Яраслаўская беларуская рада

Ярасла́ўская белару́ская ра́да — беларуская нацыянальная арганізацыя ў Яраслаўлі ў 1916—1918 роках. Аб’ядноўвала беларусаў-бежанцаў Першае сусьветнае вайны.

Яраслаўская беларуская рада
Дата ўтварэньня 1916 год
Дата спыненьня існаваньня 1918 год
Месцазнаходжаньне Яраслаўль

Створаная ўвосені 1916 году, ставіла сваёй мэтай аб’яднаньне беларусаў-бежанцаў вакол нацыянальнае ідэі, пасільнае аказаньне матэрыяльнае і юрыдычнае дапамогі пацярпелым ад Першае сусьветнае вайны, правядзеньне дабрачынных акцый, культурна-асьветных вечарын[1]. Ініцыятарамі стварэньня таварыства было кола сьвядомых выкладчыкаў і навучэнцаў Менскага настаўніцкага інстытуту ў Яраслаўлі: У. Ігнатоўскі, З. Сьцяпура, М. Мароз, А. Кабервейн, С. Курчэвіч-Сеўрук, М. Шымель, М. Ярац, Х. Бурван, Г. Нікіфарава, М. Кахановіч, Х. Імшэнік, У. Біруля. Удзельнікі рады рыхтавалі на беларускай мове лекцыі і рэфэраты па гісторыі і культуры Беларусі. У пазаўрочны час у інстытуце выкладаў вядомы беларускі навуковец і грамадзкі дзеяч Усевалад Ігнатоўскі[2]. Пад час жыцьця ў Яраслаўлі актыўным сябрам таварыства зьяўляўся беларускі паэт Максім Багдановіч[1].

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі разам з арганізацыяй «Маладая Беларусь» актывізавала сваю дзейнасьць па нацыянальным усьведамленьні беларусаў-бежанцаў. Супрацоўнічала зь Яраслаўскім Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў, падтрымлівала сувязь зь Беларускім нацыянальным камітэтам у Менску, Беларускай народнай грамадой у Маскве. Дэлегавала сваіх прадстаўнікоў на I зьезд беларусаў-бежанцаў у Маскве ў кастрычніку 1917, Усебеларускі зьезд у сьнежні 1917. Спыніла дзейнасьць увесну 1918 року.

  1. ^ а б Святлана Белая. Яраслаўль у лёсе Максіма Багдановіча: дакументальнае эсэ. — Мінск: «Беллітфонд», 2006. — С. 6
  2. ^ А. Бабкоў. Эвакуацыя і дзейнасць навучальных устаноў Беларусі ў Расіі ў гады першай сусветнай вайны // Культура беларускага замежжа.

Літаратура

рэдагаваць