Яганэс Тынэс Бё
|
Яга́нэс Ты́нэс Бё (па-нарвэску: Johannes Thingnes Bø) — нарвэскі біятляніст, які зважаецца адным з найлепшых біятляністаў сьвету. Здабываў Кубак сьвету па біятлёне ў 2019, 2020, 2021, 2023 і 2024 гадах. Акрамя таго здабываў залатыя мэдалі на зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 і 2022 гадоў[1]. Ягоны старэйшы брат Тар’ей таксама ёсьць біятляністам.
Кар’ера
рэдагавацьУжо маладзёнам спартовец пасьпяхова спаборнічаў у сваім узросьце, некалькі разоў становячыся моладзевым чэмпіёнам сьвету.
Першая перамога на этапе Кубка сьвету адбылася 14 сьнежня 2013 году ў спрынтарскай гонцы на трэцім этапе ў Ансі. На наступны дзень Бё аформіў дубль, выйграўшы таксама гонку перасьледу. Спартовец браў уздел у зімовых Алімпійскіх гульнях 2014 году, але там быў толькі восьмым у гонцы масавага старту. У 2015 годзе на чэмпіянаце сьвету ў Кантыялахці атрымаў перамогу ў спрынце. Праз год на сусьветным пяршынстве здабыў ужо два залатых мэдаля, а яшчэ праз год — яшчэ тры.
У сэзоне Кубка сьвету 2017—2018 гадоў нарвэжац быў блізкі да таго, каб упершыню ў кар’еры стаць пераможцам у агульным заліку, але быў толькі другім пасьля Мартэна Фуркада. Зважаючы на зацятую барацьбу ў папярэднім сэзоне, Бё лічыўся адным з фаварытам сэзону 2018—2019 гадоў. Гэты спартовы год пачаўся няблага для біятляніста. Бё здабыў перамогу ў пачатковай спрынтскай гонцы[2] ды выйграў шэсьць з васьмі індывідуальных гонак Кубка сьвету да Калядаў. Назьбіраўшы 428 пунктаў у васьмі гонках, ён меў перавагу ў 116 пунктаў над Аляксандрам Логінавым, які быў другім. Пасьля Калядаў спартовец працягнуў браць перамогі. Здабыўшы перамогі ў 13 гонак цягам сэзону ўжо за тры гонкі Бё забясьпечыў сабе крыштальным глёбусам як пераможцам агульнага заліку Кубка сьвету.
У наступным сэзоне спартовец пастанавіў сканцэнтравацца на чэмпіянаце сьвету, які ладзіўся ў Антгольцы-Антэрсэльвы. У Кубку сьвету спартовец ня ставіў важных задачаў, бо ў студзені 2020 году мусіў прапусьціць праз сыход у адпачынак па догляду за дзіцём[3]. Тым ня менш у першай палове Кубка сьвету нарвэжац зноў дамінаваў у першынстве, здабыўшы пяць перамогаў у сямі індывідуальных гонках, чым забясьпечыў перавагу перад сваім братам Тар’ей, які быў на другім радку перад Калядамі. На пачатку 2020 году Бё стаў самым пасьпяховым спартоўцам сярод мужчынаў на чэмпіянаце сьвету з шасьцю мэдалямі, у тым ліку трыма ў асабістых спаборніцтвах[4]. Тым ня менш, пачатак чэмпіянату быў няўдалым, пераважна праз адсутнасьць практыкі ў студзені. Пасьля чэмпіянату Бё працягнуў добрыя выступы на Кубку сьвету, чым здабыў свой другі тытул.
На чэмпіянаце сьвету 2021 году ў Паклюке нарвэжац узяў золата ў зьмяшанай эстафэце. У пагоні ён быў толькі трэцім, а ў спранце і індывідуальнай гонцы застаўся без мэдалёў. Тым ня менш Кубак сьвету скарыўся спартоўцу ўжо трэці раз запар у тым сэзоне. На зімовых Алімпійскіх гульнях 2022 году ў Пэкіне Бё стаў самым пасьпяховым атлетам ва ўсіх відах спорту. Ён здабыў 4 залатыя мэдалі ў спрынце, масавым старце, эстафэце і зьмяшанай эстафэце ды ўзяў бронзавы мэдаль у індывідуальнай гонцы. Толькі ў гонцы перасьледу Бё чакала няўдача, бо сем разоў ня здолеў трапна пацэліць, адкаціўшыся на пятае месца і прагуляўшны чэмпіёну Кентэну Фіё-Мае больш за дзьве хвіліны.
На чэмпіянаце сьвету 2023 году, які ладзіўся ў Нямеччыне з 8 да 19 лютага, Яганэс Тынэс Бё здабыў сем мэдалёў, што да гэтага не рабіў аніводны біятляніст. У 2024 годзе як і ў папярэдні сэзон спартовец стаў пераможцам Кубка сьвету.