Ізмаіл Гамаў
Ізмаіл Іванавіч Гамаў (1852, Новачаркаск, вобласьць Войска Данскога — 1883, Новачаркаск) — удзельнік рэвалюцыйнага руху.
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў дваранскай сям’і, быў вольным слухачом Імпэратарскага маскоўскага тэхнічнага вучылішча. Прымаў актыўны ўдзел у нелегальных студэнцкіх гуртках ды хваляваньнях, а ягоная кватэра была месцам нелегальных сустрэч. Па ўзгадненьні з ІІІ аддзяленьнем міністар унутраных справаў 19 верасьня 1878 году распарадзіўся арыштаваць яго і «за надзвычайную палітычную нядобранадзейнасьць» выслаць ва Ўсходнюю Сыбір.
24 верасьня 1878 году Ізмаіла Гамава заарыштавалі і адправілі ў Іркуцк. Прадпісаньнем генэрал-губэрнатара Ўсходняй Сыбіры ад 2 лістапада 1878 году ён быў прызначаны ў акруговы горад Алёкмінск Якуцкай вобласьці, куды быў дастаўлены 13 студзеня 1879 году.
У 1881 годзе ягоная сястра хадайнічала перад Міністэрствам ўнутраных справаў аб пераводзе яе брата па стане здароўя зь Якуцкай вобласьці. Пастановай Асобай Нарады ад 10 красавіка 1882 году Ізмаіл Гамаў быў вызвалены ад выгнаньня, а 20 ліпеня 1882 году ён выехаў з Алёкмінску ды ў 1883 годзе прыбыў у Новачаркаск, дзе неўзабаве памёр.
У 1894 годзе ў Гомелі, павятовым горадзе Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі, «типографія Ш. А. Фридланда» надрукавала кнігу : «И. Гамовъ. Очерки далекой Сибири», якая ўяўляла «изданіе книжнаго магазина Я. Г. Сыркина». Зьвесткі пра гэтую кнігу адсутнічаюць ў грунтоўным выданьні «Кніга Беларусі 1517—1917. Зводны каталог», якое было выдадзенае ў Менску ў 1986 годзе, хаця яна захоўваецца ў Нацыянальнае бібліятэцы Беларусі пад шыфрам — Б 9144386.
Літаратура
рэдагаваць- Казарян П. Л. Олекминская политическая ссылка 1826—1917 гг. Якутск. 1995;
- Казарян П. Л. Олекминская политическая ссылка 1826—1917 гг. Изд. 2-е доп. Якутск. 1996. С. 11, 106, 118, 126, 128, 137, 138, 168, 191, 233—234, 468;