Рэфлекс (біялёгія)

(Перанакіравана з «Адсьвет»)

Рэфлекс (ад лац. reflexus — адлюстраваньне), таксама — адсьве́т[1][2] — адказная рэакцыя арганізму на раздражненьне з вонкавага або ўнутранага асяродзьдзя, якая ажыцьцяўляецца нэрвовай сыстэмай. Структурнай асновай рэфлексу зьяўляецца створаная нэўронамі рэфлекторная дуга ці шлях, па якому нэрвовыя імпульсы ідуць ад рацэптараў да працоўнага органу.

Агульная характарыстыка рэдагаваць

У рэфлекторнай дузе прынята адрозьніваць пяць аддзелаў:

  • рацэптары
  • адчувальны шлях
  • нэрвовы цэнтар (участак ЦНС)
  • рухальны шлях
  • працоўны орган

У самую простую двухнэўронную рэфлекторную дугу ўваходзяць адчувальны й рухальны нэўрон.

Любы рэфлекс пачынаецца з раздражненьня рацэптараў — адмысловых адчувальных утварэньняў. Яны прыстасаваныя да ўспрыманьня энэргіі раздражняльніка і яе пераўтварэньня ў нэрвовыя імпульсы. Рэцэптарам можа быць як нэрвовы канчатак — дэндрыт, так і ўся спэцыялізаваная вуза (напрыклад, сьветлаадчувальныя вузы вока).

Ад рэцэптару па валакну нэрвовы імпульс дастаўляецца да цела адчувальнага нэўрону. Яно знаходзіцца ў сьпіннамазгавым нэрвовым вузьле па-за межамі ЦНС. Пасьля гэтага па аксоне ад цела адчувальнае вузы ўзбуджэньне паступае ў ЦНС, дзе праз сынапс перадаецца на рухальны нэўрон. Ад рухальнага нэўрону яно накіроўваецца на працоўны орган і зьмяняе яго дзейнасьць. У працоўным органе дуга сканчаецца.

Для ажыцьцяўленьня рэфлексу неабходная анатамічная й функцыянальная цэласнасьць усіх частак рэфлекторнае дугі.

Большасьць адказных рэакцыяў арганізму ажыцьцяўляецца пры ўдзеле значнае колькасьці нэўронаў. Двухнэўронная рэфлекторная дуга — гэта ўсяго толькі схема. Звычайна паміж адчувальнымі й рухальнымі нэўронамі маюцца ўставачныя нэўроны. Яны пералучаюць узбуджэньне з адчувальнага на рухальны нэўрон і перадаюць яго ў вышэй- ці ніжэйляжаныя аддзелы млеча. Таму слушней казаць, што структурную аснову рэфлекторных дуг складаюць нэўронныя ланцугі з адчувальных, уставачных і рухальных нэўронаў.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Адсвет(недаступная спасылка) // Руска-беларускі, беларуска-рускі слоўнік медыцынскіх тэрмінаў. — Горадня: ГрДМУ, 2001.
  2. ^ Рефлекс(недаступная спасылка) // Кароткі расейска-беларускі фізыялягічны слоўнік / Уклад. А. Стасевіч, С. Варыёцкі. — Менск: Тэхналогія, 1993.