Апошні з магіканаў
«Апо́шні з магіка́наў: гісто́рыя 1757 го́ду» (па-ангельску: The Last of the Mohicans: A Narrative of 1757) — гістарычны раман Джэймза Фэнімара Купэра 1826 року. Гэта другая, найбольш вядомая кніга зь пяцікніжжа «Апавяданьні пра Скураную Панчоху».
Апошні з магіканаў | |
The Last of the Mohicans | |
Ілюстрацыя з выданьня 1896 року. Сцэна бойкі Сакалінага Вока (пад выглядам мядзьведзя) з Магўа ў пячоры, дзе трымалі ў палоне Эліс. | |
Жанр: | Гістарычны раман |
---|---|
Аўтар: | Джэймз Фэнімар Купэр |
Мова арыгіналу: | ангельская |
Публікацыя: | люты 1826 |
Выдавецтва: | H.C. Carey & I. Lea |
Сэрыя: | «Апавяданьні пра Скураную Панчоху» |
Папярэдні твор: | «Піянэры» (1823) |
Наступны твор: | «Прэрыя» (1827) |
Дзеяньне «Апошняга з магіканаў» адбываецца ў 1757 року ў часе вайны французаў ды індзейцаў (Сямігадовай вайны) супраць Вялікабрытаніі за кантроль у Паўночнай Амэрыцы. У ходзе вайны і французы, і брытанцы карысталіся дапамогай індзейцаў, асабліва французы, якія ў паўночна-ўсходняй Амэрыцы значна саступалі ў колькасьці брытанскім каляністам.
Дзьве дачкі палкоўніка Манро — Эліс і Кора — спрабуюць прайсьці празь нетры нью-ёрскіх лясоў да бясьпечнага форту Ўільям Генры. У суправаджаючым іх караване знаходзяцца таксама каляніст Натаніель Бампа, маёр Данкан Гэйўард, індзейцы Чынгачгук і Ункас (які й ёсьць апошнім з магіканаў).
Раман стаў адным з самым папулярных на ангельскай мове, шматразова адаптаваны для фільмаў, тэлевізіі ды мультфільмаў на розных мовах.
Гістарычнае тло
рэдагавацьУ часы Джэймза Фэнімара Купэра мноства людзей лічыла, што індзейцы Амэрыкі зьнікаюць і ўрэшце асымілююцца ці вымруць. Іхняя колькасьць асабліва зьмяншалася на ўсходзе. Адначасна аўтар цікавіўся пэрыядам перасоўваньня граніцы, калі каляністы зганялі індзейцаў зь іхніх земляў. Купэр вырас у Купэрстаўне, дзе ягоны бацька пасяліўся на заходняй мяжы паселішча; пасьля Рэвалюцыйнай вайны яно вырасла.
Купэр вырашыў напісаць пра падзеі Сямігадовай вайны між Вялікабрытаніяй ды Францыяй, вядомай у Паўночнай Амэрыцы як француская й індзейская вайна. У канфлікце былі задзейнічаныя брытанскія каляністы зь нязначным рушэньнем супраць рэгулярных францускіх сілаў, прычым абодва бакі прыцягвалі да сябе ў падтрымку індзейцаў. Пераважна баявыя дзеяньні вяліся ўздоўж мяжы брытанскіх калёніяў ад Вірджыніі да Новае Шатляндыі.
Увесну 1757 року падпалкоўнік Джордж Манро стаў камандзірам гарнізону форту Ўільям Генры, разьмешчанага на возеры Джордж у правінцыі Нью-Ёрк. У пачатку жніўня генэрал-маёр Манкальм з 7000 жаўнераў абклаў форт. 2 жніўня камандуючы войскамі генэрал Ўэб выправіў на дапамогу гарнізону Ўільяма Генры са сваёй базы ў форце Эдўардзе 200 вайскоўцаў і 800 масачусэцкіх рушэнцаў. Гэта й ёсьць той аддзел, зь якім ідуць Манровыя дочкі ў пачатку раману.
3 жніўня Манро выправіў у форт Эдўард пасланцаў з просьбай пра дапамогу, аднак Ўэб адмовіў, паколькі меў у сваім распараджэньні ўсяго 1600 чалавек, якія стаялі паміж французамі ды Олбані. 4 жніўня ён адпісаў, каб Манро дамаўляўся на як мага выгаднейшыя ўмовы капітуляцыі; гэтае паведамленьне было перахопленае і дастаўленае Манкальму.
7 жніўня Манкальм накіраваў перахопленае паведамленьне абаронцам форту праз парлямэнтэра зь белым сьцягам. Да гэтага часу муры форту ўжо былі разьбітыя, мноства гарматаў ня дзейнічалі, гарнізон нёс значныя страты. Пасьля чарговага дня францускіх абстрэлаў Манро ўзьняў белы сьцяг і пагадзіўся адступіць з умовай больш ня браць удзелу ў ваенных дзеяньнях.
Калі брытанцы выйшлі з форту, індзейцы, што ваявалі на баку Манкальму, разьюшаныя страчанай магчымасьцю рабаваньняў, напалі на іх. У гэтай бойцы брытанцы страцілі ад 70 да 200 чалавек памерлымі і больш за 500 палоннымі; што праўда, Джэймз Фэнімар Купэр апісвае гэтую разаніну яшчэ больш трагічна.
Сюжэт
рэдагавацьКора ды Эліс Манро выпраўляюцца з маёрам Данканам Гэйўардам з форту Эдўарду(en) ў форт Ўільям Генры, дзе камандуе іхні бацька падпалкоўнік Манро. Зь імі йдзе Дэйвід Гэмет, прастадушны настаўнік сьпеваў, а правадніком у іх — індзеец Магўа.
Каб скараціць дарогу, Магўа накіроўвае караван празь некантраляваную брытанскім рушэньнем тэрыторыю, што не падабаецца Гэйўарду. Яны рушаць без правадніка і ўрэшце спатыкаюць Нэці Бампа па мянушцы Сакалінае Вока ды двух ягоных сяброў-магіканаў: Чынгачгука з сынам Ункасам. Гэйўард, Сакалінае Вока і магіканы падазраюць, што Магўа — сакрэтны гуронскі выведнік французаў. Магўа пасьпявае ўцячы, і тады індзейцы, ведаючы, што ён вернецца з падмацаваньнем, вядуць брытанцаў да схаванай пячоры на высьпе пасярод ракі. Тут іх атакуюць гуроны, у абаронцаў сканчаюцца бояпрыпасы, тады Сакалінае Вока і магіканы сыходзяць, абяцаючы вярнуцца.
Магўа і гуроны палоняць Гэйўарда, Гэмета ды сёстраў Манро. Высьвятляецца, што Магўа прагне адпомсьціць палкоўніку Манро за спойваньне віскі (за гэта Магўа выгналі з племені гуронаў) і лупцаваньне яго на слупе за п’янства. Ён намерваецца зьнішчыць усю сям’ю Манро, аднак прапануе пакінуць дзяўчат жывымі, калі Кора пагодзіцца стаць ягонай жонкай. Пасьля другой адмовы ён вырашае ўчыніць ім сьмерць. Сакалінае Вока і магіканы ўратоўваюць чацьверку ды прыводзяць да трухлявай хаты, дзе колькі гадоў таму адбылася бітва між індзейцамі і брытанцамі. Тут іх амаль даганяюць гуроны, аднак не рашаюцца рушыць далей, каб не апаганіць могілкі сваіх суайчыньнікаў.
Наступнага дня Сакалінае Вока прыводзіць кампанію ў форт Генры, абмінуўшы францускую аблогу. Манро накіроўвае Сакалінае Вока ў форт Эдўард па дапамогу, аднак той трапляе ў рукі французаў і вяртаецца ў форт Генры. Гэйўард тым часам прызнаецца палкоўніку Манро ў каханьні да ягонай дачкі Эліс, і Манро дае згоду на залёты. Францускі генэрал Манкальм выклікае Манро на перамовы, дзе паказвае ліст ад генэрала Ўэба з адмовай прыйсьці на дапамогу абложанаму форту Генры. Пасьля гэтага Манро пагаджаецца капітуляваць на ўмовах францускага афіцэра: брытанцы змогуць забраць параненых, жанчын і дзяцей ды ня ўдзельнічаць у вайсковых дзеяньняў васемнаццаць месяцаў. Па дарозе брытанцаў атакуе дзьвюхтысячны аддзел гуронаў; вайскоўцаў выразаюць, а Магўа выкрадае Кору з Эліс ды прыводзіць у гуронскую вёску. Дэйвід Гэмет ідзе за імі.
Сакалінае Вока, магіканы, Гэйўард і палкоўнік Манро, ратуюцца ад разаніны ў руінах форту. Яны вырашаюць знайсьці Магўа і ў пошуках ягоных сьлядоў перасякаюць возера. Зь берагу іх заўважае банда гуронаў, кідаецца за імі ў пагоню на каноэ, аднак пяцёрка пасьпявае высадзіцца на бераг і дасягнуць гуронскай вёскі, дзе мешкае Магўа. Тут яны знаходзяць Гэймета — гуроны адпусьцілі яго як бясшкоднага вар’ята — які паведамляе, што Эліс трымаюць у гэтай вёсцы, а Кору — у іншай, дзе жывуць дэлавэры.
Гэйўард удае францускага лекара ды йдзе з Гэйметам у гуронскую вёску, Сакалінае Вока і Ункас ідуць на выратаваньне Коры, а Манро з Чынгачгукам застаюцца чакаць. Ункас трапляе ў палон да гуронаў і, вытрымаўшы катаваньні, кінуты на галодны скон. Гэйўард не знаходзіць Эліс; адзін з гуронаў просіць яго вылечыць сваю хворую на самнамбулізм жонку. Па дарозе да пячоры іх высочвае Сакалінае Вока ў абліччы мядзьведзя, і калі індзеец сыходзіць, яны ўдваёх з Гэйўардам знаходзяць Эліс. Сакалінае Вока адольвае Магўа, і яго пакідаюць зьвязаным да сьцяны. Тады Гэйўард з Эліс хаваюцца, а Сакалінае Вока выпраўляецца ратаваць Ункаса. Гэймет са сваім чароўным мядзьведзем (якім уяўляецца Сакалінае Вока) пераконвае гуронаў у патрэбе прайсьці да Ункаса, і яны яго вызваляюць. Замест Ункаса ў палоне застаецца Гэймет, ягоную вопратку бярэ Сакалінае Вока, а Ункас надзяе мядзьвежы касьцюм. Удваёх яны прыходзяць у дэлавэрскую вёску, дзе трымаюць Кору, перш, чым гуроны здагадваюцца пра падман і знаходзяць зьвязанага Магўа. Той апавядае свайму племені ўсю гісторыю да падману Гэйўарда і Сакалінага Вока ды становіцца лідэрам гуронаў, якія вырашаюць адпомсьціць.
Ункаса, Сакалінае Вока, а таксама Эліс, Кору ды Гэйўарда трымаюць у дэлавэрскім палоне, калі ў вёсцы зьяўляецца Магўа з патрабаваньнем аддаць палонных яму. Склікаецца рада, на якой Ункас раскрывае, што ён магіканін — прадстаўнік некалі магутнага племені, блізкага з дэлавэрамі. Тамэнанд, дэлавэрскі мудрэц, прымае Ункасаў бок і вызваляе палонных, аднак Кору дорыць Магўа паводле племянной традыцыі. Пасьля гэтага, каб не парушыць гасьціннасьць, Тамэнанд дае Магўа трохгадзінную фору перад пагоняй. За гэты час дэлавэры зьбіраюцца на бітву, а Дэйвід Гэймет зьбягае і паведамляе кампаньёнам, што ў лесе між вёскамі гуронаў і дэлавэраў аселі людзі Магўа. Тым ня меней Ункас, Сакалінае Вока і дэлавэры непахісныя ў сваім намеры біцца з гуронамі.
У крывавай бітве дэлавэры зьнішчаюць гуронаў і ў рэшце рэшт заваёўваюць іхнюю вёску; Магўа з Корай і двума гуронамі здолеў уцячы; Ункас, Сакалінае Вока і Гэйўард перасьледуюць іх да высокай гары. У сутычцы на кручы гінуць Кора, Ункас і Магўа. Раман сканчаецца працяглым апісаньнем пахаваньня Ункаса і Коры ды пацьверджаньнем сяброўства Сакалінага Вока з Чынгачгукам. Тамэнанд прарочыць: «Бледнатварыя — гаспадары зямлі, а час чырвонатварых яшчэ не надышоў…»
Пэрсанажы
рэдагаваць- Чынгачгук: апошні правадыр племені магіканаў, праваднік сёстраў Манро. Бацька Ункаса, пасьля сьмерці якога становіцца «апошнім з магіканаў». У перакладзе з дэлавэрскага дыялекту імя азначае «Вялікі Зьмей»[1]
- Ункас — Чынгачгукаў сын, якога завуць «апошнім з магіканаў», паколькі чыстакроўных магіканскіх жанчынаў для працягу роду зь ім не засталося. Вядомы таксама па мянушцы Скакучы Лось.
- Натаніель Бампа/Сакалінае Вока: каляніст, становіцца правадніком сёстраў Манро. У індзейцаў і французаў вядомы пад мянушкай Доўгі карабін за сваю трапнасьць і адметную стрэльбу.
- Магўа — злодзей: правадыр гуронаў, выгнаны з племені за п’янства; мянушка Хітры Ліс.
- Кора Манро: чарнявая дачка палкоўніка Манро; сур’ёзная, разумная, спакойная ў небясьпечнай сытуацыі. Ейная маці, зь якой палкоўнік пазнаёміўся і ажаніўся ў Вэст-Індыі, была мулаткай ды памерла, калі Кора была яшчэ маленькай.
- Эліс Манро: зводная Корава сястра-бляндынка; вясёлая, гарэзьлівая, далікатная і абаяльная. Дачка Манро ад другой жонкі, Эліс Грэм.
- Джордж Манро: палкоўнік брытанскай арміі, камандуючы фортам Ўільям Генры.
- Данкан Гэйўард — маёр брытанскай арміі зь Вірджыніі, закаханы ў Эліс Манро.
- Дэйвід Гэмет: псальмяр (настаўнік сьпеваў псальмаў), вядомы як «сьпеўны майстар».
- Генэрал Дэніел Ўэб — вышэйстаячы начальнік палкоўніка Манро, камандуючы фортам Эдўардам.
- Генэрал маркіз дэ Манкальм — францускі галоўнакамандуючы, якога гуроны й іншыя хаўрусныя індзейскія плямёны называюць «Вялікім белым бацькам Канадаў(en)».
- Тамэнанд — стары, мудры ды паважаны дэлавэрац, які перажыў тры пакаленьні ваяроў.