Амэрыканскі добраахвотніцкі корпус

Амэрыканскі добраахвотніцкі корпус (па-ангельску: American Free Corps, па-нямецку: Amerikanisches Freikorps), таксама вядомы як Брыгада Джорджа Вашынгтона (па-ангельску: George Washington Brigade) — вайсковае падразьдзяленьне СС, якое набіралася зь ліку амэрыканцаў. Да канца Другой сусьветнай вайны цалкам не было сфармавана, некаторымі гісторыкамі нават аспрэчваецца магчымасьць яго існаваньня.

Амэрыканскі добраахвотніцкі корпус
American Free Corps / George Washington Brigade
Гады існаваньня 1945
Краіна ЗША ЗША
Сьцяг Трэцяга райху Трэці Райх
Падпарадкаваньне СС
Функцыя спэцапэрацыі і прапаганда
Колькасьць невядома, ад 100 да 150 чалавек паводле розных адзнакаў
Мянушка Брыгада Джорджа Вашынгтона
Колеры белы і чырвоны
Войны Другая сусьветная вайна
Вядомыя камандзіры Мартын Джэймс Монты

Апісаньне структуры корпусу рэдагаваць

Нягледзячы на выказваньні Ёзэфа Гёбэльса пра ЗША як пра краіну «з сумесьсю расаў, якую нават не назавеш народам», у плянах Трэцяга райху фігуравала стварэньне амэрыканскага падразьдзяленьня СС. Амэрыканскі добраахвотніцкі корпус павінен быў аб’яднаць амэрыканскіх антыкамуністаў і антыбальшавікоў у барацьбе супраць СССР накшталт Легіёну францускіх добраахвотнікаў, а вялікая частка салдатаў павінна была набірацца сярод ваеннапалонных.

Ці атрымалася сфармаваць корпус і набраць туды хоць якую-небудзь колькасьць жаўнераў — гэта пытаньне дагэтуль застаецца адкрытым. Паводле меркаваньняў гісторыкаў Аляксандра Маккі і Дж. Лі Рэдзі, корпус сапраўды існаваў у рэальнасьці, прычым Маккі сьцьвярджае, што туды набралі зьняволеных з Дрэздэну, а паводле словаў Лі Рэдзі, ў корпус пасьпелі набраць каля сотні жаўнераў. Ці былі сярод іх калябарацыяністы і добраахвотнікі — пакуль не даказана. У якасьці адметных прыкмет выкарыстоўваліся нарукаўныя нашыўкі ў форме стылізаванага амэрыканскага сьцягу, а на пятліцах мундыраў маляваўся белагаловы арлан. У якасьці словаў на нарукаўнай стужцы (такі, як у падразьдзяленьня франтавых журналістаў СС «Курт Эгэрс») выкарыстоўваліся словы «American Free Corps» і «George Washington Brigade»[1].

Службоўцы рэдагаваць

Афіцыйна сьцьвярджаецца, што ўсяго некалькі тысячаў амэрыканскіх жаўнераў ваявалі на боку вэрмахта ў гады Другой сусьветнай вайны. Аднак пры гэтым ходзяць чуткі, што ў вэрмахце служылі і немцы з ЗША. Да 1920 году ў ЗША пражывала каля 8 мільёнаў чалавек, для якіх роднай мовай была нямецкая. У 1939 годзе некалькі сотняў амэрыканцаў навучаліся ў нямецкіх унівэрсытэтах[2][3], але ў канцы 1930-х гадоў некаторыя чальцы партыі «Нямецка-амэрыканскі саюз», этнічныя немцы, пасьпяшаліся ў Нямеччыну ў якасьці працоўнай сілы[4]. У 1939 годзе, ужо пасьля пачатку вайны нямецкае кіраўніцтва прапанавала амэрыканскім немцам у абмен на прад’яўленьне пашпартоў Трэцяга райху права на падрыхтоўку да вайсковай службы ў спэцыяльных падразьдзяленьнях. Доказаў пра службу амэрыканскіх немцаў, аднак, так і не было нікім прад’яўлена.

Падчас нямецкага контрнаступленьня ў Арденнах у 1944 годзе на боку Нямеччыны выступала спэцыяльнае дывэрсійнае амэрыканскае падразьдзяленьне, на чале якога стаяў вядомы дэвэрант Ота Скарцэні, і ўсе 150 салдат і афіцэраў гэтага падразьдзяленьня называлі сваёй роднай мовай ангельскую. Мэтай гэтай групы зьяўляліся дывэрсійныя акты, падрыхтоўка засад і пастак, а таксама спэцпрапаганда ў тыле саюзьнікаў і распаўсюд панікі. Гэтую баявую групу часта па памылцы завуць Амэрыканскім добраахвотніцкім корпусам.[5]

Магчымыя кіраўнікі корпусу рэдагаваць

З 1943 году пасьля актыўнага ўмяшаньня ЗША ў ход баявых дзеяньняў у вайне ў Нямеччыне пачалася тэрміновая мабілізацыя як палонных замежных салдатаў, так і калябарацыяністаў розных нацыянальнасьцяў. У гэта ж час у Нямеччыне пачалі задумвацца пра фармаваньне вайсковых падразьдзяленьняў ня толькі з французаў, але і з ангельцаў і амэрыканцаў. У ліку амэрыканскіх грамадзян, якія аказвалі дапамогу, былі вядомыя дзеячы Фрэд Кальтэнбах, Дуглас Чэндлер і Робэрт Бэст.

У якасьці камандзіра корпусу згадваецца Мартын Джэймс Монты, лейтэнант ВПС ЗША швайцара-італьянскага паходжаньня. У 1944 годзе ён сагнаў самалёт і прызямліўся ў Нямеччыне, добраахвотна здаўшыся ў палон.[6][7] Пасьля некаторых перамоў Монты быў прыняты ў полк СС «Курт Эггэрс», падразьдзяленьне вайсковых карэспандэнтаў. У 1949 годзе Монты быў дэпартаваны ў ЗША і прысуджаны да 25 гадоў турмы за супрацоўніцтва з нацыстамі, аднак у абвінавачваньні з нагоды магчымай службы ў Амэрыканскім добраахвотніцкім корпусе нічога не гаварылася.[8][9]

У некаторых дакумэнтах фігуруе імя яшчэ аднаго амэрыканца італьянскага паходжаньня Пітэра Деляні, выхадца Люізіяны, капітана Вафэн-СС, які нібы разам з Монты прайшоў вайсковую падрыхтоўку ў СС. Монты і Деляні часта выяжджалі ў шэрагі амэрыканскіх войскаў і, як прапагандысты, спрабавалі перавесьці некаторых жаўнераў арміі ЗША на бок Вэрмахту, абяцаючы ім больш якасную службу і новыя магчымасьці для кар’ернага пасоўваньня. Зрэшты, у Фэдэральным архіве Нямеччыны налічваецца ўсяго сем амэрыканскіх грамадзян-чальцоў СС і СД, сярод якіх няма Дэляні і Монты[10], а ў архівах Люізіяны пра яго не згадваецца ні разу, што ставіць пад сумнеў факт існаваньня Деляні ў рэальнасьці[11]. Хадзілі чуткі, што пад гэтым імем хаваўся францускі калябарацыяніст П’ер дэ ля Нэй дзю Вэр (1907—1945), які служыў у Легіёне францускіх добраахвотнікаў супраць бальшавізму, аднак гэта аспрэчыў ягоны сын П’ер Анры дзю Вэр[12].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Images of the American Free Corps  (анг.)
  2. ^ s. Hans-Werner Retterath: Deutschamerikanertum und Volkstumsgedanke. Phil. Diss. Marburg 2000, S. 168
  3. ^ Michael Wala: ‚Gegen die Vereinzelung Deutschlands’: Deutsche Kulturpolitik und akademischer Austausch mit den Vereinigten Staaten von Amerika in der Zwischenkriegszeit, in: Manfred Berg / Philipp Gassert (Hg.): Deutschland und die USA in der Internationalen Geschichte des 20. Jahrhunderts. Stuttgart 2004, S. 311f.
  4. ^ s. Hans-Werner Retterath: Deutschamerikanertum und Volkstumsgedanke. Phil. Diss. Marburg 2000, S. 219f.
  5. ^ s. J. Lee Ready: The Forgotten Axis: Germany’s Partners and Foreign Volunteers in World War II. Jefferson 1987, S. 443f.
  6. ^ zu Monti s. Marshall Wainright: Deserter. In: Air Classics, Sep. 2004
  7. ^ Electronic Army Serial Number Merged File sowie World War II Prisoners of War Data File der NARA.
  8. ^ s. Ex-flier confesses 21 acts of treason, in: New York Times v. 18. Januar 1949 (Abstract); Amerikana, in: TIME Magazine v. 24. Januar 1949
  9. ^ Special Subcommittee on Security Affairs: Federal Case Law Concerning the Security of the United States. Legal Survey by Library of Congress. Washington : U.S. G.P.O. 1954, S. 20.
  10. ^ s. John P. Moore: Fuhrerliste der Waffen-SS. Portland, 2nd Ed. 2003 (CD-Rom)
  11. ^ s. Suchanfrage
  12. ^ Pierre Henri du Vair: The Other Red Devil. o.O. o.J.