«Апраметная» (другая назва — Зруйнаваная цемра) — п’еса беларускага драматурга Васіля Шашалевіча, напісаная прыкладна да 1924 і пастаўленая Беларускай тэатральнай студыяй В. Смышляева ў Маскве 16 траўня 1925 на III зьезьдзе Саветаў СССР.

Апраметная
Аўтар Васіль Шашалевіч
Дата прэм’еры 16 траўня 1925
Месца прэм’еры Масква
Жанр драма

У 1926 і 1927 гадох ставілася на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску. Ставіла за мэту паказаць працэс духоўнага і сацыяльнага разьняволеньня беларускага народу.

Поўны тэкст твора ня знойдзены.

Сюжэт рэдагаваць

Злы чараўнік выкраў і ўсыпіў адвечным сном прыгажуню Алёнку. Малых дзяцей, што выпадкова сустрэлі ў лесе чараўніка, ён ператварыў у сабак «і па-сабачаму брахаць прымусіў». У выніку ўся краіна замёрла ў здранцьвеньні: «дзяцей ён скраў — і мова родная цяпер чужою стаць павінна». Зь бяды Алёнку, дзяцей і краіну вызваляюць волат Янка і тры віцязі — яны разбураюць царства чараўніка.

Крытыка рэдагаваць

26 траўня 1925 у газэце «Правда» была апублікаваная рэцэнзія з станоўчым водгукам на прэм’еру п’есы. У ёй падкрэсьліваўся казачны характар відовішча, дзе лесавік зачароўвае дзяўчыну Аленку і яшчэ дваіх малых дзетак, а добры віцязь выводзіць іх у ясны сьвет[1]. Зрэшты, у газэце гаварылася, што пакуты герояў і іх цудоўнае вызваленьне атаясамліваецца «з прыгнечанасьцю Беларусі ў царскія часы і вызваленьнем ад яго ў нашу пару»[2].

З узмацненьнем таталітарных тэндэнцыяў у адносінах да нацыянальных рэспублік стаўленьне афіцыйнай крытыкі да п’есы значна пагоршылася[3]. У сваю чаргу, В. Вольскі сьцьвярджаў, што такія «містычныя» пастаноўкі гледачу не зразумелыя і не патрэбныя, а галоўная ідэя спэктакля цалкам двухсэнсоўная[4]. М. Модэль у сваёй працы «Тэатр і драматургія» адзначаў, што: «Апраметная была разьлічана на задавальненьне ідэйных запатрабаваньняў і рэакцыйных густаў нацыяналістычных колаў беларускай інтэлігенцыі; п’еса дарэшты прасякнута містыкай і яскрава выражанай нацдэмаўскай ідэалёгіяй»[5].

У 1927 годзе п’еса была зьнята з рэпэртуара Беларускага дзяржаўнага тэатра ў Віцебску.

Пастаноўка рэдагаваць

Спэктакль 16 траўня 1925 быў багаты на музыку (у ім гучалі мэлёдыі А. Гранінава), сьветлавыя эфэкты, танцы, пантаміму. Ролі выконвалі Л. Мазалеўская, А. Лонгіна, А. Гепнер, А. Лагоўская (Аленка), К. Саньнікаў (віцязь), А. Ільінскі (чарот) і С. Станюта (ведзьма).

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Азгур, З. Тое, што помніцца…: Успаміны. — Полымя, 1981. — № 9. — С. 208.
  2. ^ Азгур, З. Гаварыў ён шчыра…: Згадка пра Васіля Шашалевіча ў ягонае 90-годдзе // ЛіМ. — 1987. — В. 3360. — № 2. — С. 14.
  3. ^ Мамачкін, Зм. «Мой вораг — эпоха» Лёс драматурга Васіля Шашалевіча // Роднае слова. — 1994. — № 9. — С. 12.
  4. ^ Вольскі В. Сучасныя праблемы беларускай савецкай драматургіі. — Мн.: 1934.
  5. ^ Модэль М. Тэатр і драматургія. — Мн.: 1935. — С. 7—8.

Літаратура рэдагаваць

  • Мамачкін, Зм. Драматургія Васіля Шашалевіча // Роднае слова. — 1997. — С. 6-10.
  • Мамачкін, Зм. «Мой вораг - эпоха» Лёс драматурга Васіля Шашалевіча // Роднае слова. — 1994. — № 9. — С. 12.