Апалён-11

місія касьмічнай праграмы „Апалён“
(Перанакіравана з «Апалён 11»)

«Апалён-11» (па-ангельску: Apollo 11) — пілятаваны касьмічны карабель сэрыі «Апалён», які першым зьдзейсьніў пілятаваную чалавекам пасадку на Месяц 20 ліпеня 1969 року. У 20:17:39 UTC Ніл Армстранг і Баз Олдрын пасадзілі месяцовы модуль карабля ў паўднёва-заходнім раёне Мора спакою. Яны заставаліся на паверхні Месяцу на працягу 21 гадзіны 36 хвілінаў і 21 сэкунды. Увесь гэты час пілёт каманднага модулю Майкл Колінз чакаў іх на калямесяцовай арбіце.

Астранаўты зьдзейсьнілі адзін выхад на паверхню Месяца, якое працягвалася 2 гадзіны 31 хвіліну 40 секундаў. Першым чалавекам, які крочыў па паверхні Месяцу, стаў Ніл Армстранг. Гэта адбылося 21 ліпеня а 02:56:15 UTC. Празь 15 хвілінаў да яго далучыўся Олдрын.

Астранаўты ўсталявалі на месцы пасадкі сьцяг ЗША, разьмясьцілі камплект навуковых прыладаў і ўзялі 21,55 кг узораў месяцовага грунту, якія былі пасьля дастаўлены на Зямлю. Пасьля прызямленьня удзельнікі місіі й узоры грунту прайшлі строгі карантын, які ня выявіў ніякіх чужаземных мікраарганізмаў.

Пасьпяховае выкананьне праграмы палёту «Апалёна-11» азначала дасягненьне нацыянальнай мэты, пастаўленай прэзыдэнтам ЗША Джонам Кенэдзі ў траўні 1961 року — да канца дзесяцігодзьдзя ажыцьцявіць высадку на Месяц[1].

  1. ^ Watkins, Billy W.; Haise, Fred (Foreword) Apollo Moon Missions: The Unsung Heroes. — Westport, Connecticut; London: Praeger Publishers, 2006. — С. XXII—XXIV. — 202 с. — ISBN 0-275-98702-7