Беларускі Гаюн — маніторынгавы OSINT праект, які адсочвае ваенную актыўнасьць расейскіх і беларускіх войск. Маніторынгавая група створана да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну актывістам Антонам Матолькам. Праект названы па беларускім мітычным пэрсанажы, лясным духу Гаюне[1]. Летувіскае нацыянальнае радыё й тэлебачаньне заявіла, што на інфармацыю, якую публікуе маніторынгавы праект часта спасылаюцца буйныя ўкраінскія СМІ, што дапамагае ўкраінскім мірным жыхарам і вайскоўцам лепш разумець пагрозы ад расейскіх войск, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі[2].

Беларускі Гаюн
Дата ўтварэньня студзень 2022
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Афіцыйныя мовы расейская, ангельская
Асноўныя асобы Антон Матолька
Сайт https://hajun.info

Гісторыя

рэдагаваць

Беларускі Гаюн зьявіўся ў пачатку студзеня 2022 году як маніторынгавая ініцыятыва па адсочваньні перамяшчэньня расейскай тэхнікі й войск па тэрыторыі Беларусі. Перад праектам стаяла задача назіраць за колькасьцю тэхнікі, якую завозяць у краіну й вывозяць назад, дзе патэнцыйна можа ўзьнікнуць новая расейская вайсковая база[3]. Праект створаны, каб беларусы ведалі што адбываецца на тэрыторыі Беларусі[1]. 20 лютага 2020 году зьявіўся тэлеграм-канал «Гаюна», у якім каманда пачала публікаваць інфармацыю пра выяўленыя расейскія войскі й іх перамяшчэньні. Першыя два месяцы вайны каманда працавала кругласутачна без выходных[3]. У лютым і сакавіку ў сярэднім праекту пісала па паўтары тысячы чалавек штодзень[3][4]. На піку гэта значэньне даходзіла да дзьвюх тысячаў чалавек[3]. У сакавіку 2022 году МУС РБ прызнала тэлеграм-канал праекту экстрэмісцкім фармаваньнем. У красавіку 2022 году на канал падпісалася больш за 360 тысячаў чалавек. На той момант 90% аўдыторыі складалі падпісанты з Украіны, а астатняя частка — беларусы[5]. На момант 25 лютага 2023 году на тэлеграм-канал праекта падпісана больш за паўмільёна чалавек[3].

Прынцып працы

рэдагаваць

Асноўнай крыніцай атрыманьня інфармацыі ёсьць чытачы тэлеграм-каналу. Яны дасылаюць паведамленьні ў спэцыяльны чат-бот. На момант 11 красавіка 2022 году ў бота было даслана больш за 33 тысячы паведамленьняў ад 10 тысячаў чалавек. Таксама частка інфармацыі прыходзіць з сацыяльных сетак, такіх як У Кантакце й Аднаклясьнікі. 90% атрыманай інфармацыі з сацыяльных сетак на момант пачатку вайны прыпадала на TikTok[1]. Акрамя гэтага праводзіцца маніторынг мэсэнджэраў і публікацыяў СМІ. Інфармацыю структуруюць і на гэтай аснове робяцца высновы[3].

У праекце распрацавана сыстэма фактчэкінгу й верыфікацыі, яна не раскрываецца, каб было складаней даслаць для публікацыі дэзінфармацыю[1][4]. Часам, калі ў каманды не было поўнай упэўненасьці ў дакладнасьці інфармацыі, яе публікавалі з паметкай «не пацьверджана»[3].

Дэталёвую інфармацыю пра каманду трымаюць у сакрэце. Станам на 11 красавіка 2022 году асноўная частка каманды працавала за межамі Беларусі. У большасьці гэта грамадзяне Беларусі, якія вымушаны выехаць з краіны праз крымінальны перасьлед[1]. Да 25 лютага 2023 году склад каманды практычна не зьмяніўся[3].

Рэакцыя рэжыму Лукашэнкі

рэдагаваць

16 сакавіка 2022 году МУС Рэспублікі Беларусь прызнала тэлеграм-канал і чат Беларускага Гаюна экстрэмістычным фармаваньнем. У пераліку экстрэмістычных арганізацыяў і фармаваньняў на сайце міністэрства зьявіўся запіс, што Гаюн ажыцьцяўляе экстрэмістычную дзейнасьць[2][6].

У сьнежні 2022 году супрацоўнікі беларускіх сілавых органаў пад выглядам назіральнікаў Беларускага Гаюна спрабавалі даведацца пра асабістыя зьвесткі й фармаваць дасье на падпісантаў праекта. Рабілі яны гэта з дапамогай чат-ботаў для знаёмстваў. У паведамленьнях, у не надакучлівай форме, яны прасілі пазначыць імя й прозьвішча, дату нараджэньня, месца пражываньня, а таксама іншыя асабістыя зьвесткі[7].

На момант 8 верасьня 2023 году стваральніку праекта было вядома пра 10 выпадкаў арышту за ўзаемадзеяньне зь Беларускім Гаюном. Антон Матолька заявіў, што недзе людзі былі ідэнтыфікаваны праз вулічнае відэаназіраньне, а недзе праз знойдзены ў тэлефоне тэлеграм-бот[2].

У красавіку 2023 году па беларускім дзяржаўным тэлебачаньні паказалі фільм, дзе было расказана пра затрыманьне айцішніка Дзьмітрыя Маставога. Аўтары фільма абвінавацілі яго ў стварэньні анляйн-трансьляцыі на аэрадроме Мачулішчы. Яны заявілі, што чат-бот «Гаюна» кантралюецца беларускімі сілавымі органамі. Мэдыя «Zerkalo» адзначыла, што ў этэры дзяржаўнага ТБ няма доказаў гэтым заявам, а замест здымкаў перапіскі аўтары ўжывалі кампутарную графіку. Адміністрацыя «Гаюна» заявіла, што затрыманы праграміст не рабіў для іх прамых трансьляцыяў, а паведамленьні пра кантроль іх чат-бота сілавікамі — «лухта»[8].

  1. ^ а б в г д Соня Лукашова. Мы – частное разведывательное управление. Антон Мотолько из “Белорусского гаюна”  (рас.) // Украінская праўда. — 11 красавіка 2022. Архіўная копія.
  2. ^ а б в Томас Валкаускас. Военный аналитик: «Мы не можем подтвердить, что после смерти Пригожина наемники „Вагнера“ стали покидать Беларусь»  (рас.) // LRT. — 8 верасьня 2023. Архіўная копія.
  3. ^ а б в г д е ё ж Михаил Полозняков, Полина Хрушч. «30 тысяч человек сообщили о перемещении войск». Интервью с создателем «Беларускага Гаюна» Антоном Мотолько  (рас.) // Мэдыязона. — 25 лютага 2023. Архіўная копія.
  4. ^ а б Дмитрий Гурневич. «У российской армии репутации давно нет». Глава «Беларускага Гаюна» Антон Мотолько – о поиске мародеров из войск РФ и «рельсовой войне»  (рас.) // Настоящее Время. — 7 красавіка 2022. Архіўная копія.
  5. ^ Катя Тейзе. Как собирают информацию о мародерах и войсках РФ в Беларуси  (рас.) // Нямецкая хваля. — 11 красавіка 2022. Архіўная копія.
  6. ^ «Беларускі Гаюн» признан экстремистским формированием  (рас.) // Реформация. — 16 сакавіка 2022. Архіўная копія.
  7. ^ Под видом наблюдателей: Лукашенко начал «охоту» на группу «Беларускі Гаюн»  (рас.) // Фокус. — 22 сьнежня 2022. Архіўная копія.
  8. ^ «Беларускі Гаюн»: Мостовой не вел для нас трансляцию с аэродрома в Мачулищах  (рас.) // Зеркало. — 6 красавіка 2023. Архіўная копія.