Аквінкум
Аквінкум (Aquincum) — старажытны горад, які быў разьмешчаны на паўночна-ўсходніх межах Паноніі, правінцыі Рымскай імпэрыі. Руіны гораду знаходзяцца на тэрыторыі сучаснай сталіцы Вугоршчыны гораду Будапэшту.
Першапачаткова як кельцкае паселішча, Аквінкум служыў у якасьці старажытнарымскага ваеннага лягеру, быўшы часткай абарончай сыстэмы, якая ахоўвала межы Рыму. Каля 41-54 гг. у горад прыбыў атрад коньніцы колькасьцю 500 чалавек, а ўжо да 89 году тут быў разьмешчаны рымскі легіён, колькасьцю ў 6000 чалавек. Паступова з фартэцыі вырас горад, і пасьля рэарганізацыі Паноніі рымлянамі ў 106 годзе стаў сталіцай Ніжняй Паноніі. Да канца II стагодзьдзя Аквінкум насяляла каля 30-40 тысячаў жыхароў, горад займаў значную частку тэрыторыі сучаснага раёну Будапэшту Обуда.
Людзі, якія пражывалі ў паселішчы, карысталіся такімі дасягненьнямі імпэрыі як цэнтральнае ацяпленьне ў дамах і грамадзкія лазьні, у горадзе будавалі палацы і амфітэатры грамадзкага прызначэньня.
У Аквінкуме захавалася два амфітэатры: вялікі Ваенны амфітэатар (Амфітэатар легіянераў, разьмяшчаецца за некалькі кілямэтраў на поўдзень ад асноўнай часткі Аквінкуму) і малы Грамадзянскі амфітэатар.
Руіны старажытнага рымскага паселішча можна знайсьці і ў іншых частках Будапэшту, напрыклад, у Пэшце разьмешчаны рэшткі Контр-Аквінкуму.
У 2002 годзе Аквінкум разам з Будайскай фартэцыяй і праспэктам Андрашы ўключаны ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.
Каардынаты: 47°33′51″ пн. ш. 19°2′58″ у. д. / 47.56417° пн. ш. 19.04944° у. д.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАквінкум — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў