Артурас Барысас

летувіскі актор, сьпявак, кінэматаграфіст

Арту́рас Бары́сас «Ба́рас» (па-летувіску: Artūras Barysas «Baras»; 10 траўня 1954 — 28 студзеня 2005) — дзяяч летувіскай контар-культуры, прызнаны бацькам сучаснага летувіскага авангарда, рэжысэр, актор, сьпявак, бібліяфіл.

Артурас Барысас
Дата нараджэньня 10 траўня 1954(1954-05-10)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 28 студзеня 2005(2005-01-28) (50 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Занятак актор, кінарэжысэр, сьпявак, фатограф, кінаактор
Гады дзейнасьці 1973—2005

Біяграфія

рэдагаваць

Узрос у Панявежы ў бабкі, пасля чацьвёртай клясы пераехаў да маці у Вільню, дзе скончыў школу 22(lt) на Антокалі. Ужо ў школе пачаў насіць акуляры ад моцнай нізкавокасьці. У восьмай клясе далучыўся да кіна-гуртка пры Доме юнага тэхніка й пачаў здымаць фільмы. Пасьля школы намагаўся паступіць у маскоўскі інстытут кінематаграфіі(be), але ня быў прыняты з-за нізкавокасьці. Паступіў на бібліятэказнаўства ў Віленскім універсітэце, але ж амаль адразу кінуў.[1]

У савецкія часы жыў на пенсію па зроку й пераспродаж рэдкіх кружалак ды кніг. У позьнія гады лячыўся ад алькагалізма. Памёр ува сьне. Пахаваы ў Шылайчах(lt) пад Панявежам.

Кінатворчасьць

рэдагаваць

Пачаў здымаць кіно ў 16 гадоў з аднакляснікамі Данатасам Буклюсам ды Сыгітасам Шымкусам. Першы жа іх фільм «Альхімія» адразу атрымаў прэмію на фэстывалі кінематаграфістаў-аматараў у Маскве.

Рана паўсталыя праблемы са зрокам забясьпечылі Барысасу пэнсію, на якую ён мог жыць, не працуючы, й вызваленьне ад арміі, што дазволіла пазьбегнуць абавязку вышэйшай адукацыі. Па тых жа прычынах Барысас не патрапіў паступіць на апэратара ці рэжысэра. Гэткім чынам Барысас мог сканцэнтравацца на мастацтве. Пасьля школы ён у 1975 паступіў працаваць у Летувіскае таварыства кінэматаграфістаў-аматараў(lt), дзе займаўся арганізацыяй фэстываляў і таксама прадстаўляў летувіскія фільмы на фэстывалях у іншых савецкіх рэспубліках[2].

Уступленьне ў афіцыйную арганізацыю кінэматаграфістаў-аматараў забясьпечвала апаратурай і пляцоўкамі для рэгулярнага паказу сваіх працаў. Усе фільмы Барысаса здымаліся як аматарскія (што вызначала адсутнасьць пракату) — гэта дазваляла, з аднога боку, абыходзіць цэнзурныя абмежаваньні (напрыклад, у фільмах Барысаса-Бараса дэманструецца голае цела, закранаюцца тэмы сэксуальных адносінаў, трансвэстыі, паказаныя гіпі ды іншыя тэматы, цалкам табуяваныя ў тагачасным прафэсійным кіно), з другога жа боку належнасьць да арганізацыі кінематаграфістаў-аматараў давала магчымасьць дэманстраваць фільмы на фэстывалях аматараў, як па ўсім СССР, так і за мяжою. Пры ўсім тым, на ўсіх сваіх фільмах, пачынаючы з ранейшых, Барысас-Барас адзначаў, што яны зьнятыя ягонай студыяй Art-Film.

Барысас-Барас здымаў на 16-мм стужку, яго фільмы большасьцю чорна-белыя, бязмоўныя (частка мае намаляваныя ад рукі тытры, як у старачасным нямым кіне), пазьней да фільмаў звычайна дададзеная музычная гукавая стужка. У фільме «Відавочнае, але неверагоднае» ролю гукавой стужкі выконвае трансьляцыя радыё-спэктакля, ў якім судзейнічае той жа актор, які выконвае галоўную ролю ў самым фільме.

У большасьці сваіх фільмаў Барас выконвае й ролю аўтара сцэнара, й рэжысэра, й аднаго з актораў. Працу апэратара заўжды выконвалі іншыя з-за слабасьці зрока Барысаса.[3] Усе супрацоўнікі ды суаўтары яго фільмаў далей (Данатас Букліс, Сыгітас Шымкус, Альбінас Славінскас, Вітаўтас Янкявічус, Дамінікас Вялічка, Гінтарас Зінкявічус, Альгірдас Прочкіс, Сьвятлана Бразене) зрабілі прафэсыйную кар’еру ў кіно, фатаграфіі альбо тэлебачаньні. Двое з суаўтараў Бараса працягваюць займацца аматарскім кіно: Альгірдас Кулікаўскас — у Шаўлях, а Ёнас Чаргяліс ў Панявежы.[4]

У савецкія часы амаль кожны яго фільм атрымваў дыплёмы кожнагодных рэспубліканскіх ды ўсёсаюзных фэстываляў аматарскага кіна. У постсавецкія часы ягоныя фільмы шырока дэманструюцца на фэстывалях некамэрцыйнага кіна ў Градцу-Карлавэ (1994, Unica), Осла (2003, Euro-filmforum Scandinavia), Бэрліне (2004, Eines Fenster zun Osten), у Блюдзенце(de) (2004, Urkunde), так сама атрымвая прызы ды дыплёмы. У 2002 рэтрашпэктыва фільмаў Барысаса-Бараса прайшла ў Лёндане ў мастацкай прасторы Horse Hospital(en).

Са сканчэньнем савецкага пэрыяду Барысас-Барас адыйшоў ад фільмовай творчасьці:


 

Зь вяртаньнем незалежнасьці крывая творчасьці кінэматаграфістаў-аматараў павалілася ўніз. Па двох асноўных прычынах. Па першай з-за таго, што амаль усе аўтары перайшлі на відэа-апаратуру. Па другой — гэты пах свабоды. Усё дазволена. Забаронены плод больш ня існуе. І аўтары разгубіліся. Чым больш свабоды, тым горш. Думкі самі сабою пабляклі. Усё магчыма — ня ведаю, чаго хачу. Гэта можна параўнаць са станам аўтараў нямога кіна ў часы, калі паўстала гукавое кіно.[5]

 

Музычная кар’ера

рэдагаваць

У постсавецкія часы Барысас-Барас атрымаў ўсёлетувіскую папулярнасьць як заснавальнік, аўтар тэкстаў ды вакаліст панк-гурта «I.V.T.K.Y.G.Y.G.» (што адшыфроўваецца як «Ir Visa Tai Kas Yra Gražu Yra Gražu», то бок «І ўсё тое, што прыгожа, ёсьць прыгожа»).

У 2000 годзе, працуючы над кліпамі свайго гурта, на кароткі час зноў зьвярнуўся да кіна, зьняўшы фільм «Усьведамленьне». Пад час канцэртаў у Лёндане за 6 гадзін зьняў свой апошні фільм «Сьню й існую»[6].

Фільмаграфія

рэдагаваць
  • 2003: Сьню й існую (Sapnuoju ir esu)
  • 2000: Усьведамленьне (Suvokimas; суаўтары Артурас ды Рымас Шліпавічусы, Андрус Радзюкінас; 15 хв.)
  • 1984: Хлопы (Vyrai; суаўтар А. Прочкіс; страчаны)[7]
  • 1984: Аўтааварыя (Autoavarija; суаўтар А. Прочкіс; страчаны)
  • 1983: Рысы да партрэту актора (Štrichai aktoriaus portretui; суаўтары А. Прочкіс, В. Блажыс; 5 хв.)
  • 1982: Відавочнае, але неверагоднае (Akivaizdu, bet neįtikėtina; суаўтар А. Прочкіс; 6 хв.)
  • 1982: Удвох у лесе (Dviese miške; суаўтары Г. Зінкявічус, Э. Лапінскас; 7 хв.)
  • 1981: Інтэлектуальны падвячорак (Intelektuali popietė; суаўтар А. Прочкіс; 3 хв.)
  • 1982: Аб тых двух адтуль (Apie tuos du iš ten; суаўтары Ж. Елінскас, А. Прочкіс; 13 хв.)
  • 1981: Эсэй (Esė; суаўтарка Й. Стрянге; 5 хв.)
  • 1981: Сэнс (Prasmė; суаўтары Й. Чаргяліс, А. Прочкіс; 4 хв.)
  • 1981: Плясканьні цягнуцца імгненьне (Aplodismentai trunka akimirką; суаўтар А. Прочкіс; 8 хв.)
  • 1980: Аб’яўлены ў пошук (Jo ieško; суаўтары A. А. Славінскас, Й. Чаргяліс, А. Прочкіс, А. Вайткус, А. Кулікаўскас, Г. Зінкявічус; 38 хв.)
  • 1980: Мы (Mes; суаўтары А. Прочкіс, А. Славінскас, Э. Лапінскас; 8 хв.)
  • 1979: Dokumentalnij film (суаўтар Й. Чаргяліс; 3 хв.)
  • 1979: Лепш за рай, горш за пекла (Geriau už rojų, blogiau už pragarą; суаўтары А. Славінскас, Й. Чаргяліс; 3 хв.)
  • 1979: Яе каханьне (Jos meilė; суаўтары А. Славінскас, Й. Чаргяліс, А. Рэчунас; 25 хв.)
  • 1979: Дзень са стагодьзяў (Diena iš šimtmečių; суаўтар А. Рэчунас; 10 хв.; страчаны)
  • 1978: Сьнег (Sniegas; суаўтары А. Вайткус, Й. Чаргяліс, А. Славінскас; 3 хв.)
  • 1978: Анэкдот пра метар (Anekdotas apie metrą; суаўтар А. Вайткус; 2 хв.)
  • 1978: Казаці толькі праўду (Sakyti tik tiesą; суаўтар Д. Букліс; 3 хв.)
  • 1978: Б ды Ч (B ir Č; суаўтар Й. Чаргяліс; 12 хв.)
  • 1978: У пятнаццаты раз (Penkioliktą kartą; страчаны)
  • 1977: Гэта салодкае слова… (Tas saldus žodis; суаўтар Д. Велічка; 1 хв.)
  • 1977: Rimas, Renata, Romas (Суаўтар А. Вайткус; 4 хв.)
  • 1975: Тыя, хто ня ведаеце, запытайце іншых (Tie, kurie nežinote, paklauskite kitų; суаўтары С. Мацконіс, Й. Чаргяліс, А. Славінскас; 5 хв.)
  • 1975: Пабудзьце на нашым сьхіле (Pasibūkit mūsų kloniuos; страчаны)
  • 1974: Галасую за любоў (Balsuoju už meilę; суаўтар Й. Чаргяліс; 5 хв.)
  • 1974: Хударлявая (Laina; суаўтар Й. Чаргяліс; 6 хв.)
  • 1974: Зялёны луг (Žalias laukas; суаўтар Й. Чаргяліс; 1 хв.)
  • 1972: Двойчы два (Du kart du; суаўтары Д. Букліс, Р. Вікшрайціс; 4 хв.)
  • 1973: Ахвяры моды (Madų aukos; суаўтар Д. Букліс; 6 хв.)
  • 1972: Залатая рыбка (Auksinė žiuvelė; страчаны)
  • 1972: Citius, altius, fortius (страчаны)
  • 1972: Зямля — плянэта людзей (Žemė — žmonių planeta; страчэны)
  • 1971: Соль ды яблыкі (Druska ir obuolai; суаўтары Данатас Букліс, Сыгітас Шімкус; 3 хв.)
  • 1971: Падзеньне (Kritimas суаўтары Данатас Букліс, Сыгітас Шімкус; 3 хв.)
  • 1971: Патрапіў (Kliudžiau; страчаны)
  • 1970: Жыць (Gyventi; суаўтары Данатас Букліс, Сыгітас Шімкус; страчаны)
  • 1970: Альхімія (Alchemija; суаўтары Данатас Букліс, Сыгітас Шімкус; 3 хв.)

Дакумэнтальныя фільмы пра Бараса

рэдагаваць
  • 2002: Чым пахне воля (Kuo kvepia laisvė, рэж. Г’едрэ Жыцкітэ)
  • 2003: Дзеці кветак (Gėlių vaikai, рэж. Альгімантас Мацейна)
  • 2006: Сараб (Sarab, рэж. Дайнюс Мажуліс)
  • 2008: Каляровыя крылы Бараса (Spalvoti Baro sparnai, рэж. Рымас Маркунас)
  • 2009: Барас (Baras, рэж. Гьедрэ Жыцкітэ)

Анімацыя

рэдагаваць
  • Арабарас (Arabaras, 2004, аніматары: Сандра Янушэвічутэ, Дайва Мінкевічутэ)

Літаратура

рэдагаваць
  • 2012: Сусьвет паводле Бара: партрэт Артураса Барысаса-Бараса / Укладальник Гэдымінас Каенас (Pasaulis pagal Barą: Artūro Baryso-Baro portretas. Sudarytojas Gediminas Kajėnas. — Kaunas: Kitos knygos, 2012. — 296 p. ISBN 978-609-427-079-6)
  1. ^ Aldona Barienė. Nerimastingas gyvenimas po senamiesčio dangumi // Pasaulis pagal Barą. Vilnius, 2012. Psl. 23-31.
  2. ^ Vidmantas Gaigalas. Tiesiog įdomus pats sau // Pasaulis pagal Barą. Vilnius, 2012. Psl. 134.
  3. ^ Algimantas Mačiulis. Kinas — viltis ir atrakcija // Pasaulis pagal Barą. Vilnius, 2012. Psl. 130.
  4. ^ Skirmantas Valiulis. Bara kino baruose // Pasaulis pagal Barą. Vilnius, 2012. Psl. 113.
  5. ^ Артурас Барысас-Барас. Як я ствараў кіно.  (лет.)
  6. ^ Skirmantas Valiulis. Kronika // 7 meno dienos. 28-03-2003. № 561
  7. ^ Паколькі кожны фільм рабілся толькі ў аднім асобніку, то па адсылцы на тый ці іншы фэстываль, аўтар страчваў адзіны экзэмпляр — такім чынам, пачыная з дэбютнага фільма «Альхімія», шматлікія фільмы Барысаса зніклі й пасюль ня знойдзеныя.