oyarzún J. C. (27.12.2012) Personas con Baja Visión (гішп.) Información Legistativa e Documental. Аргентына. Урад Аргентыны. Праверана 22 чэрвеня 2016 г.
  10. ^ Services de la Ligue Braille : Vie quotidienne, sur le site de la Ligue Braille.
  11. ^ Blind Children Can! (анг.) Common Sense Праверана 22 чэрвеня 2016 г.
  12. ^ Cutter J. Independent Movement and Travel in Blind Children. — IAP, 2007. ISBN 1-59311-603-9

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Белы кійсховішча мультымэдыйных матэрыялаў