Арыянізацыя
Арыяніза́цыя (па-нямецку: Arisierung) — тэрмін, якім апісваецца нацысцкая палітыка па выключэньні так званых «неарыйцаў», асноўным чынам жыдоў, з эканамічнага жыцьця Трэцяга райху і падкантрольных яму тэрыторыяў. Арыянізацыя таксама падразумявала перадачу жыдоўскай маёмасьці ў «арыйскія» рукі дзеля «дэ-жыдызацыі эканомікі».
Літаральна арыянізацыя азначае «ператварэньне ў арыйцаў». Канцэпцыя карэнным чынам грунтавалася на ідэалёгіі «арыйскай расы гаспадароў», якая залічвала народы Эўропы да арыйцаў праз германізацыю (насамрэч жа арыі прадстаўлялі сабою старажытную індаэўрапейскую супольнасьць, якая пражывала на поўначы Сярэдняй Азіі і заклала пачатак іранскім, індаарыйскім і некаторым іншым народам, ня маючы супольнага з этнічнымі немцамі).
Працэс пачынаўся з адбіраньня ў ахвяраў іхняга багацьця, а скончыўся Галакостам, у якім іх пазбаўлялі рэшты майна і жыцьця.
Выцясьненьне жыдоў
рэдагавацьАрыйскі параграф і Нюрнбэрскія законы даволі рана амаль цалкам выключылі жыдоў з грамадзкага жыцьця. Арыянізацыя пазбавіла іх і рэшты магчымасьцяў у эканамічнай дзейнасьці. Яны былі пазбаўленыя працы ў грамадзкім сэктары, такіх як дзяржаўная служба, выкладаньне, а пазьней былі накладзеныя й іншыя абмежаваньні. Надалей дайшло да пазбаўленьня волі ў нацысцкіх канцлягерох, а пазьней і дэпартацыяў на ўсход і зьнішчэньня ў лягерох сьмерці ці расстрэлаў айнзацгрупамі.
Адарваньне маёмасьці
рэдагавацьДа 1 студзеня 1938 году нямецкіх жыдоў пазбавілі права займацца бізнэсам і гандлем, прапановай тавараў і паслуг. 26 красавіка 1938 году жыдоў абавязалі дэкляраваць маёмасьць больш за 5000 райхсмарак, ім быў абмежаваны доступ да банкаўскіх рахункаў. 14 чэрвеня 1938 году міністар унутраных справаў увёў рэгістрацыю ўсіх жыдоўскіх прадпрыемстваў. Дзяржава ўсталявала кошт продажу жыдоўскіх прадпрыемстваў, які складаў толькі частку іхняга рынкавага кошту, і рознымі шляхамі дамагалася іхняга продажу толькі пэўным асобам. Арганізацыямі, якія здабылі найбольшую выгаду ад «дэжыдызацыі бізнэсу», былі, напрыклад, IG Farben, сям’я Флікаў і буйныя банкі. Грошы за «арыянізаваныя» прадпрыемствы клаліся на дэпазытныя рахункі, адкуль жыды мелі права здымаць іх толькі ў абмежаванай колькасьці; у канчатковым выніку, арыянізацыя прадпрыемстваў фактычна была іхняй амаль бескаштоўнай канфіскацыяй.
Увосені 1938 року 40 000 з колішніх 100 000 жыдоўскіх прадпрыемстваў усё яшчэ знаходзіліся ў руках іхніх першапачатковых уласьнікаў. Арыянізацыя завяршылася ўвядзеньнем урэгуляваньня Verordnung zur Ausschaltung der Juden aus dem deutschen Wirtschaftsleben (Урэгуляваньне па выключэньні жыдоў зь нямецкага эканамічнага жыцьця) 12 лістапада 1938, паводле якога рэшта прадпрыемстваў была перададзеная нежыдам, а даходы ад продажу адыходзілі дзяржаве. Каштоўнасьці, акцыі, нерухомасьць ды іншыя зьберажэньні мелі быць прададзеныя. Шляхам наўпроставага дзеяньня, пад ціскам ураду (напрыклад, раптоўныя падатковыя позвы) ці пад сьцёкам абставінаў жыдоўскія прадпрыемствы перайшлі ў іншыя рукі ў большасьці выпадкаў ніжэй за рынкавы кошт. Усе працаўнікі-жыды былі звольненыя, а іншым было забаронена займацца іхнімі асабістымі рамёствамі.
Крышталёвая ноч
рэдагавацьПасьля пагромаў у «Крышталёвую ноч» арыянізацыя істотна пашырылася. 12 лістапада 1938 жыдам забаранілі займаць кіроўныя пасады, на якія былі пастаўленыя «арыйскія» намесьнікі. Гэтыя асобы, часта пры падтрымцы партыі, сьпярша ўзначальвалі офіс, а пасьля прысабечвалі бізнэс цалкам. «Падатлівым арыйцам» (ням. Gefälligkeitsarier) пагражалі пакараньнем згодна з Урэгуляваньнем супраць суўдзелу ў прыкрыцьці жыдоўскіх фірмаў (22 красавіка 1938). Паколькі жыды былі абкладзеныя цяжкімі выплатамі як «выкуп» за ўчыненую SA і антысэміцкімі бандамі шкоду падчас Крышталёвае ночы, продаж іхняй маёмасьці стаў толькі справай часу. 3 сьнежня 1938 кошт нерухомасьці, якая знаходзілася ва ўласнасьці жыдоў, быў замарожаны на найніжэйшым узроўні, каштоўнасьці і каштоўныя камяні можна было прадаваць толькі дзяржаве. Спрычыненае арыянізацыяй зьбядненьне жыдоўскага насельніцтва нават замінала адной зь ейных мэтаў — паскарэньню эміграцыі празь перасьлед — паколькі ў прыгнечаных не ставала сродкаў на выезд. Яны сталі ахвярамі Канчатковага вырашэньня. Арыянізацыя спалучала расавыя матывы нацыянал-сацыялізму з традыцыйным антысэміцкім раздражненьнем у сярэдняй клясе і экспансыянісцкімі тэндэнцыямі буйнога бізнэсу. Страх спазьніцца на падзел здабычы выклікаў неадхільнае злучэньне сквапнасьці, таму арыянізацыі амаль ніхто не пярэчыў. Па вайне Фэдэратыўная Рэспубліка Нямеччына сплаціла рэстытуцыю за матэрыяльныя страты.
Літаратура
рэдагаваць- Christian Zentner, Friedemann Bedürftig (1991). The Encyclopedia of the Third Reich. Macmillan, New York. ISBN 0-02-897502-2