Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Грэцыі
Адміністрацыйны падзел Грэцыі — сучасны падзел Грэцыі, сфармаваны па праграме Калікратыса[1] і дзейнічае з 1 студзеня 2011 году. Паводле гэтага падзелу Грэцыя адміністрацыйна складаецца з 7 дэцэнтралізаваных адміністрацыяў, 13 пэрыфэрыяў і 325 муніцыпалітэтаў. Пэрыфэрыі і муніцыпалітэты маюць поўнае самакіраваньне. Аўтаномная манаская дзяржава Сьвятой Гары вызваляецца ад гэтых рэформаў і захоўвае свае інстытуты паводле «Статутнай хартыі сьвятой гары Атонскай» 1924 году.
- Атыка
- Заходняя Грэцыя
- Заходняя Македонія
- Іянічныя астравы
- Крыт
- Паўднёвыя Эгейскія астравы
- Паўночныя Эгейскія астравы
- Пэляпанэс
- Тэсалія
- Усходняя Македонія і Тракія
- Цэнтральная Грэцыя
- Цэнтральная Македонія
- Эпір
Ніжэйшай формай арганізацыі мясцовага самакіраваньня зьяўляецца муніцыпалітэт. Мэр і гарадзкая рада выбіраюцца на пяць гадоў усеагульным галасаваньнем. Муніцыпалітэты падзелены на аддзелы, а яны, ў сваю чаргу, на грамады. Апошнія маюць уласныя рады.
Арганізацыяй мясцовага самакіраваньня другога ўзроўню зьяўляецца пэрыфэрыя, якая адпавядае вялікай геаграфічнай вобласьці. Пэрыфэрыярх і рада выбіраюцца на пяць гадоў усеагульным галасаваньнем. Пэрыфэрыі падзелены на аддзелы, якія як правіла супадаюць з номамі. Аддзелы кіруюцца ўласнымі віцэ-пэрыфэрыярхамі, якіх выбіраюць разам з пэрыфэрыярхам.
Дэцэнтралізаваныя адміністрацыі не зьяўляюцца органамі самакіраваньня, а служаць мэтам дэцэнтралізацыі кіраваньня краінай. Складаюцца з 1—3 пэрыфэрыяў і кіруюцца генэральным сакратаром, які прызначаецца ўрадам Грэцыі і прымае ўсе рашэньні, а таксама радай, у якую ўваходзяць усе пэрыфэрыярхі і прадстаўнікі муніцыпалітэтаў і якая выконвае дарадчую ролю.