Абмеркаваньне:Панізоўе (рэгіён)
...бо тэрыторыя Панізоўя дакладна супадае з тэрыторыяй расьсяленьня радзімічаў.
Ніколі раней ня чуў і не чытаў пра тое, што радзімічы жылі каля мм. Рэчыца, Любеч, Асьцёр. Упершыню сустрэў на старонцы Панізоўе. Дый перавага, аддадзеная пазыцыі У. Васькова перад той, якой трымаліся М. Сьпірыдонаў і В. Насевіч, выклікае, мякка кажучы, зьдзіўленьне (нябожчык Сьпірыдонаў быў, відавочна, найлепшым знаўцам крыніцаў XVI ст. у Беларусі). Не зьявілася б ці не адзінкавая згадка ў "Суплікацыі" 1623 г., дык пра рэгіён з такой назвай і ня ведалі б. І што гэта за лякалізацыя для Хвойнікаў і Брагіна – "на мяжы гістарычнай Кіеўшчыны і Панізоўя"? Калі пад гістарычнай Кіеўшчынай разумеецца Кіеўскае ваяводзтва, дык жа ў яго складзе працяглы час былі і Асьцёр зь Любечам. А сам Кіеў яшчэ ніжэй па дняпроўскай плыні...
Толькі што прачытаў зьмешчанае на http://lj.rossia.org/users/palivac/237855.html?thread=1391391, адкуль усё перапісана на старонку Панізоўе. У. Васькоў (ён жа Палівач) не адмовіў сабе ў задавальненьні і расчыхвосьціў "арду афіцыйных гомельскіх гісторыкаў з ГДзУ", якая "не займаецца нармальна гісторыяй свайго рэгіёну". Маўляў, я працую, а вы чым займаецеся? (гэта пасьля таго, як некаторым зь іх "шчыра" падзякаваў!). Яму, як і рэцэнзэнту яго кнігі Я. Малікаву, хамства не займаць; меў магчымасьць неаднаразова пераканацца. Дык вось каму "цяжка пагадзіцца" з Сьпірыдонавым і Насевічам, а, галоўнае, вось хто пра радзімічаў навіну выдаў! Архэолягі могуць адпачываць...--Дамінік (гутаркі) 15:39, 5 траўня 2021 (+03)
- Тэма гістарычных рэгіёнаў досыць няпростая, бо дакладныя межы і пэўную нязьменнасьць у часе ў нас мелі толькі афіцыйныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі (ваяводзтвы, паветы), астатняе было надта няпэўным і зьмяняльным, апроч хіба Палесься, асноўныя землі якога больш-менш адпавядалі Мазырскаму павету (усходняе) і Пінскаму (заходняе), пры гэтым землі суседніх паветаў нярэдка таксама далучаюць да Палесься. Само ж Панізоўе, сапраўды, знаходзіцца вышэй за ўкраінскі Кіеў (які на той час ужо быў у Каралеўстве Польскім), але пры гэтым яно ніжэйшае за даволі значныя ў ВКЛ Смаленск, Воршу і Магілёў. Таксама ня трэба адкідаць магчымасьці памылковага даданьня да рэгіёну пэўных памежных да яго земляў. У кожным разе, ніхто ня будзе супраць даданьня зьменаў у артыкул, калі яны будуць грунтавацца на вартых даверу крыніцах і аўтарытэт Сьпірыдонава як кандыдата гістарычных навук, супрацоўніка Інстытуту гісторыі (фармальны крытэр), не кажучы ўжо пра высокую ацэнку яго працаў з боку іншых аўтарытэтных гісторыкаў, безумоўна, вышэйшы і мусіць падавацца на адпаведным узроўні ў артыкуле. Тое, што ў Гомлі ёсьць гісторыкі, якія паводле інэрцыі (або з прычыны пэўных рэгіянальных асаблівасьцяў) занадта засяроджваюцца (або прынамсі засяроджваліся 12 гадоў таму, калі было тое абмеркаваньне) на расейскім пэрыядзе, мабыць, прынамсі часткова праўда. Хоць абагульняць падобныя закіды на ўсіх, сапраўды, непрыгожа. Спадар Малікаў, дарэчы, паводле маіх назіраваньня як раз спрабуе (або прынамсі спрабаваў раней) супрацьпастаўляць Гомель астатняй Беларусі ў гэтым пляне (маўляў, Гомель з Расеяй і СССР зьязвае ня толькі кепскае). Таксама заўважыў, што ён можа быць даволі рэзкім, але не магу дазволіць сябе нейкіх закідаў у яго адрас па тым, як яго летась арыштоўвалі, а потым, увогуле, звольнілі. --Kazimier Lachnovič (гутаркі) 19:00, 5 траўня 2021 (+03)
У допісе я ўсё ж акцэнтаваў увагу (здавалася, гэта відавочна) на радзімічах ды на: "І што гэта за лякалізацыя для Хвойнікаў і Брагіна – "на мяжы гістарычнай Кіеўшчыны і Панізоўя"? Калі пад гістарычнай Кіеўшчынай разумеецца Кіеўскае ваяводзтва, дык жа ў яго складзе працяглы час былі і Асьцёр зь Любечам". Нават і пасьля далучэньня да Кароны, скажам, у 1623 годзе. А ад Хвойнікаў, тым болей ад Брагіна, да Рэчыцы ня гэтак і блізка, каб тое можна было пазначыць – "на мяжы". Што да зьменаў у артыкулы, дык іх лепей падаваць аўтарам, якія адпаведныя часткі стваралі. Канешне, як бы яны пагадзіліся зь пярэчаньнямі. Калі ж не, дык так і застанецца.--Дамінік (гутаркі) 19:24, 5 траўня 2021 (+03)
- Прыбраў супярэчлівую згадку радзімічаў. Дарэчы, раю зьвярнуць увагу на альгарытм пошуку кансэнсусу ў Вікіпэдыя:Кансэнсус#Кансэнсус можа зьмяняцца: у Вікіпэдыі ня варта адмыслова пытацца згоды з боку папярэдніх аўтараў, калі ў абмеркаваньні няма пярэчаньняў (а на ўнесеныя зьмены няма сустрэчных правак), то гэта фактычна і ёсьць згода. Што да лякалізацыі, то рэгіёны ў нас з названых прычынаў (няпэўнасьць межаў і часавая зьменлівасьць), як вядома, маглі накладацца адзін на адзін, адпаведна, іх перакрыцьці, мабыць, можна вызначаць як памежжа — адначасную прыналежнасьць да абодвух рэгіёнаў. --Kazimier Lachnovič (гутаркі) 20:43, 5 траўня 2021 (+03)
Памяняў спасылку, бо ў кнізе У. Васькоў (псэўд. У. Палівач) пра тое ня піша. Магчыма, рэдактары выдалілі...--Дамінік (гутаркі) 09:31, 6 траўня 2021 (+03)
Усё ж, мяркую, неабавязкова згадваць Панізоўе, каб пазначыць месцазнаходжаньне Брагіна і Хвойнікаў...--Дамінік (гутаркі) 18:48, 12 траўня 2021 (+03)