Альгамбрскі эдыкт
Альгамбрскі эдыкт, або Гранадзкі эдыкт (па-гішпанску: Edicto de Granada) — указ караля Фэрдынанда II Арагонскага і каралевы Ізабэлы I Кастыльскай, выдадзены ў 1492 годзе, аб выгнаньні з усіх тэрыторыяў іхнага каралеўстваў тых габрэяў, якія да 31 ліпеня бягучага на той момант году адмовяцца навярнуцца ў хрысьціянства.
Гэты эдыкт быў першым у гісторыі Гішпаніі, паводле якога зь ейнай тэрыторыі выганяўся цэлы народ, які пражываў тут усьцяж паўтары тысячагодзьдзі. Многія з габрэяў пад наймацнейшым націскам уладаў навярнуліся ў каталіцкую веру (крыптаюдэі, якіх гішпанцы пагардліва называлі маранамі). Пры гэтым яны ўвесь час знаходзіліся ў цэнтры пільнай увагі інквізыцыі, якая падазравала іх у несапраўдным пераходзе ў хрысьціянства і патаемнай прыхільнасьці да сваёй старой рэлігіі. Многія тысячы выяўленых інквізыцыяй сапраўдных і ўяўных парушальнікаў зь ліку маранаў былі асуджаныя і спаленыя на вогнішчы.
У 1968 годзе гішпанскі ўрад генэрала Франка абвесьціў Альгамбрскі эдыкт несапраўдным, а 1 красавіка 1992 году гішпанскі кароль Хуан Карляс I абвесьціў, што ён страціў моц. У той жа дзень кароль наведаў мадрыдзкую сынагогу і прасіў прабачэньня за рашэньне, прынятае ягонымі папярэднікамі амаль 500 гадоў назад. У сувязі з 500-годзьдзем выгнаньня юдэяў з Гішпаніі мясцовы парлямэнт у 1992 годзе зацьвердзіў закон, які рэгулюе з гэтага часу адносіны паміж Гішпанскай дзяржавай і зьвязам габрэйскіх грамадаў краіны.