MIM-104 Patriot

зэнітна-ракетны комплекс ЗША

MIM-104 «Пэтрыёт» (па-ангельску: Patriot, пэтрыёт) — амэрыканскі Зэнітны ракетны комплекс, які знаходзіцца на ўзбраеньні Арміі ЗША і армій саюзных краін. Вырабляецца групай амэрыканскіх кампаній на чале з Raytheon". Комплекс «Пэтрыёт» ствараўся для замены комплексаў «Найк Гэркулес» і «Хок» у якасьці унівэрсальнага сродка супрацьпаветранай абароны пазыцыйных раёнаў войскаў на сярэдніх і вялікіх вышынях. Акрамя таго, Patriot павінен быў забясьпечваць супрацьракетную абарону (СРА) на ўзроўні арміі ЗША. У кастрычніку 1980 году быў падпісаны кантракт на вытворчасьць сэрыйнай партыі комплексаў і ракет, у сьнежні 1981 году пачаліся пастаўкі ў войскі. На ўзбраеньне прыняты ў 1982 годзе[1].

MIM-104 Patriot

Афіцыйнае слоўнае назва комплексу зьяўляецца бэкронімом ад фразы па-ангельску: Phased Array Tracking Radar to Intercept On Target (комплекс, спалучаны з РЛС суправаджэньня c фазаванымі антэннымі кратамі для перахопу цэлі па лініі візаваньня). У войсках за характэрны выгляд кантэйнэрнай пускавой устаноўкі комплекс нэфармальна называюць «сьмецьцявоз з гідрапрывадам» (dumpster on hydraulics)[2].

У цяперашні час эксплёатуецца і пастаўляецца ў іншыя краіны ўдасканаленая вэрсія сыстэмы, «Patriot» «PAC-3».

Кошт пастаўкі 9 батарэй (па 4 ПУ на батарэю) сыстэм «Пэтрыёт» можа даходзіць да $9 млрд (уключае ў сябе: 36 ПУ ЗУР «Пэтрыёт» PAC-3 (9 батарэй па 4 ПУ), 288 ЗУР «Пэтрыёт» PAC-3, 216 ЗУР з удасканаленым навядзеньнем GEM-T, 10 камплектаў РЛС з фазаванымі кратамі, 10 кантрольных станцый захопу цэлі)[3]. Кошт пуску адной ракеты складае каля 3 млн даляраў ЗША[4].

Канструкцыя

рэдагаваць

Навядзеньне ракеты MIM-104 на цэль ажыцьцяўляецца радыёкамандным кіраваньнем з зямлі з дапамогай мэтаду «сачэньня праз ракету» (TVM — скар. па-ангельску: Track-Via-Missile). Ракета, якая ляціць, прымае адлюстраваны сыгнал ад мэты наземнай РЛС і рэтрансьліруе яго ў аднабаковым канале сувязі на камандны пост. Таму, што ракета ў палёце заўсёды знаходзіцца бліжэй да цэлі, чым радар які за ёй сочыць, то сыгнал, які адлюстроўваецца ад цэлі прымаецца ракетай больш эфэктыўна, што забясьпечвае вялікую дакладнасьць і больш эфэктыўнае супрацьдзеяньне памехам. Такім чынам, выпраменьвальнік РЛС навядзеньня працуе на дзьве прыёмныя станцыі: прыёмнік самага радару і прыёмнік ракеты. Кіруючы кампутар супастаўляе дадзеныя, атрыманыя ад наземнай РЛС і ад самой ракеты і выпрацоўвае папраўкі да траекторыі, накіроўваючы ракету ў цэль.

Мадэль MIM-104B мае рэжым цалкам аўтаномнага пасіўнага навядзеньня ракеты на крыніцу сыгналу. Такі рэжым можа выкарыстоўвацца для эфэктыўнага трапляньня ў самалёты, стваральнікаў радыёперашкод і наземных радараў, якія дзейнічаюць у радыюсе дзеяньня сыстэмы.